8 кастрычніка памёр беларускі мастак, скульптар і графік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Церабун, паведаміў Беларускі саюз мастакоў.
Уладзімір Церабун нарадзіўся 11 красавіка 1946 года ў вёсцы Несцяняты Смаргонскага раёна.
Скончыў аддзяленне скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, вучыўся ў прафесара Андрэя Бембеля.
Пасля вучобы Церабун пераехаў у Гродна, дзе працаваў амаль 30 гадоў, з 2001 года жыў і працаваў у Мінску. Браў удзел у мастацкіх выставах з 1974 года.
Яму належаць многія работы як станковага, так і манументальнага характару: скульптуры, скульптуры з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з крыніцамі асвятлення для грамадскіх будынкаў. Як і ў іншых скульптараў, у яго творчасці шмат месца займае серыя партрэтаў сучаснікаў. Рабіў ён і мемарыяльныя дошкі: у Гродне (на будынку тэатра лялек), Мінску, Смаргоні.
Быў аўтарам мемарыяльнага комплексу Дальва (1973), помніка на вайсковых могілках у Гродне (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», кампазіцый дэкаратыўных «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), цыкла «Скульптура малых форм «Ракурс»» (1990—2002), серыі керамічных пасудзін (1993—1998), графічнага цыкла «Ракурс» (1986—1996).
Сярод станковых кампазіцый: «Расстраляная песня. Памяці Віктара Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётр і Павел» для касцёла св. Андрэя ў Слоніме, «Госпадзі, веру табе» для бернардзінскага касцёла ў Гродне (1996), «Флора і фаўна» (1997), «Мельпамена» (2001), «Элегія» (2003).
Больш за 50 сваіх скульптур перадаў у падарунак беларускім музеям у Гродне, Смаргоні, Лідзе, вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна.
Пахаваюць Уладзіміра Церабуна ў Смаргоні.
Каментары