30 студзеня польскі Інстытут нацыянальнай памяці апублікаваў каля 8,5 тысячы прозвішчаў супрацоўнікаў СС, якія працавалі ў канцлагеры Аўшвіц, паведамляе Радыё Польшча.
«Гэта гістарычны дзень. Гэтая база — толькі пачатак. Мы пачалі з лагера смерці Аўшвіц, але ў будучыні база будзе папаўняцца прозвішчамі супрацоўнікаў СС, якія працавалі ў іншых нацысцкіх канцлагерах», — заявіў на прэс-канферэнцыі ў Кракаве дырэктар ІНП Яраслаў Шарэк.
Ён падкрэсліў, што прэзентацыя базы з прозвішчамі з'яўляецца адказам на выкарыстанне выразу «польскія лагеры смерці». «Раз нехта кажа пра «польскія канцлагеры», то вось, калі ласка, — мы паказваем супрацоўнікаў лагера, каманду СС. Больш за тое, мы зрабілі гэты спіс даступным у інтэрнэце, чаго раней ніхто не зрабіў», — дадаў Шарэк.
Апублікаваная інстытутам база ўтрымлівае не толькі асабістыя звесткі, але і фатаграфіі, а таксама судовыя прысуды супрацоўнікам СС.
Некалькі чалавек, якія ўвайшлі ў спіс, да гэтага часу жывыя.
Каментары