«Людзі хочуць літаратуры пра сябе, і вельмі важна, каб пісьменнікі на гэта рэагавалі». Выдавец Янушкевіч расказаў пра поспехі і праблемы свайго бізнэсу
Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч працуе выключна з беларускамоўнай кнігай. Цяпер кнігі ягонага выдавецтва можна набыць у варшаўскай краме «Кнігаўка». Які попыт існуе на такія кнігі сярод беларусаў, высвятляла Deutsche Welle.
У лютым у Варшаве запрацавала кнігарня з беларускімі кнігамі. «Кнігаўку» выдавец Андрэй Янушкевіч адкрыў яшчэ ў 2022 годзе ў Мінску, але тады крама прапрацавала адзін дзень, бо сілавікі зладзілі ў ёй ператрус, а Андрэя разам з супрацоўніцай кнігарні затрымалі.
Цяпер «Кнігаўка» ўзнікла ў горадзе з хіба што найбольшай цяпер беларускай дыяспарай, але ці можа беларускі чытач забяспечыць яе працу? Пра гэта гаворыць сам Андрэй Янушкевіч.
«Замоў стала так шмат»
«Кнігаўка» месціцца ў варшаўскім раёне Прага за 15 хвілін пешшу ад цэнтру горада. Паводле Андрэя Янушкевіча, тут можна знайсці пад 200 найменняў кніг. Усе яны выдадзеныя цягам апошніх трох-чатырох гадоў беларускімі выдавецтвамі замежжа — перадусім «Янушкевіч», але таксама Gutenberg Publisher, «Вясна», «Мяне няма», «Камунікат», «Пфляўмбаўм», «Скарына» ды іншымі.
«Кнігарня стала натуральным вынікам развіцця нашага выдавецтва і росту аўдыторыі беларускіх кніг, — кажа Андрэй. — Груба кажучы, нам сталі цесныя штонікі. Я доўгі час працаваў праз анлайн-гандаль са сваёй кватэры, але замоваў стала так шмат, што нам спатрэбіліся дадатковыя працоўныя рукі і памяшканне, каб захоўваць і пакаваць кнігі. І мы паставілі задачу максімум — не склад, не офіс, а кнігарня».
У адкрытай яшчэ ў 2023 годзе інтэрнэт-краме «Кнігаўка» за апошнія паўгода з’явілася 650 новых кліентаў. Выдавец звязвае гэта са з’яўленнем стацыянарнай крамы:
«Даследаванні паказваюць, што такія аб’екты дапамагаюць «адкрыццю» кнігі і яе большай распазнавальнасці. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што крама сябе акупляе. Тое, што мы пайшлі на рызыку і дадатковыя выдаткі, дае прыбытак — фінансавы і аўдыторны».
Андрэй Янушкевіч лічыць, што крама павялічвае аўдыторыю беларускай кнігі агулам, да таго ж з’яўляецца «рэпрэзентацыйным пунктам для азнаямлення з сучасным станам беларускага кніжнага рынку». Ад продажу кніг іншых выдавецтваў «Кнігаўка» забірае 30 адсоткаў, а выдавецтвы ў сваю чаргу атрымліваюць дадатковы пункт для продажу свайго прадукту.
Ледзь не абвясцілі пра спыненне выданняў
Ад моманту адкрыцця кнігарня прадала каля паўтары тысячы беларускіх кніг амаль на 80 тысяч злотых (каля 19 тысяч еўра). Прыкладна столькі ж выдавецтва «Янушкевіч» прадало праз маркетплэйс Allegro.
«Ты павінен адкрываць краму толькі ў выпадку, калі можаш авалодаць выдаткамі, а яны немалыя, — кажа выдавец. — Мы доўга шукалі невялікае, камернае месца, цудоўна разумеючы, колькі ў нашым асартыменце кніг і колькі іх на кніжным рынку агулам. З невялікім памяшканнем, а значыць прымальнай арэндай, мы даем рады».
Андрэй Янушкевіч. Фота Андрэя Радамана
Андрэй кажа, што хаця вонкава ўсё выглядае класна, ён вымушаны ўвесь час пераадольваць шматлікія бар’еры:
«Зараз мы сутыкнуліся з праблемай росту, бо павінны пастаянна выдаваць новыя кнігі, калі хочам, каб продажы не спыняліся. А выданне кнігі — гэта вялікія адначасовыя выдаткі. Ты плаціш адразу за 1000 экзэмпляраў накладу, але за месяц прадасі 50, добра, калі 100 штук. Гэты бег чарапахі працягваецца пастаянна, мы даганяем свае выдаткі».
Нягледзячы на рост продажаў, пакуль што выдавецтва прадае недастаткова кніг, каб адчуваць сябе ўпэўнена. З месяц таму Янушкевіч ледзь не абвясціў пра часовае прыпыненне новых выданняў, але прыватная падтрымка дазволіла працягнуць працу над новымі кнігамі.
«Мы прыцягваем сродкі прыватных інвестараў, і мяне вельмі радуе, што нам давяраюць. Спарадычна таксама атрымліваем сродкі ад замежных пляцовак на выданне канкрэтных кніг, звычайна гэтыя сумы пакрываюць 30-40 працэнтаў выдаткаў. Але ўсё гэта разавая дапамога. Толькі калі нашыя даходы ўжо не будуць разбягаюцца з выдаткамі, можна будзе казаць, што беларуская кніжная прастора функцыянуе ў рынкавых умовах».
Выдавецтва мусіла «сцішыць свае апетыты» што да аўтарскіх правоў на пераклады.
«Гэта нятаннае задавальненне, тым больш я не люблю таргавацца, ведаючы стаўкі ў свеце, — працягвае Андрэй Янушкевіч. — Гэта тысячы еўра, цяпер мы мала на што можам набыць аўтарскія правы і вымушаныя чакаць рэсурсаў ад продажаў. А беларускія кнігі прадаюцца павольна. Калі ты выдаў 1000 экзэмпляраў і за год прадаў 300-500 экзэмпляраў, — гэта поспех».
Бракуе кніг пра падзеі 2020 года
У выдавецтва «Янушкевіч» найбольшым попытам карыстаюцца пераклады Джона Толкіна і Анджэя Сапкоўскага.
«Гэта даволі свежыя выданні, людзі іх яшчэ не раскупілі і імёны ўсё-такі сусветна вядомыя, — тлумачыць Андрэй. — А потым, што прыемна, ідуць беларускія кнігі».
На трэцім месцы паводле папулярнасці — Ева Вежнавец з «Па што ідзеш, воўча», на чацвёртым — «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, на пятым — яго ж «Капітан Лятучая Рыба», на шостым — «Час пустазелля» Ганны Янкуты.
«Два гады таму я заўважыў, што чытачы сталі нашмат лепш купляць арыгінальную беларускую літаратуру, чым пераклады, — расказвае выдавец. — Асабліва купляюць кнігі, якія датычаць сучаснага жыцця, падзей апошніх некалькіх гадоў. Людзі хочуць літаратуры пра сябе, і вельмі важна, каб пісьменнікі на гэта рэагавалі».
За апошні месяц, як прызнаецца выдавец, ён атрымаў адзін або два рукапісы, і абодва на расейскай мове:
«Рукапісы не на беларускай мове я не разглядаю. Мы ўсё-такі абапіраемся на беларускую кнігу, літаратура на расейскай мове павінна выдавацца ў іншых выдавецкіх цэнтрах».
Выдавец прызнаецца, што ўжо «даўно не бачыў закідвання сваёй пошты рукапісамі», і дадае, што гэтая праблема была і да 2020 года.
«У пісьменніцкую прафесію ідуць слаба, бо наш кніжны рынак не можа задаволіць пісьменнікаў ні матэрыяльна, ні публічным прызнаннем. Да таго ж мы прывыклі да сацыялізму, калі ганарары плацяцца за наклады, а не за продажы, а наклады робяцца за дзяржаўны кошт. Таму мы вельмі доўга запрагаем, і актуальнасць тэм сыходзіць у нябыт. Кнігі з рэакцыяй на падзеі 2020 года і пазнейшыя працэсы я магу пералічыць на пальцах адной рукі. Чатыры гады прайшло, ужо можна было 100 кніг напісаць, але мы не прывыклі хутка рэагаваць і жыць у рынкавых умовах».
Цяпер выдавецтва рыхтуе да выхаду сучасны моладзевы раман маладога пісьменніка. На пытанне, ці ёсць у беларускага кніжнага рынку за мяжой будучыня, Андрэй Янушкевіч смяецца і кажа, што «няма куды падзецца з падводнай лодкі». Дадае, праўда, што без бюджэтаў на рэкламу можна хутка ўперціся ў столь.
«Я не чакаю ідэальных умоў, іх не будзе, проста хочацца рабіць прадукт лепшы за іншыя, і людзі натуральным чынам будуць да яго цягнуцца», — падсумоўвае Андрэй Янушкевіч.
Кніжная справа, паводле яго, з’яўляецца індыкатарам таго, што адбываецца ў грамадстве: калі яна будзе развівацца, значыць, ёсць шанец і ў нацыі.
Брытанцы не дазволілі выдаць «Гары Потэра» па-беларуску
Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала правы на выданне чатырох найважнейшых зборнікаў Хорхе Луіса Борхеса
Кінг занадта любіць сваіх герояў, каб штосьці скарачаць
«Капітан Лятучая Рыба» — гэта напраўду новы Бахарэвіч: гарэзлівы і вельмі friendly (нарэшце!) да чытача
«А гаўнюкі будуць заўсёды». Працяг сагі Сапкоўскага выйшаў у бліскучым беларускім перакладзе
«Перасталі быць качэўнікамі і аселі на зямлі». Выдавец Янушкевіч прэзентаваў новую кнігарню і расказаў пра перспектывы бізнэсу
Каментары