Грамадства138138

Пашпарт Новай Беларусі пачнуць выдаваць з 26 студзеня. Што вядома і як атрымаць?

Праект пашпарта Новай Беларусі дэмсілы прэзентавалі 6 жніўня 2023 года. Першыя асобнікі дакумента мусілі з’явіцца яшчэ ў пачатку мінулага года. Пасля адстаўкі з Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Кавалеўскага і скандалу з падрадчыкам, які мусіў друкаваць дакумент, пашпарт Новай Беларусі пачаў курыраваць грамадзянін Літвы Марыюс Гудэлайціс. Ён расказаў «Люстэрку», што заяўкі на выдачу будуць прымаць ужо з 26 студзеня. Ці дасць нешта гэты дакумент беларусам, хто і як будзе займацца бяспекай асабістых звестак і хто дакумент атрымаць не зможа? 

Тэрміны

— Калі можна будзе падаць заяву на выдачу пашпарта Новай Беларусі?

— Плануем пачаць 26 студзеня падчас форуму «Беларусы годныя лепшага». Тэхнічна дакумент адпавядае ўсім міжнародным стандартам, і па гэтым пытанні мы кансультаваліся са спецыялістамі еўрапейскіх структур і ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі. — Заўв. рэд.).

З ліпеня вялася праца над стварэннем Беларускага пашпартнага цэнтра і ў Вільні. Пастаўленае неабходнае абсталяванне для друку, наладжаная сістэма збору біяметрыі, верыфікацыі звестак. Мы надрукавалі ўзоры для рассылання ўрадам і дадавання ў міжнародныя базы трэвэл-дакументаў.

— Колькі часу пройдзе з падачы заяўкі да атрымання пашпарта?

— Дакладнага тэрміну мы пакуль назваць не можам, усё будзе залежаць ад попыту і загружанасці цэнтра. Мяркуецца, што звычайна гэта будзе займаць каля тыдня.

— Што трэба для заяўкі?

— «Стары» беларускі пашпарт і дакумент, які пацвярджае легальнае знаходжанне ў Еўрапейскім саюзе. Таксама неабходна зарэгістравацца на прыём. Пасля таго як заяўнік атрымае пацверджанне, ён мусіць будзе аплаціць збор, здаць біяметрыю. На сайце цэнтра будзе ўся падрабязная інфармацыя.

— Чаму атрымаць дакумент змогуць толькі людзі з відамі на жыхарства ў ЕС?

— Гэта вымушанае рашэнне. Пакуль мы не маем магчымасці верыфікаваць людзей, якія жывуць у іншых краінах. Але, вядома, будзем імкнуцца адкрыць такую магчымасць у будучыні.

— Якія могуць быць падставы для адмовы ў выдачы пашпарта?

— Памылкі ў дакументах, сумнеў у сапраўднасці, меркаванні бяспекі.

Марыюс Гудэлайціс на канферэнцыі «Новая Беларусь», Літва, Вільня, 3 жніўня 2024 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Функцыянал

— Ці можна будзе падарожнічаць з новым беларускім пашпартам? Ці захаваецца для яго ўладальніка бязвізавы рэжым з тымі краінамі, з якімі Беларусь мае адпаведныя пагадненні? Ці трэба будзе атрымліваць візу для паездкі, напрыклад, у Грузію ці Турцыю?

— Падарожнічаць пакуль нельга, на сёння ён не ўключаны ў міжнародныя базы трэвэл-дакументаў. Які будзе статус у пашпарта і якія магчымасці для падарожжаў — гэта ўсё прадмет для перамоваў.

У кожнай краіне рознае заканадаўства. Для пачатку гэтых дыскусій нам патрэбныя былі ўзоры, цяпер яны ёсць. Калі пачнецца афармленне, мы будзем абмяркоўваць пэўныя магчымасці для іх трымальнікаў. Зразумейце, гэта беспрэцэдэнтны і складаны праект. Але нашая мэта — каб ён змог вырашаць легалізацыйныя пытанні беларусаў. І мы спадзяёмся на вашую падтрымку.

На пытанні пра прызнанне дакумента, яго магчымасці для пасведчання асобы і вырашэнне адміністрацыйных задач адказаў палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

— Мы толькі атрымалі ад пашпартнага цэнтру ўзоры. Без гэтага, пакуль быў толькі канцэпт, не маглі весці перамовы пра статус пашпарта. Цяпер гэта рэальнасць. Безумоўна, ёсць вялікая цікавасць з боку замежных палітыкаў, мы ўжо размаўлялі з шэрагам міністраў, зараз мае быць падрыхтавана дадатковае юрыдычнае абгрунтаванне. Пашпартны цэнтр ужо пераслаў узоры ва ўсе еўрапейскія краіны, зараз трэба будзе правесці ў кожнай краіне кансультацыі.

Для нас важны пашпарт не толькі для вырашэння легалізацыйных пытанняў, але таксама і для будавання беларускай супольнасці. Мы размаўляем з партнёрамі і платформай «Новая Беларусь», каб інтэграваць яго ў праекты, якія дапамагаюць будаваць грамадзянскую супольнасць.

— Ці правільна я разумею, што цяпер пашпарт Новай Беларусі — гэта, хутчэй, сімвалічнае пасведчанне, якое пакуль у замежных дзяржавах не можа цалкам замяніць нацыянальны дакумент?

— Гэта не толькі сімвалічнае, але досыць рэальнае пасведчанне, праўда, пакуль не прыдатнае для міжнародных паездак. Безумоўна, наша мэта — каб гэты дакумент мог замяніць пашпарт замежніка, выкарыстоўвацца для паездак, а таксама замяняў пратэрмінаваныя пашпарты пры падачы дакументаў на легалізацыю, напрыклад. Цягам гэтага году мы будзем напаўняць пашпарт канкрэтным функцыяналам.

Бяспека

— Як будзе праходзіць верыфікацыя заяўнікаў?

— У адпаведнасці з міжнародна прызнанымі прынцыпамі ў нас распрацаваная сістэма верыфікацыі. Яе дэталяў мы не раскрываем.

— Хто адказвае за абарону персанальных звестак? Дзе яны будуць захоўвацца, як гарантуецца іх абарона?

— За захаванасць звестак адказвае Беларускі пашпартны цэнтр. Усё будзе паводле найвышэйшых міжнародных стандартаў. Доступ да звестак строга абмежаваны, і ніхто (у тым ліку прадстаўнікі рэжыму) не зможа даведацца, ёсць у чалавека гэты дакумент ці не.

Мы ўжо прайшлі некалькі праверак бяспекі і плануем паўнавартасны аўдыт бяспекі з удзелам арганізацый, якія ў гэтым спецыялізуюцца.

— Хто працуе ў Беларускім пашпартным цэнтры?

— Спецыялісты і прафесіяналы сваёй справы. Са зразумелых прычын не можам раскрываць іх імёны, а таксама колькасць супрацоўнікаў.

— Ці змогуць улады Беларусі цяпер ці ў будучыні, калі дакумент будзе прызнаны якой-небудзь краінай, па міжнародных базах даведацца імёны іх уладальнікаў?

— Рэжым не зможа атрымаць доступ да базы ўладальнікаў пашпартоў. Мы ўважліва ставімся да бяспекі ўсіх звестак. Кожны запыт з боку дэмакратычных краін будзе вырашацца ў індывідуальным парадку з улікам бяспекі і заканадаўства ЕС.

— Хто будзе друкаваць пашпарт? Тая ж літоўская кампанія Garsų pasaulis, з якой у Літве быў скандал праз падазрэнні ў сувязі з рэжымам Лукашэнкі?

— З меркаванняў бяспекі і пасля кансультацый з літоўскімі ўладамі мы вырашылі рабіць фінальную пячатку і персаналізацыю пашпартоў in-house, у самім пашпартным цэнтры. Garsų pasaulis перадаў нам закупленыя раней матэрыялы і базавыя бланкі. Ніякага доступу ні ў Garsų, ні ў іншых падрадчыкаў да асабістых звестак не будзе. Гэта самае бяспечнае і аптымальнае рашэнне.

— Які краінавы код вы будзеце выкарыстоўваць?

