Жанчына, якая стала прататыпам сталкершы з «Аленяняці», прыстрашыла судом галоўнаму герою
Яна прызнала, што была знаёмая з Рычардам Гэдам, але адмаўляе, што напісала яму тысячы лістоў.
Жанчына па імені Фіёна Харві, якая стала прататыпам сталкершы ў серыяле «Аленяня» Рычарда Гэда, заснаваным на гісторыі з яго асабістай біяграфіі, дала вялікае інтэрв'ю брытанскаму тэлевядоўцу Пірсу Моргану. У ім яна адкінула абвінавачванні ў пераследзе Гэда і паабяцала падаць у суд на яго і на кампанію Netflix, піша «Медуза».
Жанчына дала інтэрв'ю пасля таго, як прыхільнікі «Аленяняці» паспрабавалі вылічыць сталкершу, якая пераследвала Гэда ў рэальнасці, і прыйшлі да высновы, што гэта Харві. Сам Гэд раней запэўніваў, што змяніў у серыяле дэталі біяграфіі сваёй пераследніцы, каб яе не пазналі.
У інтэрв'ю Харві заявіла, што не глядзела серыял, але выказала ўпэўненасць, што гераіня «Аленяняці» — гэта яна. Жанчына распавяла, што яшчэ некалькі гадоў таму бачыла фрагменты аднайменнага спектакля Гэда і ўжо тады зразумела, што гаворка пра яе.
Свой вобраз у серыяле Харві назвала «паклёпам» і абвінаваціла Рычарда Гэда і Netflix у хлусні. «Яны заявілі гэта як рэальную гісторыю, але гэта няпраўда», — сказала Харві і дадала, што збіраецца падаць у суд на коміка і стрымінгавы сэрвіс.
Харві заявіла, што не пераследвала Гэда, не пісала яму «дзясяткі тысяч імэйлаў і сотню лістоў», а на пытанне вядучага пра тое, хто ж тады адправіў усе гэтыя паведамленні, яна адказала: «Можа, ён сам іх выдумаў. Без паняцця». «Я думаю, у яго расстройства псіхікі», — сказала яна пра рэжысёра.
Вядоўца Пірс Морган некалькі разоў падчас гутаркі вяртаўся да лістоў, і Харві ўрэшце прызнала, што «магла напісаць некалькі імэйлаў і адзін ліст ад рукі», — але падкрэсліла, што да астатніх не мае дачынення. Яна таксама распавяла, што для зносін з рознымі людзьмі выкарыстоўвае чатыры тэлефоны.
Пры гэтым Харві пацвердзіла, што сапраўды пазнаёмілася з комікам у лонданскім пабе the Hawley Arms і што жартам назвала яго «аленянём», пасля таго як ён пастрыгся налыса
Рычард Гэд і Netflix пакуль не каментавалі заявы Фіёны Харві.
***
Серыял «Аленяня» выйшаў на Netflix у пачатку красавіка і складаецца з сямі эпізодаў. Гэта фільм пра коміка-няўдачніка і жанчыну, якая яго пераследуе. Серыял аказаўся ў топе Netflix і атрымаў 97% ухвалення крытыкаў на агрэгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes. У аснове ляжыць рэальная гісторыя Рычарда Гэда.
Каментары