Навука і тэхналогіі11

Вывучэнне сноў: навукоўцы адкрываюць новыя каналы сувязі са спячымі людзьмі

У навукова-фантастычным фільме «Пачатак» герой Леанарда Дзі Капрыа слізгае ў чужыя сны і нават фармуе іх змест. А ў рэальнасці такое магчыма? Апошнія даследаванні паказваюць, што з людзьмі сапраўды можна ўзаемадзейнічаць у сне і нават камунікаваць з імі ў пэўныя ключавыя моманты.

Выява: vecteezy

Цяжкасці пры навуковым вывучэнні сноў

Даследаванні паказваюць, што мы запамінаем у сярэднім ад аднаго да трох сноў на тыдзень. Аднак не ўсе людзі аднолькавыя ў гэтым. Тыя, хто кажуць, што ніколі не бачаць сноў, складаюць ад 2,7 да 6,5% насельніцтва. Але ж нават з гэтых людзей многія могуць згадаць свае дзіцячыя сны. А вось доля людзей, якія кажуць, што ўвогуле ніколі ў жыцці не бачылі сноў, вельмі нізкая: 0,38%.

Ці памятаюць людзі свае сны, залежыць ад многіх фактараў, у прыватнасці, ад полу (жанчыны памятаюць свае сны часцей, чым мужчыны), цікавасці да сноў, а таксама спосабу збору сноў (некаторыя фіксуюць іх з дапамогай «дзённіка сноў» або дыктафона).

Асабістая і мімалётная прырода сноў робіць задачу іх фіксацыі для навукоўцаў складанай. Аднак у наш час, дзякуючы развіццю неўралогіі, можна класіфікаваць стан актыўнасці (няспання) чалавека, аналізуючы яго мазгавую дзейнасць, цягліцавы тонус і рухі вачэй. Такім чынам навукоўцы могуць дакладна вызначыць, ці сапраўды чалавек спіць і на якой стадыі сну ён знаходзіцца: пачатак сну, лёгкі павольны сон, глыбокі павольны сон ці сон з хуткімі рухамі вачэй (REM-сон).

Аднак гэтыя фізіялагічныя даныя не паказваюць, ці сніцца чалавеку сон (сны могуць адбывацца на ўсіх стадыях), не кажучы ўжо пра тое, што менавіта яму сніцца. Таму даследчыкі вымушаныя спадзявацца на апавяданне паддоследнага пасля абуджэння, без гарантыі, што гэта апісанне адпавядае таму, што сапраўды адбывалася ў галаве спячага.

Больш за тое, каб зразумець, што адбываецца ў мозгу падчас сну, трэба было б мець магчымасць параўноўваць мазгавую актыўнасць, калі чалавек бачыць сон, з мазгавой актыўнасцю, калі сны адсутнічаюць. Таму для навукоўцаў крытычна важна дакладна вызначыць, калі паддоследны сапраўды бачыць сон.

Ідэальнай для даследчыкаў была б магчымасць камунікацыі са спячымі. Скажаце, што гэта немажліва? Як сцвярджае The Conversation, не для ўсіх. Тут у гульню ўступаюць усвядомленыя снаведы.

Усвядомленыя сны

Большасць з нас разумее, што бачылі сон, толькі прачнуўшыся. Усвядомленыя снаведы маюць унікальную здольнасць заставацца ў курсе таго, што яны спяць, падчас REM-сну — на гэтай стадыі актыўнасць мозга бліжэйшая да фазы няспання, чым пры іншых фазах.

Што яшчэ больш дзіўна, усвядомленыя снаведы часам могуць часткова кантраляваць сюжэт свайго сну: лятаць, прымушаць людзей і рэчы з'яўляцца або знікаць, змяняць надвор'е або ператварацца ў жывёл. Карацей кажучы, магчымасці бязмежныя.

Такія ўсвядомленыя сны могуць з'яўляцца спантанна або быць выкліканымі спецыяльнай падрыхтоўкай. Пра існаванне ўсвядомленых сноў было вядома са старажытных часоў, але доўгі час яны лічыліся эзатэрычнымі і нявартымі навуковага даследавання.

Такія погляды змяніліся дзякуючы хітраму эксперыменту, пастаўленаму псіхолагам Кітам Хірнам і псіхафізіёлагам Стывенам Лабержэ ў 1980-х гадах. Даследчыкі вырашылі даказаць, што ўсвядомленыя снаведы сапраўды спалі — нават калі яны зразумелі і ўсвядомілі, што бачаць сон. Сыходзячы з факта, што ў часе REM-сну адбываюцца хуткія рухі вачэй (пры гэтым вочы спячага застаюцца заплюшчанымі), даследчыкі прасілі спячага адправіць «тэлеграму» са свайго сну ў навакольны свет.

Хірн і Лабержэ дамовіліся з удзельнікамі эксперыменту, што тыя павінны рабіць пэўныя рухі вачыма (напрыклад, тры разы пераводзіць погляд злева направа), як толькі яны ўсведамляюць, што бачаць сон. І пакуль яны аб'ектыўна знаходзіліся ў фазе хуткага REM-сну, усвядомленыя снаведы рабілі менавіта гэта.

Новы «камунікацыйны код» дазволіў даследчыкам выяўляць этапы сну ў рэальным часе. Гэтая праца праклала шлях для многіх даследчых праектаў, у якіх усвядомленыя снаведы выконвалі найскладанейшыя місіі (кшталту затрымкі дыхання ў сне) і камунікавалі з эксперыментатарам з дапамогай «вочнага кода».

У спалучэнні з сучаснымі метадамі візуалізацыі мозга гэта стала вялікім крокам наперад у пошуках лепшага разумення сноў і таго, як яны ўтвараюцца.

