Арменія афіцыйна папрасіла Расію вывесці сваіх памежнікаў з ерэванскага аэрапорта
Арменія накіравала ў Расію афіцыйны ліст па пытанні прысутнасці расійскіх памежнікаў у аэрапорце «Звартноц», заявіў сакратар Рады бяспекі Арменіі Армен Грыгаран. Паводле яго слоў, службу ў аэрапорце павінны несці армянскія памежныя войскі, паведамляе news.am.
«Арменія накіравала афіцыйны ліст у РФ з выразнай пазіцыяй. Мы праінфармавалі, што ў аэрапорце Звартноц павінны несці службу армянскія памежныя войскі», — заявіў Грыгаран.
У канцы лютага вывесці расійскіх памежнікаў з аэрапорта «Звартноц» заклікаў спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, аднак, заявіў, што Расію, маўляў, не інфармавалі пра гэтае рашэнне па афіцыйных каналах.
Расійскія памежнікі знаходзяцца ў Арменіі паводле пагаднення 1992 года. У памежнае ўпраўленне ФСБ Расіі ў Арменіі ўваходзяць чатыры атрады — у Гюмры, Армавіры, Арташаце і Мегры, а таксама кантрольна-прапускны пункт у аэрапорце «Звартноц».
Каментары