У Нацыянальнай бібліятэцы ідзе выстава старадрукаў Дома Мамонічаў
З 3 чэрвеня ў музеі кнігі ідзе выстава, прымеркаваная да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў — аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў XVI — пачатку XVIII стагоддзяў.
На выставе прадстаўлены старадрукі Дома Мамонічаў канца XVI — пачатку XVIII ст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод экспанатаў — першае выданне тыпаграфіі, сапраўдны шэдэўр кнігадрукавання XVI ст. — Евангелле (1575), надрукаванае Пятром Мсціслаўцам, Псалтыр (1576), больш вядомы як «Псалтыр з чырвонымі кропкамі», Апостал (1595), Евангелле (без сігнатур) (1600), а таксама такія выданні пачатку XVII ст., як Трыёдзь кветная (1609), перавыданне Статута Вялікага Княства Літоўскага (1619) і Трыбунал (1623).
«Дом Мамонічаў» — найбуйнейшая прыватная друкарня, што праіснавала амаль паўстагоддзя і стала другой пасля тыпаграфіі Францыска Скарыны, арганізаванай у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні. Браты Мамонічы дамагліся афіцыйнага прызнання, тройчы атрымлівалі каралеўскія прывілеі на права выпуску царкоўна-рэлігійных, свецкіх і юрыдычных выданняў. Яны першымі ў беларускім кнігадрукаванні пачалі выпускаць зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару.
Друкарня ўлічвала запатрабаванні і культурныя традыцыі розных пластоў насельніцтва. Большая частка выданняў XVI ст. прызначалася на патрэбы праваслаўных брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства.
Экспазіцыя будзе працаваць у музеі кнігі па 30 чэрвеня 2024 г.
Дата завяршэння экспанавання можа быць зменена.
Уваход — па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час працы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Каментары