«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца». Маналог беларуса, які нядаўна з’ехаў з краіны
Даніла Шэйка пераехаў жыць у Варшаву пару тыдняў таму. «Па звычцы ўсё яшчэ ўключаю VPN, калі чытаю навіны», — кажа ён. У Беларусі ён працаваў па размеркаванні ў дзяржаўнай газеце «Культура». У Польшчы хлопец уладкаваўся рабочым на завод. Даніла расказаў «Нашай Ніве», якая атмасфера пануе ўнутры краіны. А таксама як выглядала праца ў дзяржаўнай газеце.
«Беларусы ў краіне не даюць заваяваць усю прастору гэтаму тупому сацрэалізму 2.0»
На вуліцах можа падацца, што беларусы «перагарнулі старонку», але гэта не так, дзеліцца хлопец.
«Беларусы ў краіне шукаюць нармальнае жыццё, крыніцы радасці. Спрабуюць не з’ехаць з глузду, але гэта не значыць, што яны змянілі каштоўнасці», — кажа ён.
Тыя, хто атрымаў забарону на прафесію, не могуць ладзіць канцэрты і выставы з-за маштабных рэпрэсій па ўсёй краіне, жывуць сяброўскімі сустрэчамі і сям’ёй.
«Азначэнне Беларусі як выпаленай зямлі мне не падабаецца, бо я дакладна магу сказаць, што нават у дзяржаўных інстытуцыях засталіся адэкватныя беларусы, з каштоўнасцямі. Засталіся тыя, хто шэптам спрабуе нешта казаць у сваіх колах і такім чынам не дае згінуць беларускай маралі, думцы, заваяваць усю прастору гэтаму тупому сацрэалізму 2.0», — разважае Даніла.
Азлобленасці на жыццё ў хлопца няма. Калі ён аналізуе падзеі ў беларускім дэмакратычным руху, то заўсёды перад сабой ставіць пытанне: «А што зрабіў я для перамен у краіне?»
«Не трэба забывацца, што ў адрозненне ад дзяржаўнай улады, якой я ў Беларусі плаціў падаткі, Офісу і Святлане Ціханоўскай падаткі не плачу. Аддаў ёй толькі свой голас. Я магу да яе выстаўляць нейкія патрабаванні, аналізаваць выказванні, крытыкаваць, але ў гэтым усім ёсць пэўны «стоп», бо разумею, што ў параўнанні з ёй, вядучымі дэмакратычнымі структурамі, я не зрабіў увогуле нічога. Гэтыя людзі цягнуць вялікую працу на сабе», — лічыць ён.
«Кожную асобу, якую ты згадваеш у артыкулах, трэба было правяраць ледзь не ў КДБ»
У 2020 годзе Даніла зрабіў некалькі данатаў ахвярам палітычных рэпрэсій. За гэта яго выклікалі ў КДБ.
«Быў вымушаны плаціць ім грошы, каб мяне не пасадзілі, — расказвае ён. — Увосень 2024 года кола рэпрэсій вакол мяне звужалася, і я вырашыў з’ехаць з краіны. Падаўся на працоўную візу, чакаў і ўвесь гэты час баяўся не паспець пераехаць. Тады пераадолеў сорам і звярнуўся па гуманітарную візу ў польскае МЗС. Яны адмовілі, таму што, па іх словах, іх партнёры з беларускай дэмакратычнай супольнасці рэкамендавалі, што ў маім выпадку няма падстаў для атрымання гуманітарнай візы. Гэта было непрыемна, але спакойна паставіўся».
На размеркаванне ў газету «Культура» хлопец трапіў у 2022 годзе. Да гэтага ён супрацоўнічаў з радыё «Культура», адкуль яго звольнілі за подпіс за прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыку.
«Нейкі час я рабіў матэрыялы пра беларускасць, нацыянальную ідэнтычнасць. Пісаў, напрыклад, пра дэсаветызацыю нашых тапонімаў. Зразумела, што гэта ўсё смешна на фоне сур’ёзных палітычных праблем у Беларусі. Але праз такія маленькія дробязі спрабавалі ўзняць хаця б тыя ж пытанні русіфікацыі. У мяне быў вялізны матэрыял, прысвечаны Максіму Гарэцкаму, я разважаў пра тое, чаму не папулярызуецца яго спадчына.
2021 год вельмі адрозніваўся ад цяперашняга. Тады было вялікае кола асоб, у якіх можна было браць каментары. У 2024 годзе кожную асобу, якую ты згадваеш у артыкулах, трэба было правяраць ледзь не ў КДБ», — расказвае ён.
«Цешыць, што я быў стрэмкай у дупе Міністэрства культуры»
Хлопец збіраўся звольніцца з газеты адразу па сканчэнні размеркавання. У рэдакцыі забаранялі пісаць праблемныя і крытычныя матэрыялы, а тагачасны міністр культуры Анатоль Маркевіч хацеў зрабіць з газеты сродак асабістага піяру.
«Прывяду некалькі прыкладаў, каб вы разумелі ўзровень абсурду. Напрыклад, у 2022 годзе Маркевіч ехаў галасаваць на рэферэндуме. Мне тады патэлефанавалі і сказалі тэрмінова ехаць на ўчастак у іншы канец горада. Усё было толькі для таго, каб запосціць у тэлеграм газеты фотаздымак, як галасуе Маркевіч.
Неяк мы пісалі пра ўдзел у мерапрыемстве аднаго калектыва, які налічваў каля 100 чалавек. Перад тым, як паставіць фотаздымак у паблік, нам загадалі праверыць кожнага чалавека на ім — каб ніхто не быў датычны да палітыкі.
Таксама было непрыемна рабіць матэрыялы пра супольныя праекты з Расіяй. Разумею, што калі нават я не трансляваў ідэі «трыадзінага славянскага народа», то ўсё роўна паклаў нейкую цаглінку ў свядомасць. Непрыемна дакранацца да краіны-агрэсара праз агульныя праекты. Вядома, што там гаворка не пра выставы «герояў СВА», але ўсё роўна не час для супрацоўніцтва. Расія выкарыстоўвае такія праекты не для развіцця культурнага дыялогу, а выключна дзеля таго, каб пашыраць свой уплыў на Беларусь», — расказвае ён.
Найвялікшай радасцю для Данілы было, калі кіраўніцтва газеты вярталася з нарады з Міністэрства культуры, дзе іх адчытвалі за тэксты хлопца.
«Напрыклад, я напісаў, як у Бярозе знішчылі вялікую мазаіку на тэму гісторыі Беларусі, у ёй быў нацыяналістычны настрой, — расказвае ён. — Гэта не спадабалася.
Намеснік старшыні райвыканкама асабіста патэлефанаваў Маркевічу і стаў расказваць, што мы нібыта на адным боку, а тут такая публікацыя. Цешыць, што я быў стрэмкай у іх дупе.
Калі на дзяржаўным фестывалі, які першапачаткова быў прабеларускі, круцілі расійскую папсу, я напісаў, што гэта недапушчальна. Ірына Дрыга, якая на той момант яшчэ была начальніцай упраўлення дзяржаўных мерапрыемстваў, вельмі злавалася з-за гэтага тэксту».
Каментары
А лукашысты прывялі краіну ў стан, калі тых, каго задавальняе тое, што адбываецца, не так і шмат засталося.