Праўнук Мусаліні забіў першы гол на дарослым узроўні: заўзятары пачалі зігаваць і скандаваць яго прозвішча
Рамана Фларыяні Мусаліні дапамог сваёй камандзе перамагчы ў матчы італьянскай Серыі Б. Фанаты віталі яго рымскім салютам.
Праўнук італьянскага дыктатара Беніта Мусаліні Рамана Фларыяні гуляе за «Юве Стабію» ў італьянскай Серыі Б, гэта значыць у другім дывізіёне. Напярэдадні 21-гадовы футбаліст забіў свой першы гол на дарослым узроўні і прынёс перамогу ў гульні з «Чэзенай» (1:0).
Гол Рамана прывёў заўзятараў у захапленне: фанаты пачалі дэманстраваць рымскае прывітанне — вельмі падобнае да таго, што выкарыстоўвалі італьянскія фашысты — і скандаваць прозвішча Мусаліні.
Prima o poi doveva accadere pic.twitter.com/3adCu4Vpoo
Рамана Фларыяні — сын ультраправага палітыка Алясандры Мусаліні, унучкі дыктатара і пляменніцы знакамітай актрысы Сафі Ларэн. Адзін час Алясандра была дэпутаткай Еўрапарламента і запомнілася тым, што аднойчы назвала ўсіх румынаў злачынцамі.
Дзед футбаліста — Рамана Мусаліні, малодшы з сыноў лідара італьянскіх фашыстаў. Ён быў піяністам і мастаком.
Фларыяні — гэта прозвішча бацькі Рамана. Пры гэтым Алясандра ў доўгіх разборах з чыноўнікамі настаяла, каб у футбаліста было падвойнае прозвішча. Сам Рамана казаў, што палітыкай не цікавіцца, аднак лічыць свайго прадзеда важнай фігурай у гісторыі Італіі.
Сімвалічна, што першым прафесійным клубам Фларыяні Мусаліні ў 2022 годзе стаў рымскі «Лацыа», фанаты якога прытрымліваюцца ультраправых поглядаў. Ёсць папулярнае меркаванне, што за «Лацыа» заўзеў і Беніта Мусаліні, аднак у гісторыкаў іншы пункт гледжання: яны лічаць, што любімым клубам дучэ была «Балоння» — каманда з яго роднай правінцыі.
За «Лацыа», зрэшты, праўнук дыктатара ў афіцыйных матчах пакуль не згуляў. У мінулым сезоне рымляне аддалі Мусаліні ў арэнду «Пескары», а ў цяперашнім чэмпіянаце правы абаронца гуляе за «Юве Стабію» — таксама ў арэндзе. Каманда Рамана ідзе на чацвёртым месцы ў другім італьянскім дывізіёне.
Каментары