Што паглядзець у навагоднюю ноч на беларускім ютубе? Альтэрнатыўная праграма перадач
Што паглядзець у навагоднюю ноч, калі не хочаш выпадкова пачуць з дзясятак песень аўтарства Ганны Сялук і пабачыць стэрыльныя «блакітныя агеньчыкі»? Сабралі ў падборку святочныя беларускія праграмы. Музыка, жарты, палітычныя прагнозы — ёсць усё!
«Белсат»
Сваю забаўляльную праграму на навагодні вечар па традыцыі падрыхтаваў тэлеканал «Белсат».
Пачнецца ўсё ў 21:30 па мінскім часе з гістарычнай віктарыны ад праграмы «Вусы Скарыны». Адмыслова на Новы год звыклы фармат змянілі на забаўляльнае шоу. Мікіта Мелказёраў, Марына Ментусава, Ліза Ветрава і Аляксандр Івулін будуць адказваць на пытанні гісторыка Цімафея Акудовіча і спаборнічаць за ўзнагароду найлепшага знаўца гісторыі.
Потым у 22:15 святочны выпуск праграмы «Хай Так ТБ» збярэ каманду існых і былых вядоўцаў, якія падрыхтавалі для гледачоў шмат жартаў і музычных падарункаў.
У 22:50 музычны вечар распачне Дзяніс Дудзінскі. Запланаваны навагодні канцэрт з удзелам Лявона Вольскага, «J:Mors», «РСП», Zui, «Kriwi», Ketevan, Георгія Дабро, Pomidoroff, Lear.
За 12 хвілін да новага года будзе зварот Святланы Ціханоўскай.
А новы, 2025 год, пачнецца з шалёнага dj-сэта ад PapaBo.
У 00:35 у эфіры будзе святочны канцэрт ад праграмы «Мова нанова», які перанясе гледачоў на традыцыйнае беларускае застолле. Можна будзе праспяваць улюбёныя народныя песні. Пагатоў усё гэта будзе адбывацца ў фармаце караоке.
«Белсат» абяцае музыку, песні, танцы да самай раніцы.
«Годна»
Навагодні выпуск будзе і на YouTube-канале «Годна». Яго вядучай стане Ліза Ветрава, а гасцямі — Міхась Зуй, Крысціна Дробыш, Міхась Ільін, Настасся Доль, Ketevan, Аляксандр Івулін. За музыку адказваюць Настасся Рыдлеўская, NOCHY, Swada x Niczos.
Пачнецца ютуб-шоу ў 19:00 па мінскім часе.
«О(б)суждаем»
Харызматычныя вядучыя Іван Прус і Глеб Сямёнаў у сваім стылі падвядуць вынікі года.
— Новы год несумяшчальны з цішынёй: вам праспявае Настасся Рыдлеўская (гэта кавер на Santa Baby Эрты Кіт), а мы станцуем — дагледзіце выпуск да канца. А яшчэ падніміце келіхі, павіншуйце сябра ў каментарыях, загадайце жаданне і чакайце нас праз месяц-другі, — вось такую праграму абяцаюць хлопцы.
Выпуск ужо даступны.
«Обычное утро»
З 27 па 30 снежня па вечарах вядучыя «Обычного утра» праводзілі святочныя стрымы на YouTube. У госці да Марыны Ментусавай і Канстанціна Каверына прыходзілі Святлана Ціханоўская, Лявон Вольскі, Дзяніс Дудзінскі, Ліза Ветрава, Роза Турарбекава, «чыноўнікі» ЧынЧыны і іншыя цікавыя беларусы.
Кожнае відэа доўжыцца прыкладна дзве з паловай гадзіны — то-бок калі вы яшчэ не глядзелі навагоднія выпускі «Обычного утра», то кантэнту вам хопіць на некалькі дзён.
«Маланка»
Вынікі года на YouTube-канале Malanka Media пачнуць падводзіць у 19.00 па мінскім часе. Рабіць гэта будуць палітыкі Павел Латушка і Анатоль Лябедзька, прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, спартыўны журналіст Аляксандр Івулін, акцёр Міхась Зуй, а таксама народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка.
Святочны эфір тут пачнецца ў 23.00. У навагоднюю ноч прагучаць найлепшыя хіты гурта «Бі-2» і, канешне, віншаванні ад музыкаў. Абяцаюць і сюрпрызы ад каманды праекта.
«Локал Live»
YouTube-канал «Локал Live» — гэта камедыйны падкаст пра клуб Stand Up Lokal, які беларускія комікі сёлета адкрылі ў Варшаве. На канале выходзіць беларускамоўнае шоу «Гутаркі», у якім стэндаперы Ідрак Мірзалізадэ і Міхась Ільін размаўляюць на самыя розныя тэмы. Ужо можна паглядзець іх навагодні выпуск.
«Перетрем с Халезиным»
Кампазітарка Вольга Падгайская і музыка Сяргей Пукст прыйшлі ў госці на кухню да Мікалая Халезіна. Разам яны лепяць хатнія пельмені, абмяркоўваюць сямейныя традыцыі, успамінаюць адыходзячы год. Госці ютуб-шоу разам выканаюць музычную кампазіцыю.
Каментары