У кастрычніку 2024 года Федэральная падатковая служба Расіі хацела ліквідаваць кампанію «ЛБВМС», якая належыць беларускаму праўладнаму музыку Сяргею Пархоменку, больш вядомаму пад псеўданімам Сярога. Аднак у расійскім Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб (ЕГРЮЛ) з'явіліся запісы, што гэтага, хутчэй за ўсё, не адбудзецца, заўважыў Office Life.
Кампанія «Лига Белых Воротничков Мск Сити» была зарэгістраваная ў сярэдзіне 2017 года ў Маскве. Кантрольны пакет акцый у 51% у ёй належыць Сяргею Пархоменку, астатняя доля — грамадзяніну Расіі Валерыю Стрэльнікаву.
Асноўны від дзейнасці кампаніі — арэнда інтэлектуальнай уласнасці і падобнай прадукцыі, акрамя аўтарскіх правоў. У кампаніі ёсць 10 дадатковых відаў дзейнасці, напрыклад вытворчасць харчовай прадукцыі для харчавання спартсменаў і аптовы гандаль гамагенізаванымі харчовымі прадуктамі.
Кампанія музыкі ў асноўным займалася вытворчасцю і продажам гатовых набораў ежы. Што яе хочуць ліквідаваць, стала вядома ў кастрычніку 2024 года. Рашэнне аб гэтым прыняла Федэральная падатковая служба Расіі.
Аднак 15 лістапада ў міжраённую інспекцыю ФНС № 46 па Маскве паступіла заява асобы, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца ў сувязі з выключэннем юрыдычнай асобы з ЕГРЮЛ. Пры паступленні такой заявы юрыдычную асобу не могуць выключыць з рэестра ў адміністрацыйным парадку.
Характэрна, што ўжо 10 студзеня кампанія «ЛБВМС» зарэгістравалася ў якасці страхавальніка ў сацыяльным фондзе Расіі. Аналагічныя запісы ў ЕГРЮЛ з'явіліся ў 2019 годзе, калі ФНС таксама спрабавала ліквідаваць расійскі бізнэс Сярогі.
Усяго кампанію Сяргея Пархоменкі спрабавалі выключыць з ЕГРЮЛ ужо чатыры разы. У 2020 годзе яе выключылі з рэестра малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а ў 2022-м адрас рэгістрацыі прызналі несапраўдным. Таксама ў «ЛБВМС» былі невялікія даўгі па пенсійных узносах — на 500 расійскіх рублёў.
Спявак Сярога родам з Гомеля стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы ў пачатку нулявых. Ён выконваў такія тагачасныя хіты, як «Чорны бумер», «Каля дома твайго», «King Ring». У 2010-я атрымаў дазвол на жыхарства ва Украіне, дзе доўга жыў і працаваў. Але пасля пачатку пратэстаў у Беларусі стаў на бок рэжыму Лукашэнкі, часта адзначаўся пралукашэнкаўскімі выказваннямі і браў удзел у праўладных мерапрыемствах.
Цяпер Сярога жыве ў Беларусі, але часта заязджае ў Расію.
Каментары