Начальнік наваполацкай калоніі выйшаў на працу ў выходны, каб сарваць Бабарыку перадачу
У Наваполацкай калоніі ўзмоцненага рэжыму №1 шмат што давялося змяніць праз знаходжанне там VIP-вязня, былога банкіра Віктара Бабарыкі. Якім чынам гэта адбывалася і як змянялася стаўленне да палітыка з боку адміністрацыі, «Белсату» расказаў на ўмовах ананімнасці былы палітзняволены.
Паводле ўмоваў утрымання палітвязняў, Наваполацкую калонію ўзмоцненага рэжыму № 1 называюць адною з самых жорсткіх у краіне. Паводле «Белсату», цяпер у ПК № 1 утрымліваюцца каля 150 палітзняволеных. Сярод іх — Ігар Лосік, Андрэй Кузнечык, Анджэй Пачобут, Андрэй Аляксандраў і, як мяркуюць, Віктар Бабарыка. Сказаць, ці сапраўды былы банкір і палітык цяпер у ПК № 1 не ўяўляецца магчымым.
«Баяліся, што ён нешта зарганізуе, і зэкі за ім пойдуць»
«Калі ў калонію вязуць палітычнага, пра гэта загадзя ведаюць нават зэкі. Інфармацыя ў калоніі разлятаецца вельмі хутка, свае вочы і языкі ёсць паўсюль, — апавядае Анатоль (імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі). — З Віктарам Бабарыкам была такая ж гісторыя. Перад ягоным прыездам была дзікая беганіна — не ведалі, у які атрад яго засунуць і на якую працу паставіць. Хацелі, каб ён мінімальна меў стасункі з іншымі вязнямі. Баяліся, напэўна, што ён нешта зарганізуе, і зэкі за ім пойдуць».
Паводле Анатоля, уся тэрыторыя калоніі падзеленая на «лакалкі» (лакальныя зоны). У кожнай, як правіла, некалькі атрадаў. Да прыкладу, першая лакальная зона называецца «казлятнікам». У ёй тры атрады. Вязні там працуюць у штабе, у пральнях, на будоўлі, электрыкамі, у сталоўцы, у рэжымнай брыгадзе. Самая маленькая — «лакалка» шостага атраду.
«Як мне апавялі старажылы, адмыслова да прыезду Віктара Бабарыкі пякарню з другога атраду перакінулі ў шосты — зрабілі ўсё, каб ён быў максімальна схаваны ад вачэй. Сеткавы плот для гэтага замянілі суцэльнымі брамамі, каб ніхто нічога не бачыў», — згадвае суразмоўца.
Гэтыя брамы зачыняюць невялікі праход. З аднаго боку — пякарня, з другога — бытоўка прыбіральнікаў. Таму нават пры такой ізаляцыі прыбіральнікі прамзоны ўсё роўна маглі б убачыць Віктара Бабарыку. Напрыклад, было відаць, як часам ён выходзіць адпачыць.
«Працаваць там было няпроста. Улетку і так вельмі спякотна, а ў пякарні яшчэ і адначасова дзве печы працуюць. У брыгадзе разам з Віктарам Бабарыкам працавалі некалькі чалавек — пяклі хлеб для зоны, рабілі макарону і булачкі», — зазначае Анатоль.
Спачатку Бабарыка працаваў апальнікам у пякарні. Затым яго паставілі ўкладваць хлебабулачныя вырабы. Увесь працоўны час палітычны вязень быў у памяшканні без вентыляцыі, тэмпература ў якім перавышала 30 градусаў.
«Яшчэ адзін момант: раней на ўсю пякарню было пяць камераў. Але да прыезду Бабарыкі туды іх панатыкалі ажно 12! Каб не было ніводнай сляпой зоны. Каб ведаць пра кожны ягоны крок.
Вы нават не ўяўляеце, якія справы ў іх там ёсць на кожнага палітвязня, а ўжо тым больш на Віктара Бабарыку. У іх ледзь не па хвілінах распісана літаральна ўсё, што чалавек рабіў. Аж да таго, калі і ў колькі ён хадзіў у прыбіральню. Людзей, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, сочаць за палітычнымі і здаюць іх, на зоне поўна — «стукачы», «сукі», «качаняты», «губазікі»… Гэта ўсё яны», — кажа Анатоль.
Размаўляць з Віктарам Бабарыкам пасля ягонага паступлення ў калонію нельга было нікому.
