А можа, усё ж варта, каб Лукашэнка ўдзельнічаў у перамовах па Украіне?
Такое пытанне часам уздымаецца ў беларускай палітычнай тусоўцы. «Гэта лепш за сітуацыю, калі Беларусь не будзе прадстаўленая ўвогуле нікім», — перакананы Зянон Пазняк. Але якая карысць будзе ад гэтага? Разважае Алесь Сантоцкі.
У 2025 годзе могуць пачацца расійска-ўкраінскія перамовы, удзельнічаць у якіх хацеў бы і афіцыйны Мінск. Жаданне Лукашэнкі трапіць за перамоўны стол цалкам зразумелае — гэта для яго шыкоўная магчымасць прарваць міжнародную ізаляцыю і легітымізаваць свой рэжым. Але, можа быць, яго прысутнасць на перамовах паслужыць і беларускім нацыянальным інтарэсам?
Лічаныя дні застаюцца да інаўгурацыі новага-старога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а гэта значыць, што неўзабаве варта чакаць актывізацыі намаганняў па арганізацыі расійска-ўкраінскіх перамоў, якія маюць спыніць гарачую фазу вайны ва Украіне і прывесці да нейкага замірэння паміж бакамі.
Контуры гэтых перамоў пакуль у тумане, і ўвогуле да канца невядома, пачнуцца яны сёлета ці не. З аднаго боку, няўзброеным вокам бачная стомленасць ад гэтай вайны ў Расіі, але ваенныя дзеянні ідуць на яе карысць — хай сабе і павольна, і коштам вялікіх страт, але расійская армія на Данбасе прасоўваецца.
Таму ў расійскіх уладаў ёсць спакуса не ісці ні на якія перамовы, а працягваць наступленне са спадзевам на тое, што рана ці позна ўкраінскія рэсурсы і воля ўкраінцаў да супраціву вычарпаюцца. Тым больш што і на міжнароднай арэне ў расіян не без поспехаў: стомленасць заходніх грамадстваў ад вайны разам з застасаваннем гібрыдных інфармацыйных тэхналогій спрыяе таму, што ў многіх краінах Захаду калі не прыходзяць да ўлады, то прынамсі пашыраюць свае ўплывы больш прыязныя да Расіі палітычныя сілы.
У той жа час не да канца вядома, наколькі ўстойлівая сама Расія і наколькі вялікія ў яе цяпер рэсурсы. Цалкам можа быць, што, нягледзячы на поспехі на полі бою і публічную дэманстратыўную ўпэўненасць, Крэмль можа насамрэч прагнуць перадыху не менш за Захад, бо адчувае, што ўрэшце сітуацыя з той жа аслабленай вайной і санкцыямі эканомікай можа выйсці з-пад кантролю. Калі так, то пачатку перамоў і дасягнення пагаднення аб замірэнні можна чакаць ужо ў гэтым годзе.
Аднак жа стан спраў на полі бою і агульная міжнародная сітуацыя безумоўна будуць уплываць на характар гэтых перамоў.
Тое, што Расія за тры гады вайны не змагла дабіцца сваіх першасных мэтаў, але і не прайграла, вызначае тое, што падчас перамоў Украіна і Захад не змогуць з ёй размаўляць з пазіцыі моцнага і проста дыктаваць нейкія ўмовы.
Гэта ні ў якім разе не сітуацыя пачатку 1918 года, калі бальшавіцкая Расія на перамовах у Брэсце гатовая была пайсці кайзераўскай Германіі на любыя саступкі, абы толькі хутчэй падпісаць мір і засяродзіцца на ўнутраных справах.
З другога боку, Расія ўсё ж не дабілася сваіх першапачатковых мэтаў: у выніку маланкавай вайны паставіць пад кантроль Украіну і Малдову і стаяць на межах непасрэдна Захаду. Таму і яна, калі хоча дабіцца нейкага пагаднення, не можа ставіць бескампрамісных ультыматумаў з патрабаваннем іх безумоўнага прыняцця.
Дзеля таго прадметам гэтых перамоў яўна будзе не архітэктура глабальнай бяспекі і не перадзел сфераў уплыву ў рэгіёне. Перамовы будуць нацэленыя фактычна толькі на дасягненне наступных асноўных мэтаў:
- спыненне агню;
- тэрытарыяльнае размежаванне паміж Расіяй і Украінай (са стратай апошняй часткі акупаваных расійскай арміяй тэрыторый);
- гарантаванне далейшай бяспекі Украіны ад новай расійскай агрэсіі.
У такіх умовах для нас, беларусаў, не можа не стаяць пытанне — наколькі магчымы і наколькі пажаданы ўдзел у гэтых перамовах прадстаўнікоў лукашэнкаўскай Беларусі? Менавіта лукашэнкаўскай, бо па-іншаму пытанне на практыцы не стаіць. У Святланы Ціханоўскай на траплянне за стол перамоваў няма аніводнага шанцу па аб’ектыўных прычынах, прэтэнзіі ж іншых грамадскіх дзеячаў на прадстаўніцтва беларускіх інтарэсаў — ад самага пачатку са сферы кур’ёзаў або самапіяру.
Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў маглі б гіпатэтычна апынуцца за сталом перамоваў хоць бы ў нейкай якасці толькі ў адным выпадку — калі б на гэтым моцна настойваў заходні бок, а Расія знаходзілася ў такім стане, што не магла б гэтай настойлівасці супраціўляцца. Але рэальная сітуацыя, як вышэй адзначалася, зусім іншая, таму пра гэта няма чаго гаварыць.
Што да Лукашэнкі, то ягоныя шанцы прабіцца на перамовы хоць бы ў нейкай якасці не сказаць каб вялікія, але і не нулявыя.
Перадусім гэта залежыць, відаць, ад таго, у якім фармаце тыя перамовы будуць весціся — у вузкім, калі перамаўляцца будуць прадстаўнікі толькі ключавых краін і міжнародных арганізацый з максімальным абмежаваннем іх колькасці, ці шырокім, калі да перамоў будуць прыцягнутыя, як кажуць у народзе, і жук і жаба.
Першы варыянт — прагматычны і найбольш працоўны, ён дае магчымасць дасягнуць прымальнага для абодвух бакоў выніку як найхутчэй. Але калі прынамсі адзін з бакоў, а менавіта расійскі, будзе больш зацікаўлены ў працэсе, чым у выніку, то не выключаны і больш шырокі, а значыць і менш плённы фармат, дзе будзе больш балбатні, чым толку. І вось акурат на яго Расія можа патэнцыйна працягнуць і Лукашэнку.
А калі будзе гэта рабіць, то не для таго, натуральна, каб Лукашэнка абараняў на перамовах нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Адносна гэтага не варта мець ілюзій. Ягонай задачай будзе прасоўванне інтарэсаў Крамля пад шырмай абароны беларускіх.
Зрэшты, па пытаннях спынення агню і тэрытарыяльнага размежавання паміж Расіяй і Украінай беларускай дэлегацыі ўвогуле не будзе чаго сэнсоўнага гаварыць. Беларусі гэтыя пытанні непасрэдна не тычацца і яна на іх не ўплывае, паколькі беларуская армія як такая, дзякуй богу, непасрэдна ў вайну не ўступіла. Адпаведна, з Лукашэнкам не будзе тут пра што дамаўляцца нават фармальна.
А вось у пытанні гарантый для Украіны беларускі фактар ужо якраз з’яўляецца. Бо тут ужо ніяк не прайсці міма таго факту, што на Кіеў у лютым 2022 года расійскія войскі рушылі з тэрыторыі Беларусі і з яе вяліся ракетныя абстрэлы.
Адпаведна, для таго, каб пазбегнуць такіх сітуацый у будучыні, Украіна і Захад сярод іншага маюць ставіць пытанне, каб патрабаваць ад Расіі надалей устрымлівацца ад ператварэння беларускай тэрыторыі ў ваенны плацдарм.
Дзеля таго можна меркаваць, што ўкраінцы і заходнікі могуць сярод іншага дабівацца ад Пуціна абяцання не ствараць на беларускай тэрыторыі вайсковых баз, не размяшчаць там буйных вайсковых сілаў, «Арэшніка» і іншых падобных сістэм, а таксама вываду з Беларусі ядзернай зброі — калі, натуральна, яна ўжо завезеная не толькі на словах. Зразумела, што любыя дамоўленасці з Пуціным мала чаго вартыя і ён, нават нешта паабяцаўшы, у выпадку патрэбы на гэта наплюе — але ўсё ж такі атрымаць такія абяцанні імкнуцца будуць.
Толькі ці азначае тое, што калі ў гэтым выпадку пытанне непасрэдна тычыцца Беларусь, то без Лукашэнкі за сталом перамоваў яго не вырашыш? Наўрад ці — рэальна ні на якія маніпуляцыі з расійскімі войскамі і зброяй беларускі правіцель, як выглядае, не ўплывае, і калі Крэмль прыме нейкае рашэнне, то ніхто ў яго пытацца не будзе, згодзен ён ці не згодзен, падабаецца яму ці не падабаецца.
У той жа час дапушчаны да перамоў Лукашэнка якраз такі, хутчэй за ўсё, будзе супраціўляцца і вываду ядзернай зброі, і адмове ад размяшчэння «Арэшніка», і іншым прапановам, звязаным з абмежаваннем мілітарызацыі тэрыторыі Беларусі.
Як, маўляў, вы без нас вырашаеце, што размяшчаць на нашай тэрыторыі, а што не размяшчаць? Маўляў, гэта ўсё можа вырашаць толькі беларускі народ (то-бок я), і ніхто іншы — і іншая падобная дэмагогія.
Можна меркаваць, што для выканання акурат такой ролі Масква і будзе лабіяваць удзел у перамовах свайго цалкам падкантрольнага саюзніка — каб ён выконваў ролю расійскага падгалоска, ці падтрымліваючы пазіцыю дэлегацыі ад Расіі, ці агучваючы нібыта ад сябе тое, што самому Крамлю гаварыць тактычна нявыгадна.
І тут узнікае пытанне — ці супадаюць у гэтым пытанні інтарэсы рэжыму Лукашэнкі з інтарэсамі нацыянальнымі? Ці ў інтарэсах беларускага народа, каб Лукашэнка адстойваў на перамовах патрэбу нашпігоўвання нашай тэрыторыі расійскай зброяй? Думаю, гэта пытанне рытарычнае, і адказ на яго відавочны. А калі на перамовах усё ж такі будуць дасягнутыя дамоўленасці, якія прынамсі фармальна будуць абмяжоўваць права Расіі выкарыстоўваць у ваенным сэнсе тэрыторыю Беларусі — то на гэта прысутнасць Лукашэнкі ўплываць не будзе.
Часам можна пачуць думку, што важная прысутнасць на перамовах хоць бы якой беларускай дэлегацыі, нават лукашэнкаўскай, бо без гэтага нібыта там могуць прыняць нейкія рашэнні, скіраваныя супраць суверэнітэту і цэласнасці Беларусі — і не будзе каму сказаць слова насуперак. А Лукашэнка, які б ні быў, будзе змагацца за Беларусь прынамсі як за сваю вотчыну.
Гэта нібыта лагічна, але ў той жа час варта ставіць пытанне, ці магчыма ў прынцыпе на гэтых канкрэтных перамовах, улічваючы тое, у якіх умовах яны адбываюцца, пастаноўка шкодных для Беларусі пытанняў, рэалізацыі якіх будзе супраціўляцца нават Лукашэнка? А такіх пытанняў не так ужо і шмат.
Ну вось, напрыклад, класічны прыклад гістарычнай сітуацыі, пры якой лёс беларусаў вырашаўся без беларусаў — Рыжская мірная дамова 1921 года, паводле ўмоваў якой тэрыторыя Беларусі была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Ці не можа сітуацыя 1921 года паўтарыцца ў 2025-м, і без Лукашэнкі Беларусь зноў падзеляць?
Не, менавіта такой пагрозы ў сучаснай сітуацыі няма. Сёння пытанне падзелу Беларусі паміж рознымі краінамі не стаіць на парадку дня ўвогуле, ніводзін з уплывовых як глабальных, так і рэгіянальных міжнародных палітычных чыннікаў такой задачы не ставіць ні тэарэтычна, ні практычна. Імкненні Польшчы ці яшчэ каго да вяртання ў свой склад заходнебеларускіх земляў існуюць толькі ў запаленым уяўленні расійскіх ды лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, няма экспансіянісцкіх намераў таксама ва Украіны, Літвы і Латвіі. Як таксама няма на практыцы, а не толькі ў прапагандзе агрэсіўнага і ненажэрнага блока НАТА, які толькі нібыта спіць і бачыць, каб недзе ў кагосьці адхапіць кавалак зямлі.
Адзіная краіна, якая рэальна точыць зубы на Беларусь — гэта пуцінская Расія, і той яна патрэбна цалкам, а не часткамі. І на сёння патрэбы змагацца за валоданне Беларуссю, у тым ліку на дыпламатычнай арэне, у Расіі няма — яна і так яе поўнасцю кантралюе.
А паколькі лукашэнкаўская Беларусь знаходзіцца цалкам у сферы ўплываў Расіі, а Расія на перамовах не будзе ў ролі прайграўшага, якому ставяць ультыматумы — то адпаведна і пра выхад Беларусі з гэтай сферы ўплыву ніхто не будзе там нават заікацца. Нічога нікому не застанецца, як толькі прызнаваць статус-кво: уся Беларусь як расійскі сатэліт. Гэта прыкрая для нас сітуацыя, але такія рэаліі, якія ў цяперашняй сітуацыі ніхто памяняць не ў сілах.
І прысутнасць ці адсутнасць Лукашэнкі на перамовах тут абсалютна нічога не мяняе.
Але, можа, на перамовах тады паўстане пытанне пра статус Беларусі як асобнай дзяржавы? Можа, Пуцін за нейкія саступкі на ўкраінскім кірунку запатрабуе ад контрагентаў на перамовах згоды на яе анексію і інкарпарацыю непасрэдна ў сваю імперыю? І яны возьмуць ды пагодзяцца, калі на тых перамовах не будзе Лукашэнкі, што стане жарсна бараніць сваю вотчыну ад пасягальніцтваў?
Не думаю, што і такая небяспека рэальна існуе.
Калі ў заходнім палітыкуме існуе сапраўды моцная плынь, прадстаўнікі якой стаміліся ад вайны і гатовыя хоць сёння прызнаць наяўную сітуацыю дэ факта, то нават тыя палітыкі, якія свядома ці несвядома граюць ролю адвакатаў Пуціна на Захадзе, ніколі не вядуць гаворку пра магчымасць прызнання пуцінскіх анексій дэ юрэ.
Тым больш гэтага не будзе, калі гаворка зойдзе пра анексію цэлай незалежнай дзяржавы — суб’екта міжнароднага права. Ніхто не хоча ствараць небяспечны прэцэдэнт, які абавязкова бумерангам адгукнецца ў іншых месцах зямнога шару. Тым больш што сама сітуацыя да гэтага яўна вымушаць не будзе.
Іншая справа — што пагроза нават фармальнаму суверэнітэту Беларусі пасля замірэння ва Украіне сапраўды ўзмацніцца, паколькі наша краіна застанецца ў сферы ўплываў і пад поўным кантролем Расіі, а ўплыў на сітуацыю ў ёй і каля яе іншых чыннікаў будзе вельмі абмежаваны. Тады, вядома, нельга выключаць, што Крэмль у перспектыве правядзе аперацыю па прамой інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі. Гэты акт, аднак, яўна не будзе афіцыйна прызнаны міжнароднай супольнасцю, ці прынамсі большай яе часткай. То-бок складзецца такая сітуацыя, якая была з краінамі Балтыі ў часы СССР.
Аднак жа гэта ўжо справы, якія не маюць дачынення непасрэдна да магчымых хуткіх перамоў адносна расійска-ўкраінскага замірэння. Непасрэдна на іх рашэнне пра статус Беларусі дакладна прымацца, ды нават і падымацца не будзе.
Страта фармальнага суверэнітэту Беларусі, несумненна, Лукашэнку не выгадная, і ён будзе супраць гэтага змагацца, калі ў яго застануцца сілы і магчымасці. Аднак адкрытага выкліку Крамлю, ад прыхільнасці якога крытычна залежыць захаванне ім улады, беларускі правіцель дазволіць сабе не можа. Адпаведна і на расійска-ўкраінскіх перамовах ён не будзе ўступаць у канфлікт з Пуціным, разумеючы, што пасля іх заканчэння па-любому застанецца з ім адзін на адзін.
Падсумоўваючы: дэлегацыя ад Беларусі (чытай — ад рэжыму Лукашэнкі) будзе на расійска-ўкраінскіх перамовах толькі тады, калі яе прысутнасці там даб’ецца Масква. Дабівацца ж гэтага яна будзе толькі дзеля адной мэты — каб Лукашэнка дапамагаў Крамлю дасягнуць на перамовах сваіх мэтаў.
Дасягненне расійскіх мэтаў — не ў нацыянальных інтарэсах Беларусі, калі не атаясамліваць іх з інтарэсамі рэжыму Лукашэнкі. Вядома, у пэўных момантах інтарэсы беларускай нацыі і рэжыму Лукашэнкі могуць супадаць, як тое ж пытанне захаванне суверэнітэту Беларусі. Але гэтае пытанне яўна не стане прадметам перамоў, а ў пытанні вайсковай прысутнасці Расіі на тэрыторыі Беларусі, якое прадметам перамоў, верагодна, стане, Лукашэнка стаіць цяпер і будзе стаяць надалей на пазіцыях, супярэчных нацыянальным інтарэсам. Адпаведна ад ягонага ўдзелу ў перамовах, безумоўна, можа быць істотная карысць для рэжыму, але не для беларускай нацыі.
Патрушаў заявіў, што Украіна і Малдова могуць «спыніць існаванне», а перамовы па Украіне павінны весціся з ЗША без ЕС
Што чакае Беларусь у бліжэйшыя пяць гадоў? А Расію і Еўропу? Спецдакладчык ААН па Беларусі дае свой расклад
«Мы павінны пакласці канец гэтай вайне». Трамп распавёў аб падрыхтоўцы сустрэчы з Пуціным
Макрон заклікае Украіну да «рэалістычных дыскусій» па пытаннях тэрыторый
«У нас няма сіл вярнуць іх». Зяленскі — пра Крым і Данбас
Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць
Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам
Каментары