«У мяне не было выбару». Аляксандр Сырскі расказаў пра Курскую аперацыю
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі лічыць Курскую аперацыю поспехам, дасягнутым дзякуючы элементу раптоўнасці, нягледзячы на прыцягненне адносна невялікай колькасці ўкраінскіх войскаў. Менавіта дзякуючы гэтаму наступленню расіянам не ўдалося дасягнуць пастаўленых мэтаў на 2024 год, заявіў Сырскі ў інтэрв'ю Le Monde.
«У мяне не было выбару, я павінен быў правесці гэтую аперацыю. Трэба было і сарваць наступ на Харкаў, і трохі разгрузіць усе франты, і не дапусціць адкрыцця новага фронту на Сумы. Таму я прыняў рашэнне весці гэты наступ там, дзе ў ворага было слабое месца, дзе было вельмі мала салдат для аховы мяжы», — падкрэсліў Сырскі.
Ён дадаў, што ў Курскую вобласць акупантам давялося перакінуць значную колькасць вайскоўцаў са сваіх найлепшых баявых часцей. Як падкрэсліў Сырскі, такім чынам удалося аслабіць наступальны патэнцыял расіян і паменшыць інтэнсіўнасць нападаў, за выключэннем Пакроўскага і Курахаўскага кірункаў.
Цалкам выцесніць УСУ з Курскай вобласці расіянам не ўдалося дагэтуль, хоць паступова гэты працэс ідзе. Цяпер расіяне дзейнічаюць малымі групамі, спрабуючы прарваць украінскую абарону. Ім таксама менавіта на тым кірунку дапамагаюць вайскоўцы з КНДР.
Па стане на 17 снежня сцвярджаецца, што палова тэрыторыі Курскай вобласці, якую ўдалося захапіць украінскім вайскоўцам з пачатку аперацыі, ужо перайшлі пад кантроль расіян.
Каментары