«Нават зэкам з ягонага атраду, нават рабочым з ягонай брыгады. Дайшло да таго, што ў ШІЗА за размову з Бабарыкам «закаталі» [пасадзілі. — Заўв. рэд. «Белсату»] нават ягонага брыгадзіра, які, у існасці, быў абавязаны мець стасункі з ім наконт працы. Але некаторыя прынцыпова ўступалі з Бабарыкам у размову. Ведалі, што вакол камеры, што паўсюль ходзяць «шасцёркі», але ўсё роўна размаўлялі. Хоць потым і аказваліся ў ШІЗА.
Было відаць, што аператыўнікі ды іншыя сілавікі не маглі ўплываць на ягонае жыццё. Усе распараджэнні, відавочна, ішлі не па лініі кіраўніка калоніі, а паступалі зверху. Віктар Бабарыка таксама адчуваў, што ён ім патрэбны, і мог дазволіць паводзіць сябе адпаведна — не прагінаўся.
Калі ішоў Пальчык [Андрэй Пальчык — начальнік ПК № 1 з 2017 да 2023 года], усе хорам крычалі: «Здра-а-а-сьте!». Дзмітрыч пры гэтым нават не варушыўся. Ён ведаў сабе кошт. Ніякіх уганараванняў яму не аддаваў. Пры гэтым з астатнімі зэкамі быў вельмі ветлівы і далікатны. З усімі на «вы», намагаўся заўсёды ўсміхацца, вітаўся за руку. Гэта вельмі разумны і годны чалавек. Быў перыяд, калі забарона на размову з ім трохі аслабела, і зэкі маглі з ім размаўляць. Яго тут жа мясцовым «Гуглам» назвалі. Ёсць каманда «Ок, Гугл», а ў калоніі была «Ок, Дзмітрыч». У ягонай у галаве — банк ведаў», — згадвае Анатоль.
Калі ў пякарні змяніўся брыгадзір, у Віктара Бабарыкі з ім не склаліся стасункі:
«Не жадаў безадмоўна выконваць усё, што яму казалі. Віктар Дзмітрыевіч прамым тэкстам мог сказаць: «Не буду гэтага рабіць». Паўтаруся, у той перыяд ён выдатна разумеў, што гэта не ягонае месца, што яго закінулі туды як раба, і што супрацоўнікі не зусім разумеюць, як з ім абыходзіцца».
«Калі Бабарыка выходзіў з прамзоны, пачынала раўці сірэна»
У лістападзе 2022 года Віктара Бабарыку перавялі на іншае месца працы. Усяго ў ПК № 1 іх сем: апрацоўванне дрэва, металу для ачышчэння правадоў і цвікоў, выраб плёнкі, перабіранне гранулаў поліэтылентэрафталату (ПЭТ), мылаварнае, вытворчасць хлеба, вытворчасць вугалю.
«Віктара Бабарыку адправілі на вугаль, — апавядае суразмоўца. — Гэта адна з самых дрэнных і брудных працаў на зоне. Па восем гадзінаў штодня шэсць дзён на тыдзень палітык на дварэ без доступу да бытоўкі, дзе можна было б сагрэцца. Увесь у смолі, сажа ўядаецца нават у скуру. Там Віктару Бабарыку прыйшлося цягаць цяжар, хоць гэта і супрацьпаказана яму паводле стану здароўя».
Удалося высветліць, як выглядала працоўнае месца зняволенага палітыка ў той час:
«Стаіць некалькі вялікіх бочак. Хтосьці коле дровы, хтосьці закідвае іх у гэтую бочку. Пад бочкай — топка. Бочка герметычна зачыняецца, каб у яе не трапляў кісларод, і так некалькі дзён без перапынку. За гэты час дровы ў бочцы не згараюць, а тлеюць. Так паводле тэхналогіі атрымліваюць вугаль, што людзі ў крамах купляюць у папяровых мяшках, калі на шашлыкі ідуць.
Узімку, дарэчы, вугалю ніхто раней не рабіў — нікому не патрэбна. На зіму «вугаль» закрывалі, а брыгаду раскідвалі. Але дзеля Віктара Бабарыкі пакінулі! Сеткаваты плот на «вугалі», дарэчы, таксама праз яго замянілі на металічны без прасветаў».
Было яшчэ адно новаўвядзенне адмыслова пад зняволенага палітыка, адзначае Анатоль: «Каб кантралёры і наглядчыкі на вышцы былі заўсёды напагатове, калі ён заходзіць і выходзіць кудысьці, на браму ўсталявалі сірэну. І як толькі яны адчыняліся, яна пачынала раўці на ўсю калонію. Людзі ў бараках прачыналіся і ўскоквалі сярод ночы.
Гэта ўсё справа рук Пальчыка. Рэдкі садыст, які атрымлівае задавальненне ад таго, што людзі пакутуюць. Пальчык на вачах падначаленых мог збіваць людзей. Я таксама прайшоў праз збіццё і здзекі ў ПК № 1, у тым ліку ведаю вязня, якога настолькі моцна збілі ў душы, што адбілі ныркі, і потым чалавек мачыўся крывёю.
Ён жа — Пальчык — асабіста «хрысціў» Віктара Бабарыку. «Хрышчэнне» ў калоніі — гэта калі зняволенаму даюць «наруху» [парушэнне. — Заўв. рэд. «Белсату»]. Як гэта будзе адбывацца, адміністрацыя калоніі прадумвае загадзя. У іх раніцамі нарады праходзяць. Там яны пастанаўляюць, як і ў каго пройдзе «хрышчэнне». Загадзя вырашаюць і тое, якое чалавек нібыта здзейсніў парушэнне. Хоць ён яго і не здзейсніў, і нават яшчэ не падазрае, што сёння або ў вызначаную дату яго кінуць у ШІЗА. Да моманту, калі чалавеку абвесцяць, што на яго склалі рапарт аб парушэнні, насамрэч усе дакументы пра ягонае пакаранне ўжо гатовыя і надрукаваныя. Чалавека проста выклічуць і скажуць: «Ты не зашпіліў гузіка», «Ты не павітаўся», «Смецце за тумбачкаю»… І прымусяць пісаць тлумачальную, пасля якой пойдзе следам пакаранне.
Калі вязень не прызнае віны і парушэння, для адміністрацыі гэта падстава для клопату, бо зняволены ў тэорыі можа выклікаць адваката, падаць скаргу. Уласна Віктар Бабарыка так і рабіў у адказ на самавольства з боку адміністрацыі».
Да «хрышчэння» Віктара Бабарыкі Пальчык падышоў грунтоўна. Ён ведаў, што да вязня маюць прыехаць з перадачаю. Спатканне было прызначанае на суботу. «Пальчык не паленаваўся, з'явіўся ў свой выходны ў калонію. І па-хуценькаму яго «хрысціў», — успамінае Анатоль, як Бабарыку адправілі ў ШІЗА і пазбавілі перадачы і званкоў.
«Як быццам нехта загадаў зрабіць ягонае жыццё невыносным»
Праз нейкі час, паводле нашага суразмоўцы, з незразумелых прычынаў стаўленне да Віктара Бабарыкі з боку адміністрацыі калоніі рэзка змянілася. Быццам далі каманду зверху «максімальна зрабіць больш жорсткім рэжым утрымання». Гэта адбылося ў лютым 2023 года.
Да Віктара Бабарыкі перасталі пускаць адваката. Таксама вядома, што палітыка паставілі на ўлік як «схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў». Прычына — рэзаў сала і выпадкова пакінуў драпіны нажом на падаконніку. Не праходзіла і месяца, каб на зняволенага палітыка не склалі рапарту за надуманыя парушэнні. Пасля гэтага звычайна адпраўлялі ў ШІЗА.
«Як быццам хтосьці загадаў зрабіць ягонае жыццё невыносным або даў гэтым падонкам карт-бланш, — мяркуе Анатоль. — Акрамя таго, Пальчык увесь час выклікаў Бабарыку на гутаркі, і пасля іх Віктара Дзмітрыевіча зноў кідалі ў штрафны ізалятар. Але нават там, у ШІЗА, ён адчуваў падтрыманне іншых вязняў. Праз кагосьці прыдумлялі, як перадаць яму прывітанне, падкарміць, хоць гэта і было складана. І сам ён таксама не падаў духам.
Яго бясконца каталі па ШІЗА. Зрабілі нават так, каб ён застаўся без атаварвання ў краме. Паводле правілаў, у атрадзе ёсць тры даты, калі можна схадзіць у краму. Але ж прамзона ўвесь час працуе. Ім і так заставаўся толькі адзін дзень. Дык вось Віктара Бабарыку спецыяльна кідалі ў ШІЗА менавіта тады, калі ў яго быў шанец схадзіць у краму. Пры гэтым перадачаў яго таксама пазбаўлялі. Праблемы былі і ў вязняў, якія спрабавалі мець стасункі з ім. Размаўляць з Бабарыкам ізноў забаранілі.
