На Любанскім вадасховішчы пабачылі вельмі рэдкую ў нас птушку
На Любанскім вадасховішчы ў Мінскай вобласці птушкар Мікалай Верабей 7 кастрычніка заўважыў і сфатаграфаваў сярэдняга паморніка. За папярэднія 100 гадоў яго ў нас фіксавалі ўсяго 3 разы, піша «Дзікая прырода побач».
Дагэтуль у Беларусі сярэдняга паморніка адзначалі ў 1926 годзе ў Віцебскай вобласці, а таксама ў 1931 і ў 1998 годзе ў Гомельскай вобласці.
Вось што расказаў пра сустрэчу з паморнікам сам Мікалай Верабей:
«Паморнікаў я даўно хацеў пабачыць, але нешта не задалося. Яны вельмі часта пералятаюць, амаль заўсёды знаходзяцца ў паветры, і іх цяжка заспець на адным месцы. Але гэтым разам мне пашчасціла. Я заўважыў птушку ўжо калі яна амаль падляцела да мяне, і адразу зразумеў, што гэта паморнік. Праўда, фотаапарат не быў напагатове. Я трошачкі пачакаў, паморнік ізноў з’явіўся — і я зрабіў добры здымак. Птушка дарослая, таму яе было лягчэй вызначыць адразу».
Сярэдні паморнік буйнейшы за чайку-рыбачку, аднак драбнейшы за чайку-клыгуна. Гняздуецца ён у арктычнай тундры, а зімуе ў адкрытым моры.
Гэты паморнік, магчыма, ляцеў ва ўлюбёны гэтымі птушкамі Аманскі заліў ці на ўсходняе ўзбярэжжа Афрыкі. Частка птушак не аблятае Еўропу марскім шляхам, а перасякае ў зручным месцы. Таму і любяць яны спыняцца толькі на вялікіх вадаёмах, дзе іх цяжка заўважыць. У Беларусі на пралёце можна сустрэць чатыры віды паморнікаў, але ніводнага віду не назіралі нават 10 разоў.
Каментары