Сёння дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Чацвертыя народзіны, што сустракае мужная жанчына за кратамі
Апошні ліст ад Марыі Калеснікавай родныя атрымалі 14 месяцаў таму, 15 лютага 2023 года.
Марыя Калеснікава нарадзілася 24 красавіка 1982 года ў Мінску. Скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці флейтыст і дырыжор. З 17 гадоў выкладала флейту ў гімназіі ў Мінску. Грала на флейце ў Оперным тэатры, аркестры Фінберга, брала ўдзел у моладзевым нацыянальным руху.
У 2007 годзе Марыя Калеснікава пераехала ў Германію. Спачатку вучылася ў Вышэйшай школе музыкі ў Штутгарце, а пасля прымала ўдзел у канцэртах, займалася арганізацыяй міжнародных культурных праектаў як там, так і ў роднай краіне.
У 2017 годзе Белгазпрамбанк, старшынёй праўлення якога быў вядомы ў краіне банкір Віктар Бабарыка, купіў тры пустыя цэхі Мінскага станкабудаўнічага завода. Былыя завадскія памяшканні пераабсталявалі ў культурны хаб — ОК16. Месца мелася зрабіцца інкубатарам культурных праектаў і эканамічных інструментаў будучыні. Арт-дырэктарам праекта стала Марыя Калеснікава.
У маі 2020 г. далучылася да штаба Бабарыкі, які заявіў, што ідзе ў прэзідэнты, пасля арышту банкіра, фактычна стала тварам яго штаба, ездзіла са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала па рэгіёнах.
Марыя была выкрадзеная 7 верасня 2020 г. у Мінску і разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады, Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым, гвалтоўна прывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу для выдварэння з краіны. Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава вярнулася ў Беларусь.
21 снежня стала вядома, што згодна з даручэннем Генпракуратуры Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Таксама Марыя Калеснікава стала фігуранткай крымінальнай справы аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (арт. 361-1 КК), таксама распачатай супраць Каардынацыйнай рады.
6 верасня 2021 года — яе судзілі разам з юрыстам Максімам Знакам — асуджаная на 11 гадоў калоніі. Пакаранне адбывае ў Гомельскай калоніі.
У канцы лістапада 2023 года Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі. Ёй правялі экстраную аперацыю, выявілі прабадную язву, якая ўскладнілася перытанітам. Пасля бальніцы ў хуткім часе Марыю перавялі назад у калонію, у медыка-санітарную частку. Там ёй дазволілі сустрэцца з бацькам. З таго часу родныя не бачылі Марыю, не атрымлівалі лістоў і тэлефанаванняў.
Апошні ліст ад Марыі Калеснікавай родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. З таго часу блізкія не маюць пра яе аніякай інфармацыі. Мяркуецца, што Марыя знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.
Яе не водзяць на працу, яна год ізаляваная ў адзіночнай камеры. Іншыя зняволеныя жанчыны, трапляючы ў ШІЗА, чулі яе голас, калі яна была там і казала ахоўнікам пра тое, што адчувае сябе блага.
Каментары