У нейкі момант яго паспрабавалі прымусіць прыбіраць прыбіральні. Калі адмаўляешся, гэта жорсткае непадпарадкаванне рэжыму. І гэта падстава, каб цябе зачынілі ў ШІЗА або ў ПКТ. Калі згаджаешся — даюць паперу пра перавод цябе ў нізкі статус. Натуральна, мыць прыбіральні Віктар Бабарыка адмовіўся, і яго зачынілі ў ПКТ, а потым у ШІЗА. Гэта значыць, што наагул усяго пазбавілі. Паўгода ПКТ можа расцягнуцца такім чынам і на год, бо знаходжанне ў ШІЗА не ідзе ў залік знаходжання ў ПКТ».
Пры гэтым умовы, паводле былога палітвязня, у ПК № 1 здольныя стварыць сапраўды нечалавечыя. Вокны ў штрафным ізалятары не зачыняюцца ўвесь год, нават калі на вуліцы мінус 30 °С. Зняволеныя вымушаныя завешваць іх ручнікамі або анучамі, але за гэта іх таксама могуць пакараць дадатковым тэрмінам.
Раніцай у ШІЗА любяць заліваць хлёрку «для дэзынфекцыі». Насамрэч — для катавання: дыхаць немагчыма, вочы рэжа.
След Віктара Бабарыкі згубіўся ў лістападзе 2023 года
У пачатку сакавіка 2023 года кіраўніка калоніі Андрэя Пальчыка знялі з пасады і перавялі на іншае месца службы. Адною з прычынаў звальнення шмат хто называе прызнанні экс-зняволенага наваполацкай калоніі Аляксандра Кабанава, які ў ПК № 1 рэзаў сабе рукі. Яго тройчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Паводле яго слоў, апошні раз умовы ў камеры былі настолькі невыносныя, што ён не стрымаў і станком для галення парэзаў вены. У шпіталі пацярпеламу наклалі 68 швоў.
На змену Пальчыку прыйшоў Руслан Машадзіеў. І калі Пальчыка зняволеныя характарызуюць як «эмацыйнага садыста», то Машадзіева — як «безэмацыйнага выканаўцу».
25 красавіка 2023 года моцна збітага Віктара Бабарыку з калоніі павезлі ў шпіталь. Паводле інфармацыі, пададзенай журналістам працаўнікамі больніцы, 27 красавіка палітык быў у хірургічным аддзяленні ў стане сярэдняй цяжкасці. Любое транспартаванне пагражала жыццю. Пазней праваабаронцам стала вядома, што Бабарыку перавялі ў турэмны шпіталь пры СІЗА № 1 у Менску.
Пазней Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію. Паводле суразмоўцы, вясну і лета 2023 года ён правёў у калоніі ў ПКТ, у поўнай ізаляцыі ад іншых вязняў. След Віктара Бабарыкі згубіўся ў лістападзе 2023-га, калі яго бачылі ў калідоры ПКТ.
«У пачатку 2024 года да мяне дайшла не стоадсоткавая інфармацыя, што ў калоніі Віктара Бабарыкі няма. Нібыта прыехалі людзі ў масках, без апазнавальных знакаў, пагрузілі яго і павезлі. Прычым калі везлі, я збіраўся выходзіць са сталоўкі, але ўсім забаранілі. Мы стаялі і не разумелі, што адбываецца. У якім кірунку яго павезлі, ці вярнулі, дзе ён, ніхто не ведае», — адзначае Анатоль.
Паводле суразмоўцы, была версія, што Віктара Бабарыку вывезлі з калоніі, каб прывесці ў форму. Каб ён нармальна выглядаў на працэсе ў сына Эдуарда. Але гэтага не здарылася, таму ў суд яго не прывозілі, а нібыта адправілі назад у калонію, але там яго ніхто не бачыў.
Раней на кожных дзвярах у ШІЗА вісела картка, і на ёй было напісана прозвішча зняволенага, які сядзіць у гэтай камеры. «Раней, калі цябе вядуць, можна было прачытаць, хто твой сусед. Але пасля збіцця Бабарыкі ўсе разумелі, што цікавасць будзе павышаная, і гэтыя карткі сталі пераварочваць адваротным бокам. Цяпер няясна, хто сядзіць у камеры», — рэзюмаваў экс-палітвязень.
Каментары
-Гугл: - это мифотворчество.