Новыя графіці ад Vulica Brasil і іх адрасы ФОТА
17 верасня ў Мінску завершыўся беларуска-бразільскі фестываль урбан-арту «Vulica Brasil». Мастакі з Беларусі і Бразіліі напрацягу месяца размалёўвалі Мінск, каб горад выглядаў больш сучасным і прывабным.
Ужо сёння іх творы з'яўляюцца славутасцю сталіцы Беларусі, а ў сацыяльных сетках з'яўляецца ўсё больш фота на фоне новых муралаў.
Калі вы раптам не паспелі пабачыць новыя муралы ад «Vulica Brasil», то спяшайцеся пазнаёміцца з аўтарамі, а для таго, каб вам было прасцей знайсці гэтыя месцы, далучаем адрасы.
Finok
Рафаэль Сагара aka Finok жыве і працуе ў Сан-Паўлу, а ў Мінску ён намаляваў графіці у двух месцах: на Нямізе і Кастрычніцкай. Сваім першым графіці мастак паспрабаваў стварыць культурны мікс: як уплывы з розных куточкаў свету будуюць культурны стрыжань Бразіліі.
Выява на трамваі прысвечаная памяці бразільскага мастака Жузэ Боржэса.
Grino & TAME
З адваротнага баку таго ж трамвая прысутнічае графіці ад беларускага мастака Grino & TAME. Вулічны мастак Васілій Grino адлюстраваў пладавіты сад, дзе людзі збіраюць ураджай і мірна бавяць час, граюць на гітары, спяваюць песні і знаходзяцца ў яднанні з прыродай.
Bazinato
Ідзем далей. На той жа Кастрычніцкай, прайшоўшы ўглыб вуліцы, можна пабачыць вялікае графіці беларускага мастака з Маладзечна Bazinato. Мастак намаляваў дрэва-вену, у якім нешта адбываецца.
L7M
Працягам графіці маладзечанскага мастака з'яўляецца мурал бразільца з Сан-Паўлу — Луіса Марцінса aka L7M. Графіціст адлюстраваў тэму знікаючых птушак Бразіліі і Беларусі. Птушка з'яўляецца спалучаным вобразам зялёнагаловай танагры і вяртлявай чаротаўкі.
Speto
Спусціўшыся далей, можна заўважыць вялікі чорна-белы мурал ад мастака з Сан-Паўлу Speto aka Паўлу Сэзар Сілва. Графіціст выкарыстаў контуры часавых паясоў Бразіліі і Беларусі, у якія ўпісаў матывы сусветнай поп-культуры.
Новае графіці з'яўляецца сёння адным з самых папулярных сярод беларускамоўных і карыстаецца попытам асабліва ў маладых пар. А ўсё з-за прыгожага слова «назаўжды»:
Imai Yusk
Бразільскі мастак амерыканска-японскага паходжання, які цяпер жыве ў Германіі, да апошняга моманту не мог сказаць, што ён будзе маляваць. Справа ў тым, што для Імаі Юска мурал — гэта магчымасць даведацца пра людзей у Мінску і даць ім нешта ад сябе. Прыкладна такім і атрымалася яго графіці — завуаляваным і загадкавым.
Cowek & Moss Town Studio
Беларускія мастакі Яўген Мацюта aka Cowek і Юлія Стратовіч (Moss Town Studio) намалявалі кантраснае графіці побач з бюстам Леніна і ганаровай дошкай. Іх праца з'яўлецца дадаткам да папярэдняга вялікага мурала.
Ramon Martins
Ну і да самага складанага графіці, напэўна, у гісторыі Мінска. Бразільскі мастак Рамон Марцінс намаляваў вялікае пано з некалькіх блокаў і безліччу элементаў. Ідучы па Кастрычніцай, яго проста немагчыма не заўважыць:
Зубр, пеўнік, бусел, алень — некаторыя вобразы мастак прыдумляў ужо ў працэсе малявання. Але выйшла ярка і з беларускім кантэкстам. Адзіны мінус — да графіці нельга падабрацца надта блізка, бо тэрыторыя абгароджана.
Ці бачылі вы ўжо новыя графіці ўжывую? Якое вам больш за ўсё спадабалася? Выказвайцеся ў каментах!
Каментары