Ад выдумкі да рэальнасці: камунікацыя з чалавекам, які спіць

У новых эксперыментах даследчыкі пайшлі далей і задаліся пытаннем: ці можа спячы чалавек не толькі «дасылаць паведамленні», але таксама і атрымліваць іх? Іншымі словамі, ці можна размаўляць з усвядомленым снаведам? 

Каб высветліць гэта, даследчыкі падвяргалі паддоследнага тактыльным раздражняльнікам, калі той спаў, а таксама задавалі яму закрытыя пытанні, кшталту «Ці любіце вы шакалад?». Удзельнік эксперыменту мог адказаць усмешкай (гэта азначала «Так») ці мог нахмурыцца, каб адказаць «Не». Усвядомленым мройнікам таксама вусна задавалі простыя матэматычныя задачы.

Канешне, усвядомленыя снаведы далёка не заўсёды рэагавалі. Але той факт, што часам паддоследныя ўсё ж такі адказвалі на пытанні (18% выпадкаў у даследаванні), адкрыў канал сувязі паміж эксперыментатарамі і спячымі.

Усвядомленыя сны, вядома, застаюцца рэдкай з'явай, і нават здольныя да іх людзі не ўсведамляюць сябе ў сне ўвесь час. Таму навукоўцы вырашылі высветліць, ці быў камунікацыйны партал, які яны адкрылі, абмежаваны толькі фазай хуткага REM-сну.

Пашырэнне камунікацыйнага партала

Каб высветліць, ці можна аднолькава камунікаваць з любым спячым, незалежна ад фазы сну, даследчыкі правялі эксперыменты з добраахвотнікамі, якія не мелі досведу ўсвядомленых сноў, а таксама з людзьмі, якія пакутуюць наркалепсіяй (гэтае захворванне выклікае міжвольнае засынанне, сонны параліч і ранняе наступленне хуткай REM-фазы, што звязваюць з падвышанай схільнасцю да ўсвядомленых сноў).

Так, у адным з апошніх эксперыментаў даследчыкі казалі ўдзельнікам існуючыя словы (напрыклад, «піца») і выдуманыя словы (напрыклад, «дзіца») на ўсіх стадыях сну. Удзельнікаў прасілі ўсміхнуцца або нахмурыцца, каб паказаць, прыдумана слова ці не. Людзі з наркалепсіяй чакана былі ў стане рэагаваць, калі яны знаходзіліся ва ўсвядомленым сне падчас хуткай фазы.

Што было менш чакана і здзівіла навукоўцаў, — гэта тое, што абедзве групы ўдзельнікаў таксама змаглі рэагаваць на слоўныя раздражняльнікі на большасці стадый сну, нават пры адсутнасці ўсвядомленых сноў. Добраахвотнікі маглі рэагаваць час ад часу, быццам у пэўныя моманты часова адчыняліся «вокны сувязі» са знешнім светам.

Даследчыкі змаглі вызначыць нават стан мазгавой актыўнасці, які спрыяе гэтым момантам адкрытасці знешняму свету. Прааналізаваўшы гэтыя даныя, навукоўцы маглі прадказаць, адкажа ім паддоследны ці не.

Чаму існуюць гэтыя «вокны сувязі» са знешнім светам? Адна з гіпотэз сцвярджае, што наш мозг развіваўся ў кантэксце, калі падчас сну быў неабходны некаторы мінімум кагнітыўнай апрацоўкі. Можна ўявіць, напрыклад, што нашы продкі падчас сну павінны былі заставацца пільнымі да знешніх фактараў на выпадак набліжэння драпежніка. Вядома, што падобным чынам мозг маці падчас сну пераважна рэагуе на плач дзіцяці.

Вынікі эксперыментаў сведчаць пра тое, што цяпер можна «размаўляць» з любым спячым чалавекам, у якой бы фазе сну той ні знаходзіўся. А ўдасканальваючы мазгавыя маркеры, якія прадказваюць моманты сувязі са знешнім светам, павінна быць магчыма дадаткова аптымізаваць гэтыя пратаколы сувязі ў будучыні.

Гэта адкрывае шлях да дыялогу са спячымі ў рэжыме рэальнага часу, даючы навукоўцам магчымасць далей даследаваць таямніцы сноў. Але пакуль мяжа паміж навуковай фантастыкай і рэальнасцю становіцца ўсё танчэйшай, будзьце спакойныя: навукоўцы яшчэ далёкія ад таго, каб расшыфраваць вашы самыя смелыя сонныя фантазіі.

Каментары1

  • Жвір
    29.01.2024
    Навукоўцы могуць адкрываць якія заўгодна каналы сувязі з мозгам чалавека. Няхай патлумачаць, саму прыроду сноў і іхнае прызначэньне. Чаму яны збываюцца з шакуючай дакладнасьцю ? Хто мне іх паказвае, у такім выпадку, і навошта ?

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве18

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

Былога каліноўца, якога затрымалі ў В’етнаме, імгненна выдалі спецслужбам Лукашэнкі ФОТА56

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

Кіраўнік Пентагона патлумачыў, навошта ЗША перадаюць Украіне супрацьпяхотныя міны

Сілавікі на вучэннях адпрацоўвалі змаганне з чэргамі на выбарчых участках5

«Прэтэнзія не фармальная і не юрыдычная, гэта чыста этычная праблема». Аляксей Дзікавіцкі расказаў, як і чаму пайшоў з «Белсата»6

Гаворка пра магчымыя махінацыі на $1,7 мільёна: пракуратура Польшчы пракаментавала ператрус на «Белсаце»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве18

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →