Міністр гандлю: У Беларусі доля анлайн-гандлю займае 8-9%, у буйных дзяржавах — 20-30%
Рост анлайн-гандлю будзе, але ён залежыць ад спажыўцоў, тлумачыць Аляксей Багданаў.
Колькасць традыцыйных стацыянарных гандлёвых аб’ектаў і анлайн-крам у Беларусі расце прыкладна аднолькава. Пра гэта расказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у эфіры «Беларусь 1».
«Тут бачым традыцыйна баланс росту і там, і там. Але хачу адзначыць, што, вядома, рынак анлайн-гандлю будзе расці. Мы бачым, што ў буйных дзяржавах гэты рынак дасягае 20-30%. У нас на сёння доля анлайн-гандлю займае 8-9%», — сказаў Аляксей Багданаў.
Міністр адзначыў, што рост анлайн-гандлю будзе, але ён залежыць ад спажыўцоў. «Калі мы прывыклі хадзіць у краму і там паглядзець, пакруціць, памацаць тавар, а потым прыняць рашэнне аб яго куплі, то будзе запатрабаваны і традыцыйны гандаль. Калі мы будзем больш прыходзіць у лічбу, то, вядома, будзе расці і лічбавы рынак анлайн-гандлю», — дадаў ён.
Кажучы пра тое, ці перашкаджаюць вялікія гіпермаркеты з’яўленню крам крокавай даступнасці, Аляксей Багданаў нагадаў, што ў краіне праводзіцца палітыка наяўнасці розных гульцоў на адным і тым жа рынку.
Напрыклад, колькасць буйных сеткавых кампаній абмежавана законам. «Гэта дазваляе абмежаваць апетыты буйных гіпер– і супермаркетаў, буйных кампаній і развівацца менавіта крамам крокавай даступнасці. Зноў жа, традыцыйныя рынкі захаваць, іх многія грамадзяне любяць і ходзяць на гэтыя рынкі. На сёння ў нас такі своеасаблівы баланс усталяваны», — сказаў міністр.
Адносна заявак расійскага рытэйла прыйсці ў Беларусь Аляксей Багданаў адзначыў адпаведны інтарэс. «Расійскаму рытэйлу цікава ў нашай краіне. У мінулым годзе зайшлі некалькі новых рытэйлераў. Вядома, наш рынак для іх цікавы, але актыўна развіваюцца і беларускія», — сказаў ён.
Каментары