Вальфовіч заявіў, што экстрэмісты плануюць захапіць прыгранічныя раёны Беларусі
Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч у інтэрв'ю sb.by заявіў пра нібыта план захопу «экстрэмісцкімі фармаваннямі» беларусаў прыгранічных раёнаў краіны і ўводу Захадам міратворчага кантынгенту.
«Вядзецца актыўная падрыхтоўка баевікоў для так званай «Беларускай вызвольнай арміі». У Польшчы для кіраўніцтва працэсамі навучання баевікоў створаны камандна-каардынацыйны цэнтр «Паспалітае рушэнне». Рыхтуецца «баявое крыло». На тэрыторыі Украіны, якая ператварылася ў нейкую шэрую зону і выкарыстоўваецца Захадам для вядзення проксі-вайны з Расіяй і Беларуссю, з прыцягненнем спецыялістаў украінскіх і заходніх спецслужбаў і спецпадраздзяленняў ажыццяўляецца ваенна-дыверсійная падрыхтоўка членаў розных экстрэмісцкіх фарміраванняў, якія складаюцца з беларускіх радыкалаў», — заявіў Вальфовіч.
Па яго словах, разглядаецца магчымасць задзейнічання названых экстрэмісцкіх фармаванняў ва ўзброенай аперацыі «па захопе аднаго або некалькіх прыгранічных раёнаў Беларусі, абвяшчэнню гэтай тэрыторыі «свабоднай» і ўводу туды заходнімі краінамі нейкага «міратворчага» кантынгенту».
Таксама сакратар Рады бяспекі сказаў, што ўкраінскімі спецслужбамі нібыта праводзіцца актыўная праца па дыстанцыйнай вярбоўцы праз інтэрнэт «спачуваючых» беларускіх грамадзян з мэтай іх скланення да аказання садзейнічання ў зборы і прадастаўленні цікавай інфармацыі, а таксама здзяйснення актыўных супрацьпраўных дзеянняў.
«Спачатку ім прапануецца ажыццявіць фота– і відэаздымку месцаў дыслакацыі падраздзяленняў Узброеных сіл у памежных з Украінай раёнах з наступнай перадачай ім атрыманых матэрыялаў. У далейшым завербаваныя беларускія экстрэмісты выкарыстоўваюцца ўкраінскімі спецслужбамі і іх заходнімі куратарамі для стварэння схронаў са зброяй і боепрыпасамі, выбуховымі прыладамі і выбуховымі рэчывамі ў мэтах іх далейшага выкарыстання пры здзяйсненні тэрарыстычных нападаў і дыверсій на тэрыторыі Беларусі і Расіі, а таксама непасрэдна для іх здзяйснення», — дадаў Вальфовіч.
Каментары