«А гаўнюкі будуць заўсёды». Працяг сагі Сапкоўскага выйшаў у бліскучым беларускім перакладзе
Тое, за што любяць Анджэя Сапкоўскага — гумар і дыялогі. Гумар, трэба адзначыць, даволі брутальны. Усё гэта бліскуча адаптавана па-беларуску. Папярэдняя частка сагі выходзіла ў Мінску ў 2021 годзе. Цяпер, амаль праз тры гады, выйшла чацвёртая кніга, расказвае Зося Лугавая.
Беларускі чытач дачакаў працягу сагі Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта з Рывіі. Папярэдняя частка выходзіла ў Мінску ў 2021 годзе. Цяпер, амаль праз тры гады, чацвёртая кніга выйшла ў Польшы. І няхай вас не здзіўляе «З» на карэньчыку новага тому: гэты не лічба, гэта — літара. Чацвёртая літара ў слове «вядзьмар».
Я з тых, хто чытае сагу Сапкоўскага ўпершыню і цярпліва чакае кожную наступную кнігу па-беларуску, не звяртаючыся да іншых перакладаў. Невядомасць і клопат пра лёс Геральта мучаць усё больш, але я пакуль трымаюся, бо мне надзвычай падабаецца беларускі пераклад.
Калі вы не чыталі сагі, то раскажу, што вядзьмар Геральт займаецца даволі архаічнай справай нават для свайго сусвету — знішчае пачвар.
Іх у тым свеце застаецца не шмат, але часам яны моцна псуюць людзям жыццё: руйнуюць жытло, губяць ураджай, перашкаджаюць падарожжам, забіваюць дзяцей і дарослых. Геральт умее па-майстэрску знішчаць небяспечных істот дзякуючы вядзьмарскім звышздольнасцям: у яго абвостраны слых, зрок, надзвычайная сіла і хуткасць рухаў. Тым ён і зарабляе сабе на жыццё. Але жыццё ў дадатак да пачвар увесь час падкідвае ведзьмару і больш складаныя задачы. Напрыклад, ублытвае ў дзяржаўныя і чарадзейскія інтрыгі.
Чацвёртая частка цыкла называецца «Час ганьбы», і пра ганьбу тут кажуць многія героі, бо свет знаходзіцца напярэдадні вайны. Вялікай вайны, у якую будуць уцягнуты ўсе жыхары сусвету — чарадзейкі і чарадзеі, эльфы і дрыяды, людзі і красналюды ды іншыя істоты.
Падзеі разгортваюцца вакол вялікага чарадзейскага сходу на востраве Танэд, падчас якога выходзіць на паверхню змова адных чарадзеяў супраць другіх. Але тое датычыць не толькі чарадзейскага свету: большасць чарадзеяў — дарадцы і шпегі ўладароў дзяржаў. Частка чарадзеяў, як і каралі, якім яны слугуюць, намагаюцца заставацца нейтральнымі, таму папросту кідаюць сваіх сяброў ды сябровак параненымі і бягуць з вострава. Пазней Геральт адзначыць, што «нейтральнасць звычайна роўная подласці», і будзе мець рацыю.
Вядзьмар напачатку таксама намагаецца быць нейтральным, аднак — не выпадае. Бо, па-першае, ён мае заблытаныя рамантычныя адносіны з чарадзейкай Енэфер. Па-другое — апекуецца Цыры, апошняй галінкай на дрэве магутнага каралеўскага роду, якую шукаюць уладары іншых дзяржаў, каб выкарыстаць у сваіх мэтах. Па-трэцяе і самае галоўнае: Геральт мае прынцыпы.
«Але гісторыя свету пайшла так, як пайшла, — і адзінай прычынай гэтага была наяўнасць у ведзьмара прынцыпаў. Прачнуўшыся на світанку па патрэбе, ён не зрабіў таго, што зрабіў бы кожны: не пайшоў на балкон і не памачыўся ў гаршчок з настурцыямі. Прынцыпы ў яго былі».
Што далей? Чарадзеі пасля ночы балявання пачынаюць выкрываць і знішчаць адно аднаго, а Геральт, намагаючыся ўратаваць Цыры і знайсці Енэфер, вымушаны біцца з наймагутнейшым чарадзеем Вільгефорцам. У выніку вядзьмар моцна паранены і хаваецца ў Бракілоне, межы якога дрыяды вельмі пільна сцерагуць, забіваючы прыхадняў без папярэджання. Тым часам абрысы дзяржаў імкліва змяняюцца і ўсё больш краін трапляюць пад уплыў паўднёвага Нільфгаарда.
Шмат што ў свеце Геральта нагадала мне наш цяперашні: агрэсія з боку аўтарытарнага Нільфгаарда правакуе больш траваедныя дзяржавы парушаць папярэднія дамоўленасці і парадкі. У час ганьбы становіцца «не да законаў».
Вось, напрыклад, як абмяркоўваюць жаўнеры загад заняць частку тэрыторыі суседняга каралеўства: «Прывычнай вайной гэта, хлопцы, не будзе. Вяльможныя нейкую дурату навамодную выдумалі. Вызваленне нейкае ці нешта такое. Не ворага ідзём біць, а на гэтыя… ну, землі нашыя спрадвечныя, з гэтай, як яе, братняй помаччу».
Апошняя чвэрць кнігі прысвечана 14-гадовай Цыры, гісторыя якой пачынаецца ў папярэдніх кнігах цыклу.
Пэўны час Цыры была ў навучанні ў Геральта і паспела даведацца сёе-тое з вядзьмарскага майстэрства. Але паступова ў дзяўчынкі сталі праяўляцца і чарадзейскія здольнасці, таму клопат пра яе вядзьмар даручыў чарадзейцы Енэфер.
Цяпер, трапіўшы ў самы эпіцэнтр чарадзейскага супрацьстаяння, Цыры ратуецца ў пячоры, якая ёсць старым тэлепортам. Праз яго дзяўчына трапляе ў пустыню, дзе ледзь не памірае, а потым далучаецца да банды маладзёнаў, што называюць сябе Пацукамі.
Гэта сапраўдныя дзеці вайны: адзін быў кінуты паранены, другая была далікатнай паненкай, якую згвалтавалі, трэці бачыў, як забілі яго сям’ю. Усе яны самотныя, злыя і поўныя пагарды. Вядзьмарская навука біцца нарэшце прыдасца Цыры, але акрамя таго, каб бараніць сябе ад ворагаў, ёй давядзецца бараніць сваю цнатлівасць ад новых прыяцеляў.
Тое, за што любяць Сапкоўскага (і я ўжо таксама паспела палюбіць) — гумар і дыялогі. Гумар, трэба адзначыць, даволі брутальны, аздоблены сакавітай лаянкай. Усё гэта бліскуча адаптавана па-беларуску: Кацярына Маціеўская ўвогуле выдатная перакладчыца, а за пераклад першай часткі «Ведзьмара» яна да таго ж атрымала прэмію Шэрмана ў 2020-м годзе.
— Ты вядзьмар састарэлы, а я — сучасны, іду ў нагу з прагрэсам. Таму ты хутка застанешся без працы, а я буду квітнець. Стрыгі, віверны, эндрыягі і ваўкалакі неўзабаве знікнуць са свету. А гаўнюкі будуць заўсёды.
— Але ж ты ў асноўным ратуеш ад клопату менавіта гаўнюкоў, Кодрынгер. Беднякі з праблемамі не могуць сабе дазволіць тваіх паслуг.
— Тваіх таксама не могуць. Беднякі не могуць сабе дазволіць нічога, таму яны і беднякі.
Самы яркі фрагмент чацвёртай кнігі — чарадзейскі баль напярэдадні руйнавання свету. Гэты раздзел — проста россып з’едлівых і фрывольных дыялогаў, якія хочацца перачытваць па некалькі разоў.
— Баіцца, што мы яго ў яе сапром, — захіхікала рудая, — хай сабе і толькі на адну ноч. Што скажаш, Сабрына? Паспрабуем? Мужык прывабны, не тое што нашыя дрышчы самазадаволеныя з іх комплексамі і прэтэнзіямі.
— Цішэй ты, — прашыпела Сабрына. — …Енэфер сочыць за намі. Трымай стыль. Хочаш яго спакусіць? Гэта безгустоўна.
— Гм, твая праўда, — згадзілася Марці, трохі падумаўшы. — А калі б ён сам раптам падышоў і прапанаваў?
— Калі б прапанаваў, я б дала не задумваючыся, хоць на гальцы.
— А я, — захіхікала Марці, — нават на вожыку.
* * *
Анджэй Сапкоўскі. Вядзьмар. Час ганьбы. — Янушкевіч, 2024. Пераклад з польскай мовы Кацярыны Маціеўскай
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары