Праз атакі Украіны порт Пецярбурга перастаў адгружаць аміячную салетру. Яна выбухованебяспечная
Вялікі порт Санкт-Пецярбурга перастаў адгружаць аміячную салетру на фоне нападаў украінскіх беспілотнікаў. Аперацыі былі спыненыя ў лютым праз забарону ўладаў, якія запатрабавалі вынесці перавалку выбухованебяспечных угнаенняў за рысу горада, піша «Коммерсант». Для порта, які і так знаходзіцца ў няпростым становішчы з-за страты гандлю з Еўропай, гэта істотны ўдар.
Рашэнне па салетры прыняў губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў. Як сцвярджаюць крыніцы «Коммерсанта», ён пачаў баяцца дыверсіі з разбуральнымі для горада наступствамі пасля атакі беспілотнікаў на Пецярбургскі нафтавы тэрмінал у студзені.
У лютым РЖД для ўсіх грузаадпраўшчыкаў уводзіла абмежаванні на пагрузку аміячнай салетры і нітрату амонію з рухам да станцый Бронка, Аўтава, Новы Порт. Кампанія тлумачыла гэтае рашэнне «абставінамі, якія ўзніклі з-за абмежавання перавалкі грузу ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга».
Як адзначаюць крыніцы выдання, вытворцы,якія адгружаюць прадукцыю праз порт Санкт-Пецярбурга, шукаюць альтэрнатыўныя варыянты экспарту. Пры гэтым сітуацыя ўскладняецца тым, што ў Расіі не хапае партовых магутнасцяў для перавалкі ўгнаенняў. У сувязі з гэтым хімзаводы цяпер часткова працуюць «на склад».
Каментары