Вынікам занадта інтэнсіўных трэніровак можа стаць рабдаміёліз. Расказваем, як ён праяўляецца.
Калі вы прыхільнік інтэнсіўных сілавых трэніровак або ваша праца звязаная з цяжкімі працяглымі фізічнымі нагрузкамі, асабліва ў спякотных або вільготных умовах, у вас можа развіцца сіндром, вядомы як рабдаміёліз. Пры ім разбураюцца клеткі мышачнай тканкі, і рэчывы, якія яны ўтрымліваюць, трапляюць у кроў. Гэта можа прывесці да пашкоджання нырак, парушэння сардэчнага рытму, сутаргаў, а ў крайніх выпадках — да смерці.
Спецыялісты адзначаюць, што найбольшая рызыка развіцця рабдаміёлізу — у маладых мужчын, а таксама людзі з серпавідна-клетачнай анеміяй і спадчыннымі захворваннямі крыві.
Дактары і даследчыкі падкрэсліваюць, што звычайныя фізічныя практыкаванні не ствараюць для людзей рызыкі развіцця рабдаміёлізу.
У групе рызыкі знаходзяцца тыя, хто займаецца спортам і праводзіць інтэнсіўныя працяглыя трэніроўкі, такія, як HIIT (трэніроўкі высокай інтэнсіўнасці з кароткімі інтэрваламі адпачынку) або CrossFit (сістэма, якая спалучае сілавыя практыкаванні, кардыянагрузкі і гімнастыку). Карацей, гаворка пра трэніроўкі з перагрузкамі.
Пашкоджанне мускульнай тканкі можа таксама адбыцца ў выніку аперацый ці няшчасных выпадкаў, злоўжывання алкаголем або лёгкімі наркотыкамі, лячэння некаторымі рэцэптурнымі прэпаратамі, захворвання некаторымі інфекцыямі (у тым ліку COVID-19) ці ўздзеяння некаторых атрутаў.
Рабдаміёліз сустракаецца рэдка, але ёсць сведчанні таго, што выпадкі захворвання пачашчаюцца. Даследаванне, праведзенае ў ЗША ў 2021 годзе, паказала, што з 2000 па 2019 год колькасць шпіталізацый з рабдаміёлізам павялічылася ў 10 разоў.
Асноўнымі сімптомамі, якія могуць сведчыць пра развіццё рабдаміёлізу, з'яўляюцца цёмна-чырвоная ці карычневая мача, ацёкі або моцны боль у мышцах, які не праходзіць некалькі дзён, нават калі вы даяце мускулам адпачынак.
Спецыялісты звяртаюць увагу на тое, што людзі недаацэньваюць небяспеку пры наяўнасці лёгкіх сімптомаў захворвання і не заўсёды своечасова звяртаюцца да доктара.
Прафілактыка і лячэнне рабдаміёлізу
Спецыялісты кажуць пра неабходнасць шырокага інфармавання пра небяспеку гэтага сіндрому і шляхах яго прадухілення. Дактары раяць сачыць за падтрымкай воднага балансу і звяртаць увагу на колер мачы. У людзей, якія п'юць дастаткова вады, яна светла-жоўтага або светлага колеру.
Падчас трэніровак неабходна сачыць за частасцю сардэчных скарачэнняў. Лепш пачынаць з умераных трэніровак, пры якіх частата пульса складае каля 60% ад максімальна магчымай, і паступова павялічваць інтэнсіўнасць. Пры гэтым трэба быць асабліва ўважлівымі да сваіх адчуванняў, калі інтэнсіўнасць перавышае 85% максімальнай частаты сардэчных скарачэнняў.
У выпадку ўзнікнення трывожных сімптомаў неабходна звярнуцца да доктара.
Рабдаміёліз можна выявіць з дапамогай аналізаў крыві і мачы. У крыві будзе павышаны ўзровень крэацінкіназы, або КФК (крэацінфосфакіназы) — ферменту, які трапляе ў крывацёк пры пашкоджанні мышцаў, а таксама калію і фосфару. Рабдаміёліз таксама можна дыягнаставаць праз аналіз мачы на наяўнасць міяглабіну, іншага бялку, які вылучаецца пры разбурэнні мышцаў.
Таксама могуць узнікаць праблемы з узроўнем кальцыю і павышаны паказчык мачавой кіслаты. У некаторых выпадках могуць назірацца часовыя парушэнні функцыі печані.
Лячэнне звычайна ўключае ўнутрывеннае ўвядзенне вадкасці і электралітаў. У цяжкіх выпадках, калі пашкоджваюцца ныркі, можа спатрэбіцца дыяліз.
Такім чынам, каб мінімізаваць рызыку развіцця рабдаміёлізу, важна асцярожна павялічваць фізічную нагрузку, сачыць за водным балансам і слухаць сваё цела. Пры любых падазроных сімптомах, такіх як цёмная мача або працяглы боль у мышцах, варта звярнуцца да доктара. Рабдаміёліз — небяспечны стан, але пры своечасовым выяўленні і лячэнні ягоныя наступствы можна мінімізаваць.
Кросфіт: што гэта такое, якія абмежаванні, дзе пазаймацца ў Мінску і колькі каштуе
Прымаць тэстастэрон так кайфова. Але мужчыны пасля горка расплачваюцца
Павольныя трэніроўкі з нізкай інтэнсіўнасцю — досвед спартоўцаў-чэмпіёнаў паказаў, што гэта працуе найлепш
Чаму алімпійскія чэмпіёны масава сядзяць на звычайнай харчовай содзе
Каментары