Выпускнікам школ, які атрымаюць нуль балаў на ЦЭ, дазволяць пераздачу
Выпускнікі, якія правалілі цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ), змогуць пераздаваць яго, паведаміла на прэс-канферэнцыі намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова.
У чыноўніцы для тых выпускнікоў, якія не атрымалі ніводнага бала на цэнтралізаваным экзамене, добрыя навіны.
«Цяпер яны атрымліваюць толькі даведку аб навучанні. Атэстат яны могуць атрымаць толькі на наступны год, прайшоўшы выніковую атэстацыю ў парадку экстэрната», — адзначыла Ірына Каржова.
Але калі ўступяць у сілу папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі, то сітуацыя зменіцца, і пераздаваць экзамен дазволяць у жніўні таго самага года.
Іншае новаўвядзенне — дзесяцікласнікі будуць заканчваць навучальны год 25 мая, гэтак жа сама як дзевяцікласнікі і адзінаццацікласнікі.
«Для вучняў 10-х класаў прадугледжаныя вучэбна-палявыя зборы. Норма дазволіць праводзіць іх да 1 чэрвеня, і летам хлопцы ўжо змогуць знаходзіцца на вакацыях», — патлумачыла Каржова.
Пакет паправак у Кодэкс аб адукацыі і іншыя законы быў прыняты ў першым чытанні ў пачатку кастрычніка Палатай прадстаўнікоў. Каб ён уступіў у сілу, трэба будзе прайсці яшчэ шэраг фармальных працэдур.
Каментары