На беларускі рынак можа зайсці кітайскі сэрвіс заказу таксі DiDi. Пра гэта парталу abw.by расказала кіраўніца Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярына Станкевіч.
З 1 лістапада ў Беларусі запрацуе рэестр аўтамабільных перавозак. Працаваць у сферы нерэгулярных пасажырскіх перавозак змогуць толькі тыя, хто ёсць у рэестры. Пры гэтым падаць дакументы на ўключэнне можна будзе і пасля 1 лістапада.
Па словах Кацярыны Станкевіч, магчыма, што ў пачатку лістапада ў краіне з'явіцца замежная юрыдычная кампанія, якая будзе працаваць сумесна з беларусамі. Яе мэта — паназіраць, як будзе развівацца сітуацыя з рэестрам у лістападзе і як сябе праявіць дзяржава.
«Гэта значыць, яны заходзяць са сваімі машынамі, але працаваць усё будзе на беларускім ПЗ. […] І калі ўсё будзе добра, то ўжо ў наступным годзе ў нас з'явіцца годная альтэрнатыва «Яндэксу». Прычым яна будзе годнай не толькі для спажыўцоў, але і для перавозчыкаў ды кіроўцаў».
Кампанія DiDi Chuxing з'явілася на рынку ў 2012 годзе ў Пекіне. Акрамя ўсяго іншага, кампанія развівае агрэгатар таксі, сэрвіс каршэрынгу і г. д. Інвестарамі праекта сталі кампаніі Alibaba, Tencent і Baidu. Сэрвіс папулярны ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Лацінскай Амерыцы і на іншых рынках.
У 2021 годзе кампанія вывучала рынак Беларусі. У красавіку пасол Беларусі ў Кітаі Юрый Сянько сустракаўся з віцэ-прэзідэнтам кітайскага агрэгатара Чэнь Нанам. Тады ён расказваў, што група DiDi збіраецца вывучыць беларускі рынак і прапрацаваць магчымыя праекты, і нават плануе свой візіт у Беларусь з гэтай мэтай. Аднак больш ніякай інфармацыі з нагоды візіту і магчымых праектаў не было.
У жніўні 2020 года сэрвіс DiDi запрацаваў у Расіі. Праўда, працягвалася гэта нядоўга: у 2022 годзе кітайская кампанія пайшла з расійскага рынку. Тады ж яна пакінула і рынак Казахстана.
Каментары