І цэлы шэраг дакументальных фільмаў.
«Беларусьфільм» у год 100-годдзя беларускага кіно пакажа цэлы шэраг дакументальных фільмаў.
Адна са стужак будзе прысвечана паралімпійцу Аляксею Талаю. Як распавяла начальнік аддзела па кінематаграфіі Мінкульта Ірына Дрыга, у фільме пад назвай «Фенікс Аляксея Талая» пакажуць «гісторыю яго пераадолення і поспеху», піша Sputnik.
Аляксей Талай пазбавіўся рук і ног у 16 гадоў з-за выбуху снарада часоў Другой сусветнай. Ён стаў плыўцом-паралімпійцам, а пасля 2020 года — праўладным і прарасійскім актывістам.
Фонд Талая ў тым ліку займаецца вывазам дзяцей, у тым ліку сірот, з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў беларускія санаторыі. Паколькі дазволаў з боку ўкраінскіх уладаў фонд не атрымлівае, дзеянні Талая разглядаюцца ва Украіне як злачынства, за якое яму пагражае тэрмін аж да пажыццёвага.
Акрамя кіно пра Талая, «Беларусьфільм» пакажа стужкі пра Еўфрасінню Полацкую і яе манастыры, легендарнага барца Аляксандра Мядзведзя, а таксама фільм, прысвечаны школе і настаўнікам. Да канца года плануецца прэм'ера мастацкай карціны «Чорны замак» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча.
Усяго кінастудыя за год плануе выпусціць 25 фільмаў.
Каментары