На тэлеканале АНТ паказваюць цыкл прымусовых інтэрв'ю палітзняволеных экс-супрацоўнікаў «Радыё Свабода» — Андрэя Кузнечыка, Ігара Лосіка і Ігара Карнея, — а таксама беларуска-амерыканскага адваката Юрыя Зянковіча. Адзін з былых палітзняволеных пазнаў месца, у якім іх здымалі, і расказаў пра гэта «Нашай Ніве».
Ігар Лосік. Скрыншот АНТ
Дзяржаўныя тэлеканалы і раней паказвалі падобныя інтэрв'ю з палітвязнямі — але звычайна прапагандысты прыязджалі да іх у калоніі. Так, у Шклове здымалі Дзмітрыя Лукшу, у Гомелі — Паліну Шарэнду-Панасюк і Дар'ю Лосік.
Цяпер жа Андрэя Кузнечыка і Ігара Лосіка прывезлі для здымкаў у СІЗА КДБ. Раней іх утрымлівалі ў калоніі ў Наваполацку.
На відэа бачна, як Андрэя Кузнечыка вядуць праз пераход па вуліцы паміж следчымі кабінетамі і камерамі, таксама ў кадры з'яўляецца драўляная падлога — а на Валадарцы, напрыклад, пераважна ляжала плітка.
«Пасля ідуць кадры, дзе, нібыта, яны (Кузнечык і прапагандыст АНТ — НН) размаўляюць ва ўнутраным дворыку для прагулак, але тут стопрацэнтна сказаць не магу, бо не разумею, адкуль там клетка за прапагандыстам, — расказвае былы палітвязень, які прайшоў у СІЗА КДБ, і Валадарку, і іншыя следчыя ізалятары. —
На апошніх кадрах, дзе Андрэя Кузнечыка выводзяць, таксама вельмі падобна да СІЗА КДБ. Так вадзілі ў следчыя кабінеты», — расказвае ён.
Звяртае ўвагу на сябе і выхад з СІЗА на вуліцу. Спачатку трэба спусціцца па вінтавой лесвіцы, а пасля праз бакавы калідор выводзяць у дворык.
«Толькі ў маіх успамінах яна больш крутая, унізе там на відэа бачныя зялёныя сцены. Яны такімі і пры мне былі.
Яшчэ з маіх назіранняў: на Валадарцы ахоўнікі хадзілі ў іншай форме, а гэтая падобная на тую, якую шыюць менавіта для КДБ», — кажа экс-палітвязень.
«Апроч таго, на Валадарцы разбіты асфальт на вуліцы, а на відэа ён нармальны, таму дакладна КДБ», — падсумоўвае ён.
Каментары