Культура11

Беларуска апісала і сістэматызавала больш за 2 тысячы запісаў пра сны

Беларуска, этнограф і пісьменніца Аліна Высоцкая сабрала і сістэматызавала 2153 аўтэнтычныя запісы пра сны беларусаў. Яна выдала кнігу «Беларускі народны соннік».

Фота: Getty Images

Кніга «Беларускі народны соньнік» аўтарства Аліны Высоцкай выйшла ў выдавецтве «Гутэнбэрг». Матэрыял зьбіраўся доўгія гады, большая яго частка — запісы з палявых экспэдыцый у Беларусі. Гэта тлумачэньні сноў, апісаньне варажбы, перасьцярогі і парады, спосабы «закладаньня» на сон, піша Радыё Свабода.

Сны — люстэрка рэчаіснасьці, часта несправядлівай і жахлівай

Працу над соньнікам Аліна пачала яшчэ ў 2008 годзе, калі вучылася ў Полацку і езьдзіла ў этнаграфічныя экспэдыцыі. Потым яна трапіла ў асьпірантуру Акадэміі навук, але ў 2018 годзе пераехала ў ЗША. Менавіта там Аліна скончыла працу над соньнікам і падрыхтавала кнігу.

«Калектыў выдавецтва — гэта беларусы, і яны любяць сваю справу, у іх добра ўсё атрымалася. Шкада, канечне, што продажы ў Беларусі не такія шырокія, як хацелася б. Я спадзяюся, што кніга знаходзіць свайго чытача, бо беларусаў многа па сьвеце, і кніга трапляе да іх пры жаданьні»,— кажа этнографка.

У «Соньнік» уключаныя матэрыялы, сабраныя ва ўсіх абласьцях Беларусі, у многіх раёнах. Этнографка расказала Свабодзе, адкуль бярэ пачатак тлумачэньне сноў і што спрадвеку ў ім не зьмяняецца.

Калі Аліна Высоцкая пачынала пісаць кнігу, то выкарыстоўвала такія клішэ, як, напрыклад, «мудрасьць нашых продкаў».

«Але дзесяць гадоў таму я думала: «Ну якая гэта мудрасьць? Ладна, у казках — там хвальба працавітасьці, сяброўства, подзьвігі. Казкі мудрыя, яны «мы за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага». У снах жа сюжэты часта вельмі жахлівыя. Напрыклад, няхрышчаныя дзеці, якія памерлі і ізаляваныя ад астатніх і плачуць па цёмных кутах. Якая тут справядлівасьць, якая тут мудрасьць? — разважае этнографка. — Прайшоў час, і мне гэта не падаецца вельмі дзіўным. Бо, я думаю, гэта люстэрка рэчаіснасьці. Сапраўды, сьвет вельмі неідэальны і несправядлівы».

Аліна Высоцкая

Аліна зазначыла, што кніга мае адну частку — забаўляльную, другая ж частка — «цяжкая, філязофская».

У літоўцаў, латышоў убачыць у сьне рыбу — таксама да цяжарнасьці

У працэсе працы этнографка зьвярталася да досьведу нашых суседзяў — літоўцаў, палякаў, латышоў, расейцаў і ўкраінцаў. Дасьледчыца прыйшла да высновы, што беларусы ў пляне сымболікі сноў добра ўпісваюцца ў агульнаэўрапейскую карціну. Нашы суседзі — палякі, украінцы, расейцы — маюць навуковыя працы пра сны, у Беларусі амаль не было ніякіх тэарэтычных матэрыялаў. Этнографка кажа, што ў беларусаў з суседзямі па мапе мэханізмы інтэрпрэтацыі сноў працуюць падобна. Але досьвед суседзяў яна выкарыстала, толькі каб знайсьці падабенства ці адрозьненьне. Аліна лічыць: «У нас атрымаўся цалкам свой, клясны соньнік».

Дасьледчыца прыводзіць прыклад: убачыць у сьне рыбу — да цяжарнасьці. І гэта ня толькі беларускае тлумачэньне такога сну.

«На першы погляд выглядае незразумела, але нават Літва, Латвія — у іх таксама працуе гэтае тлумачэньне, і там дасьледчыкі зьвярталі ўвагу, што ў латыскай мове ёсьць моўнае падабенства ў назьве эмбрыёна і рыб», — зьвяртае ўвагу аўтарка кнігі.

Аліна Высоцкая расказвае, што падабенства эмбрыёна да рыбы падкрэсьліваецца ў самых розных культурах. Ёсьць сюжэты ў казках народаў сьвету, калі героя глытае нейкая марская пачвара і потым вяртае ў гэты сьвет. Гэта алюзія на тое, што герой памірае і нараджаецца ў нейкай новай якасьці. У Бібліі ёсьць падобны сюжэт, калі прарок Ёна атрымаў ад Бога наказ ісьці прапаведаваць, але ён не хацеў, і яго праглынула рыба-кіт. Потым ён каецца, памірае ў сваім былым усьведамленьні і нараджаецца больш веруючым з гатоўнасьцю ісьці прапаведаваць.

Убачыць у сьне нябожчыка — практычна заўсёды дрэнны знак

У беларусаў самае «лёгкае» тлумачэньне, калі сьніцца нябожчык, — гэта на зьмену надвор’я. Этнографка кажа, што ў прынцыпе ўбачыць у сьне нябожчыка — дрэнны знак.

«Калі я падпісвала чытачам соньнік, то раней пісала: «Добрых, салодкіх сноў». Але атрымлівала водгукі, што пакуль людзі чытаюць соньнік, у іх няма сну ад страшных гісторый, апісаных там. Сапраўды, напэўна, самы часты сюжэт, які ёсьць у соньніку, — пра сустрэчы з памерлымі, пра той сьвет», — тлумачыць Аліна.

Калі ты пабачыў памерлага чалавека ў сьне — ты маеш судакрананьне зь іншым сьветам. Этнографка кажа, што ёсьць пэўныя правілы паводзінаў, і людзі вельмі добра інтуітыўна іх разумеюць і прытрымліваюцца. Гэта такія правілы, як — не кранацца нябожчыкаў, не сядаць зь імі есьці. Калі ж у сьне чалавек сеў зь імі есьці за адным сталом — то, паводле тлумачэньня сноў, для яго гэта вельмі дрэнны знак.

Аліна зьвяртае ўвагу, што ўсё, што кажа і робіць у сьне нябожчык, вельмі важна, да кожнай дэталі трэба прыглядацца, і нават зьнешні выгляд памерлага чалавека можа мець нейкае тлумачэньне. Калі ён выглядае шчасьлівым, у добрым стане, то гэта заспакаяльны знак. Сон з нябожчыкам можа выступаць часткай разьвітаньня і часткай пасьмяротнай біяграфіі. Такі сон патрабуецца, каб пацьвердзіць, што ўсё добра, блізкія па ягонай сьмерці ўсё зрабілі правільна.

Калі чалавек сьніць нябожчыка, які «ў вельмі дрэнным стане, скажам, у вадзе, у абадраным адзеньні, ці ён маўклівы, ці выконвае цяжкую невыносную працу, ён не выказвае эмоцый, не размаўляе, мае недахоп у ежы», — гэта сыгнал нешта зрабіць.

«Хтосьці ідзе ў царкву, хтосьці ідзе на могілкі, бо нешта там павалілася ці ня зроблена, і гэта выпраўляецца. Ці калі чалавек забыўся пра памінкі, нябожчык яму нагадае ў сьне. З аповедаў людзей выяўляецца, што зносіны чалавека з тым сьветам — інтэрактыўныя: «стымул-рэакцыя», — тлумачыць этнографка. — Лічу, што як бы ні было страшна, але гэта клясны паказчык моцных псыхалягічных сямейных сувязяў у беларусаў нават у параўнаньні зь іншымі народамі. У нас моцная сувязь з продкамі, яна носіць фундамэнтальны характар».

«Выходзіць замуж — да сьмерці, насіць чорнае — таксама дрэнны знак»

Дасьледчыца цытуе адзін са сноў, запісаных этнографамі ў палявых экспэдыцыях.

«Іду на Зарэчча, там нашы магілкі, і адна жанчына, якая нядаўна памерла, мне з-за куста: «Ідзі сюды». Я давай прасіцца: «Цёця Ніна, не чапайце мяне, у мяне малое дзіця». «Цікава, што дзяўчына вельмі добра інтуітыўна разумее, што да чаго, яна добра арыентуецца і разумее, што ня варта заходзіць на могілкі — паселішча мёртвых. Таму яна нават спрабуе дамовіцца, апэлюе да такога самага моцнага пачуцьця, што малому дзіцяці трэба маці. Яна нібы дамаўляецца з тым сьветам», — тлумачыць аўтарка кнігі.

Паводле Аліны, дрэнны знак для чалавека — бачыць у снах людзей у чорным ці белым адзеньні, выходзіць замуж.

Гэта, па словах Аліны, часты вобраз ня толькі ў беларускіх соньніках, але і ў сусьветных. Бо, зноў жа як з паглынаньнем марской пачварай, гэта фэномэн ініцыяцыі. Дзяўчына, напрыклад выходзіць замуж — гэта значыць, што яна як бы памірае ў статусе дзяўчыны і нараджаецца ў статусе замужняй жанчыны.

Дрэнна бачыць у сьне і царкву.

«Таму што чалавек сустракаецца з царквой у самыя важныя моманты жыцьця — пры нараджэньні, вясельлі, пры пахаваньні, таму так гэты вобраз і счытваецца, як нядобры знак», — кажа Аліна.

Прадухіліць наступствы дрэнных сноў? Ніводная магічная практыка ня дасьць 100% выніку

У соньніку ёсьць невялікі разьдзел пра перасьцярогі, табу і парады. Апісаныя некаторыя магічныя практыкі, якія дапамагаюць прадухіліць магчымыя нэгатыўныя наступствы сну. Такіх практык няшмат. Напрыклад, ёсьць моўная формула «Куды ноч, туды і сон», — гэта частка комплекснага магічнага рытуалу. У ім задзейнічанае слова: «Ты кажаш, прагаварыў — яно становіцца рэальнасьцю, ты «адаслаў» сон».

«Можна дадаваць і рытуальныя дзеяньні: паглядзець у вакно, бо вакно — гэта такі партал, які адпраўляе дрэнную зьяву некуды. Яшчэ пайсьці, ні з кім не размаўляць і абмыцца вадой, бо вада — касьмічная субстанцыя, яна можа забіраць хваробу, але можа і даваць хваробу. Але ніводная з гэтых практык, наколькі я зразумела, не дае 100% выніку, і ўсе гэта базуецца на веры ў чалавечы лёс», — тлумачыць аўтарка кнігі.

Дасьледчыца кажа, што сучасны чалавек сам кіруе жыцьцём, сам робіць сваю гісторыю. У чалавека традыцыйнага па-іншаму: ён жыве, зьмяняе сваё жыцьцё, дае лепшае дзецям, але ёсьць яшчэ лёс, які часта можа перакрэсьліць усе твае намаганьні. Лёс можа быць як справядлівы, так і несправядлівы.

«У чалавека яшчэ доўга будзе патрэба, каб у сьвеце было месца незвычайнаму. Мы яшчэ пранясём гэтую патрэбу з сабой на доўгія гады», — перакананая этнографка.

Каментары1

  • Абы хто
    08.09.2024
    ,,Чалавек сустракаецца з царквой у самыя важныя моманты жыцця,пры нараджэнні,шлюбе,смерці" А проста у царкоўныя святы ён не ходзіць у царкву?Далей аўтарка лічыць калі сніў нябожчыка,то дрэнны знак... Хлусня..Мне на кожную гадавіну сьмерці маці яна сніцца..

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны20

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў экстрадыцыю Васіля Верамейчыка14

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны20

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →