Гоншчыка Формулы-1 Мазепіна, сына мільярдэра беларускага паходжання, абвінавачваюць у згвалтаванні эскортніцы
Адна з дзяўчат сцвярджае, што была збітая і згвалтаваная, пасля таго як адмовілася займацца сэксам без прэзерватыва і хацела пайсці.
Пра таямніцы сям'і алігарха Дзмітрыя Мазепіна расказвае тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ». Па звестках канала, яго 25-гадовага сына Мікіту Мазепіна не раз абвінавачвалі ў гвалце дзяўчат.
Такія гісторыя былі непублічнымі, бо пасля іх падключаецца служба бяспекі Мазепіна-старэйшага, якая вырашае ўсе пытанні пагрозамі і грашыма.
Мікіта Мазепін — расійскі гоншчык «Формулы-1». Ён таксама заснаваў Фонд дапамогі спартсменам, адхіленым ад спаборніцтваў па неспартыўных прычынах. З 2022 па 2024 год быў пад персанальнымі санкцыямі Вялікабрытаніі, Украіны і Швейцарыі.
«ВЧК-ОГПУ» апісвае адну з гісторый, якая адбылася два гады таму.
У маі 2022-га праз дыспетчара ў апартаменты ў Масква-Сіці была выкліканая дзяўчына Віка. Там яе чакаў малады чалавек, якога звалі Мікіта, два яго сябры і два ахоўнікі.
Мікіта, знаходзячыся ва ўзбуджаным стане, паводзіў сябе вельмі груба. Дзяўчына катэгарычна адмовілася займацца сэксам без прэзерватыва і хацела пайсці. Але малады чалавек узяў пісталет у аднаго з ахоўнікаў, нанёс дзяўчыне некалькі ўдараў па галаве і целе. Пасля гэтага пацярпелую, па яе словах, па чарзе згвалтавалі Мікіта і яго сябар.
Пасля таго, што здарылася, яна вырашыла зняць на відэа тых, хто нападаў. У выніку Мікіта адабраў у яе тэлефон і разбіў, а дзяўчыну выкінуў з апартаментаў. Тая ў слязах села ў таксі, кіроўца, убачыўшы, у якім яна стане, адвёз яе ў траўмапункт. Віка напісала заяву ў паліцыю.
Адначасова яна напісала пра тое, што здарылася, у групу, дзе эскортніцы распавядаюць аб праблемных кліентах. Да таго часу яна яшчэ не ведала, кім з'яўляўся гэты «Мікіта».
Высветлілася, што перад пацярпелай да Мікіты прыязджала іншая дзяўчына і збегла праз агрэсіўныя паводзіны маладога чалавека.
Дзяўчаты высветлілі, што іх крыўдзіцель — Мікіта Мазепін. Яшчэ некалькі дзяўчат распавялі ў групе, што сутыкаліся з аналагічнымі выпадкамі гвалту з боку Мазепіна, як у Маскве, так і ў Куршавелі.
У 2020-м Мікіта Мазепін ужо трапляў у скандал. Тады ён у сацсеткі выклаў відэа, як жартам прыставаў да дзяўчыны ў машыне, а тая, выглядае, сама спрабуе яго спакусіць. Тое відэа гоншчык хутка выдаліў, а пасля выбачыўся за свае паводзіны.
Бацька гоншчыка, мільярдэр і ўладальнік «Уралхіма» Дзмітрый Мазепін, родам з Мінска і вучыўся ў Мінскай сувораўскай вучэльні. У Мінску сёлета затрымлівалі яго партнёраў, але хутка адпусцілі. Некалькі гадоў таму Раман Пратасевіч у інтэрв'ю АНТ пасля свайго прызямлення сцвярджаў, што тэлеграм-канал «Нехта» спансіраваў нейкі расійскі мільярдэр, звязаны з Уралам і здабычай карысных выкапняў. Пад гэтае апісанне падпадаў Дзмітрый Мазепін. Тады гэта, аднак, падалося зрэжысаванай заявай з нейкімі невідавочнымі мэтамі. Сам Мазепін пасля заявіў, што ён і яго кампаніі ніколі не фінансавалі тэлеграм-канал «Нехта».
Каментары