Дзённік самотніка: Віктар Марціновіч — пра дзённік Караткевіча
Каб стаць сапраўды культавай, асобе трэба крыху аддаліцца ад нас, жывых, цёплых і мітуслівых. Адгарадзіцца музейнай вітрынай часу. Павінныя забыцца істотныя падрабязнасці.
Акалічнасці неістотныя павінныя выціснуць галоўнае, перакруціўшы асобу і характар да міфалагічнай непазнавальнасці. У гэтым сэнсе Быкава, можа, пакуль і зарана абагаўляць. Яшчэ баліць. Яшчэ жывы. Трыццаць гадоў — і спадар Васіль ператворыцца ў ідала без усялякіх нашых высілкаў. Чым меней пры гэтым застанецца ад яго сапраўднага, тым больш каштоўнай будзе кожная захаваная дэталь. Рэальнасць мусіць стаць апокрыфам, а гэта праца не для людзей, а для вечнасці.
Дзённік Уладзіміра Караткевіча, апублікаваны ў 78-м нумары «Дзеяслова», — рэч гэткая ж магічная і інтымная, як спірытычны сеанс з блізкім табе нябожчыкам. Вось ёсць пісьменнік, які за апошнія дзесяцігоддзі зрабіўся іконай. Партрэт якога з коцікамі мружыцца з murals ля ўваходу ў ДЭПО на Кастрычніцкай. Пра яго размаўляюць у кавярнях, байкі пра яго баюць у любым буйным горадзе, дзе разумеюць па-беларуску. Свой Караткевіч паўстаў у кожнага з нас. Мой Караткевіч быў такі: лірычны, вельмі чалавечны (самы, дарэчы, чалавечны з усяго ХХ стагоддзя, супастаўляльным па гэтай якасці быў, бадай што, адзін Дубоўка) творца, які спрабаваў зрабіць наш свет больш добрым. Да таго ж вельмі паспяховы аўтар, кніжкі якога пры жыцці прадаваліся вялізнымі накладамі, творы якога экранізаваліся. Лірык, аточаны шчыльным колам прыхільніц. Мужчына, які мог зачараваць любую сустрэтую дзяўчыну за некалькі гадзін дыялогу. Тусоўшчык кшталту вялікага Гэтсбі. Пры гэтым крыху камічны ў сваіх сімпатыях да камуністаў, нават у «Чорны замак» ды «Дзікае паляванне» быў уставіў нейкую класавую барацьбу ды змаганне сялян за самавызначэнне. Карацей, вобраз быў поўны, усебаковы і вельмі зразумелы.
І тут выходзіць гэты дзённік.
Які падымае заслону над асабістым жыццём нашага куміра. Прычым жыццём у самыя ўдзячныя ў плане творчасці гады, час, калі быў надрукаваны «Хрыстос», рыхтавалася інсцэніроўка для кіно, выходзіла «Памяць». Пачынаеш чытаць — і бачыш некага ну зусім іншага.
І гэты іншы крыху нават адштурхоўвае спачатку. Бо выяўляецца, што аўтар, які напісаў «Былі ў мяне мядзведзі», проза якога прасякнутая эмпатыяй да ўсіх жывых істотаў, быў зацятым паляўнічым («О, як добра было б ісці па іржышчах з сабакам, і каб вецер свістаў у рулю стрэльбы, а вакол голыя лясы»). Гэтае непазнаванне хутка праходзіць, бо бачыш, што паляванне для яго — гэта пра адзіноту і шпацыр, а не пра страляніну па жывёлах. І калі даводзіцца прыходзіць пустым, ён не абураецца, а наадварот, зазначае: ну і хвала Богу!
Па меры таго як рассыпаецца твой унутраны Караткевіч, паўстае іншая, жывая асоба. І выяўляецца, што так, тусоўкі былі, былі і п’янкі, але амаль увесь час на Далёкім Усходзе ён быў адзін. Бо пасварыўся са сваімі сябрамі, прычым з такой неістотнай нагоды, што, падаецца, ён не адзінокім быў праз тую сварку, а сваркі шукаў менавіта каб застацца ў самоце («Сёння зноў пасварыліся… Палову дня не размаўляем»).
Паглядзіце на канчаткі дзеясловаў. Тут у большасці выпадкаў першая асоба, мужчынскі род. Ніякіх «мы з сябрамі». Некалькі раз прыгаданы Адам Мальдзіс. І усё… Астатнія «закадыкі», «блізкія сябрукі», «зводныя браты», «найлепшыя знаўцы» Уладзіміра Сямёнавіча неяк не праглядаюцца ў гэтым тэксце. Тут мільгаюць цікавыя, вельмі цікавыя постаці, такія як Зянон Пазняк, але мільгаюць і знікаюць.
Караткевіч адзін. Ён піша. Ён ездзіць у Рагачоў. Ён глядзіць шмат фільмаў (вельмі папулярны сярод самотнікаў занятак). Ён п’е і «глуміцца», ён танцуе і слухае спевы. Але пасля гэтага ён сыходзіць спаць у машыну, каб не працягваць кампанействаваць з усімі. Ён застаецца адзін. І працуе. Так тлумачыцца адна з найвялікшых супярэчнасцяў у гэтай асобе, бо вобраз гэткага Вялікага Гэтсбі, тусоўшчыка ды піякі, неяк не зусім стасаваўся з постаццю ўдумлівага ды глыбокага аўтара вялікай прозы. Проза вымагае адзіноты і самазаглыблення, паверце.
Да таго ж аказваецца, што ўсё «савецкае», уся гэтая нудная «барацьба сялян за самавызначэнне», у ягоных тэкстах паўстала праз дзейнасць цэнзараў, якая сустракала вялікі ўнутраны супраціў Караткевіча. Чалавеку выпала ствараць самыя свае светлыя творы ў самыя цёмныя часы існавання БССР, калі была цэнзура, але ўжо было не прынята на яе наракаць.
Першы, другі, трэці (!) варыянт «Хрыста». Мара пра тое, што калі-небудзь «пад канец жыцця ўсё ж пакіну свой варыянт». Надзвычай трапнае вызначэнне таго, як працаваў і працуе ў нас прынцып «вы жа самі панімаеця»: «…папсавалі нажніцы ў прадчуванні іншых нажніц».
І бліскучае апісанне будавання кар’еры па-беларуску: каб быць прынятым сістэмай, варта «адваёўваць сабе пазіцыі» па кроку, віхляць і ісці на кампрамісы, і, калі на гэта згаджаешся, хутка ад цябе нічога не застаецца:«Заваёўваць пазіцыі можна толькі спосабам, які выклікае ўва мне гідлівасць. Таму і валяцца на мяне ўсе шышкі, аж да вялізнага майго доўгу, з якога ледзь пачаў выпаўзаць». Вось, дарэчы, вам і «суперпаспяховы Караткевіч»: па ўсім тэксце згадкі пра грошы. І пра тое, як іх не стае. Гэта, канечне, не «Маскоўскі дзённік» Вальтэра Беньяміна, не берлінскі дзённік Віктара Шклоўскага, але бачна: грошы даводзілася лічыць. Як даводзілася і пісаць увесь час артыкулы для газет (цікава, калі яго пры гэтым перасталі называць «журналістам»?!): «Божа мой, колькі дарэмна марнуецца часу, які ніхто ўжо табе не верне!».
Мы бачым Караткевіча ў той момант, калі ён у першы раз глядзіць на арыгіналы Чурлёніса (Уладзімір Сямёнавіч таксама асабліва адзначае «Райгардас»). Мы бачым, як ён бачыць Язэпа Драздовіча. Мы бачым яго ў Вільні і чытаем пра яе тое, што сказаў бы любы беларускі віленчук.
Мы робімся сведкамі дакументальна зафіксаванага цуду нараджэння новага твора, пазнаем тую мазаіку асабістых назіранняў, з якіх выйшла «Чазенія». Чытаем у дзённіку: «І якое было потым шаленства агню. Зоры, патокі, у якія яны часам рассыпаюцца; ракеты, што падаюць у ваду і гараць пад ёй, як водбліск фараў «Наўцілуса». Чытаем у «Чазеніі»: «Гляньце, «Навуцілусы», — сказала яна. «Дзе?» І тут ён заўважыў сам. Некаторыя ракеты не паспявалі згаснуць у паветры. Яны падалі ў ваду і танулі, і гарэлі пад вадой зялёна і аранжава, і ўсё цьмяней і цьмяней па меры таго як глыбей і глыбей апускаліся ў бяздонне».
І наконт «кола прыхільніц». Я не ведаю, наколькі шчырым ён быў са сваім адзіным трывалым суразмоўцам у гэтыя часы, лістом чыстай паперы. Але калі дапусціць, што ён не хаваў нічога, гэта дзённік беспраглядна адзінокага мужчыны: «Няма жонкі, адчуваю патрэбу ажаніцца як мага хутчэй — а жанчыны такой, здаецца, няма».
На прычыну натыкаешся літаральна на трэцяй старонцы: «Ноч. На вінаград, які цягнецца ў неба, кладзецца адбітак з вакна. І калоціцца ў шкло вялізная шэрая мятлушка, чыясьці душа. Хто б гэта прыляцеў па мяне і да мяне? Можа хххххх (закрэслена)? Лухта! Нягледзячы на яе мінулы ліст, такі самы няшчыры, як і ўсе яны, як яна сама, я не хачу ведаць яе, помніць яе, наведваць яе. Усё мінула. Нічога ад яе не хачу».
І тут не трэба быць вялікім знаўцам, каб дакладна зразумець, чыё прозвішча стаіць за крыжыкамі. Зразумець і скалануцца, бо з моманту, як яны рассталіся, прайшлі гады. Чаму мы прывязваемся да тых, хто гэтага не варты? Чаму няшчырыя так шчыра нас турбуюць?
І гэты ягоны страшны сон, які стаўся другім, метафізічным, штуршком да «Чазеніі»! Настаў Апакаліпсіс, Караткевіч бяжыць з Янкам Брылём ад страшнага воблака, якое паўстае на гарызонце, бяжыць, каб выратаваць «яе» (і зноўку зразумела, хто гэтая «яна»). І не паспявае — воблака накрывае постаць. І ён дабягае, ён побач. Ён абдымае і не можа пазнаць сваю каханую. І аказваецца, што Апакаліпсіс — гэта і ёсць сітуацыя, калі ў любых людзей змяняюцца да непазнавальнасці твары…
Адзін чалавек сказаў, што ўсе падарожныя, па сутнасці, ёсць адной нацыяй. Нешта сугучнае магу сказаць пра пагодкаў: калі чытаеш тое, што пісалася чалавекам прыкладна тваіх гадоў, адчуваеш сябе яго братам. Хай сабе і не маеш для таго падставаў.
Караткевічу ў час складання дзённіка было 36 гадоў…
Сёння людзі болей не вядуць прыватных запісаў на паперы, а таму ўсе мае таямніцы назаўсёды застануцца са мной.
Каментары