— Пакуль уласны — BLS. Але калі пачнуцца перамовы, магчыма, пашпарты будуць выдавацца і з іншым кодам.

— Друкаваць дакумент будуць у Літве?

— Так. Пакуль мы адкрываем адзін цэнтр у Вільні. Яго адрас паведамім на сайце цэнтра. Але таксама мы разглядаем магчымасць стварэння цэнтраў у Польшчы і, магчыма, ва Украіне.

— Колькі будзе каштаваць пашпарт?

— Збор за афармленне — 97 еўра. Аплаціць яго можна будзе анлайн.

— Чым абгрунтаваны такі кошт?

— Гэта мінімум, неабходны для вытворчасці, верыфікацыі, друку, арэнды абсталявання, захоўвання звестак, працы цэнтра прыёму дакументаў. Мы заклікаем дадаткова падтрымаць [нас] данатамі для стварэння асобнага цэнтра ў Варшаве, а таксама падрыхтоўкі юрыдычна-прававой базы, неабходнай для перамоваў з дзяржавамі пра статус дакумента. Гэта асобны вялікі блок працы.

— Падаць заяўку на атрыманне можна будзе толькі асабіста або ёсць іншыя спосабы?

— Падача дакументаў — толькі асабістая. Але атрыманне пашпарта магчымае як асабіста, так і праз пошту.

— Калі «сіні» беларускі пашпарт яшчэ дзейнічае, то ці можна атрымаць новы або трэба адмовіцца ад ранейшага?

— Не трэба, ён працуе не замест, а разам з іншымі дакументамі і пакуль не замяняе іх.

— Калі ў беларуса скончыўся «сіні» пашпарт Беларусі, няма віду на жыхарства ў краіне знаходжання, то ці ёсць у яго шанец атрымаць дакумент Новай Беларусі?

— Пратэрмінаваны стары пашпарт Беларусі — не праблема. Але без ВНЖ, ПМЖ ці абароны ў ЕС вы не зможаце атрымаць новы.

— Як пашпарт абаронены ад падробак? Наколькі складана зрабіць яго фальшывую копію?

— Ён зроблены паводле ўсіх апошніх міжнародных стандартаў бяспекі, і падрабіць яго вельмі складана. Трэба разумець, што гэта ў першую чаргу электронны дакумент (e-passport), а сама «кніжка» — яго папяровая версія. Электронны пашпарт захоўваецца ў зашыфраваным выглядзе ў воблаку, доступ да яго толькі па спецыяльным ключы, і любую падробку лёгка вызначыць.

Каментары138

  • Иван Петрович
    14.01.2025
    Короче, ксива для красоты.
  • Офисная пилорама
    14.01.2025
    [Рэд. выдалена]
  • 1
    14.01.2025
    «Беларусы годныя лепшага» - няграматны сказ, машынны пераклад з расейскае мовы сказу "Белорусы достойны лучшего". Па-беларуску будзе "Беларусы вартыя лепшага". Годнасць і быць годным - зусім іншае значэнне расейскага слова, якое нельга ўжыць такім чынам.

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА16

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве на працоўным месцы забіты супрацоўнік контрвыведкі ФСБ4

«Гэта я з’явіўся ў цэнтры Кіева, а не Пуцін». Байдэн падвёў міжнародныя вынікі свайго прэзідэнцкага тэрміну5

У Новай Баравой прадаюць кватэру па $5500 за метр. І гэта не памылка13

З чырвонай цаной атрымалася даражэй, чым са звычайнай. Мінчанка купіла шакаладкі і засмуцілася15

Ноччу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі Тульскую, Саратаўскую, Арлоўскую, Растоўскую вобласці і Татарстан2

Кітай думае прадаць амерыканскі сегмент TikTok Ілану Маску2

Ветэрынара са Смілавічаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах. Яму пагражала да 12 гадоў калоніі

Паглядзіце, які прыгожы кот працуе ў МЗС Літвы і стаў сапраўднай зоркай ФОТА3

Ці праўда, што ў абменніках не прымаюць даляры старога ўзору?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА16

Як цяпер выглядае палітзняволены Ігар Лосік ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →