Грамадства11

Ад Ніксана да Буша. Як беларус сустракаўся з чатырма прэзідэнтамі ЗША і прывёз аднаго з іх у Мінск

Сёння, 30 мая, спаўняецца 90 гадоў знакамітаму дзеячу беларускай дыяспары Вітаўту Кіпелю. У інтэрв'ю аўтару TUT.BY юбіляр расказаў пра свае сустрэчы з чатырма амерыканскімі прэзідэнтамі, патлумачыў, як польская дыяспара «пракаціла» на выбарах прэзідэнта Форда, а таксама прызнаўся, як арганізаваў у Мінск візіт Ніксана.

Вітаўт Кіпель, пачатак 1990-х

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 мая 1927 года ў Мінску. З 1930 года разам з бацькам, які быў рэпрэсаваны, знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. У 1942 годзе вярнуўся з сям’ёй у Мінск, у 1944 годзе эміграваў на Захад. У 1953 годзе скончыў Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія), у 1955 годзе атрымаў ступень доктара геалагічных навук. У тым жа годзе пераехаў у ЗША. Працаваў у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы. Адзін з найбольш вядомых і аўтарытэтных прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Кіраўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Аўтар манаграфіі «Беларусы ў ЗША» (1993, другое, пашыранае выданне — 2017), мемуараў «Жыць і дзеіць» (2015), а таксама шэрагу артыкулаў.

Сустрэчы Вітаўта Кіпеля з амерыканскімі прэзідэнтамі можна патлумачыць не толькі яго цікавасцю да палітыкі. Гэта была магчымасць паўплываць на палітыку ЗША ў дачыненні да Беларусі, а таксама звярнуць увагу на беларускую дыяспару. «Адна з дзялянак, дзе амерыканскія выбарчыя мазгі шукаюць сабе падтрымку, — гэта нацыянальныя арганізацыі, бо да іх належаць некалькі мільёнаў людзей, — пісаў Кіпель у мемуарах. — Калі вы [будзеце] гаварыць з імі адной мовай і ім праграма партыі падаецца прымальнай, то ў пэўных месцах нацыяльныя арганізацыі могуць прывесці да перамогі. (…). Таму перад нацыянальнымі арганізацыямі заўсёды робяцца рэверансы — кандыдаты ідуць да іх, агітуюць, прыводзяць патрэбныя аргументы».

Не дзіўна, што пачынаючы з 1970-х Кіпель багата кантактаваў з кангрэсмэнамі, супрацоўнікамі адміністрацыі і палітыкамі розных узроўняў. Цікава, што курс Рэспубліканскай партыі падабаўся беларусу толькі ў адным аспекце — у знешняй палітыцы. «Рэспубліканская платформа прадугледжвала цвёрдую антыкамуністычную палітыку, падтрымку «Радыё Свабода», будучае самавызначэнне і дзяржаўнасць рэспублік СССР», — пісаў Кіпель. А ва ўнутранай палітыцы яму больш падабаўся курс дэмакратаў. Але, як пісаў адзін з лідараў дыяспары, «знешняя [палітыка] пераважала, і я далучыўся да рэспубліканцаў».

«Беларусы за Ніксана»

Рычард Ніксан, Reuters.com

Першым суразмоўцам Кіпеля з ліку прэзідэнтаў ЗША быў Рычард Ніксан, які кіраваў краінай у 1969−1974 гадах.

«Мы працавалі, каб Ніксан выйграў выбары ў 1972 годзе. Я быў уцягнуты ў гэтую кампанію з аднаго прагматычнага меркавання, — расказвае Кіпель.

— Партыя выдавала тады адмысловыя жэтоны, якія распаўсюджваліся па ўсёй Амерыцы, прыкладам, «Палякі за Ніксана», «Харваты за Ніксана» і г. д. Значыць, можна было зрабіць і «Беларусы за Ніксана»! І я тады зразумеў, калі мы праз Рэспубліканскую партыю выдадзім дзясяткі тысяч такіх жэтонаў, гэта будзе вялікая прапаганда беларусаў, беларускай нацыі. Мы малавядомыя ў Амерыцы — гэта рэальнасць. І я таго дасягнуў, былі выдадзеныя жэтоны «Беларусы за Ніксана» (пазней былі і іншыя за іншых прэзідэнтаў), і актыўна запрацавалі беларускія рэспубліканскія клубы. А тады ўжо была тая сустрэча з Ніксанам афіцыйная». Гаворка пра сустрэчу на Каляды 1972 года, калі прэзідэнта пазнаёмілі з кіраўнікамі выбарчых клубаў, якія прадстаўлялі нацыянальныя групы.

Як вядома, Ніксан стаў першым прэзідэнтам ЗША, які наведаў Мінск.

1 ліпеня 1974 года ён разам з жонкай усклаў кветкі ля манумента на плошчы Перамогі, а потым наведаў мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Савецкі перакладчык Віктар Суходраў згадваў у мемуарах пра наведванне Хатыні:

«На фоне густога лесу, на зялёным лужку ўсталявалі вялікі пісьмовы стол з крэслам, каб Ніксан мог запісаць свае ўражанні ў Кнізе ганаровых наведвальнікаў. Прэзідэнт сеў і схіліўся над раскладзенай кніжкай. Вакол яго адразу ж замітусіліся журналісты. Побач са мной стаяў адзін з памочнікаў Ніксана. З наўмысным жахам ён прашаптаў мне:

— Божа мой! Я ўяўляю сабе, як падпішуць гэтыя фотаздымкі нашы журналісты: «Ніксана выгналі з Белага дома!».

Карціна сапраўды была незвычайная: пасярод зялёнага лужка, за пісьмовым сталом, самотна сядзіць чалавек і нешта піша».

«Імя Францыска Скарыны і Вольгі Корбут вядомыя кожнаму ў цэлым свеце»

Сустрэча з Вольгай Корбут. Злева направа: Вольга Корбут, Зора і Вітаўт Кіпелі, Данчык. 1988 г. Фота: zbsb.org

Сустрэча з Вольгай Корбут. Злева направа: Вольга Корбут, Зора і Вітаўт Кіпелі, Данчык. 1988 г. Фота: zbsb.org

Але мала хто ведае, што Ніксан трапіў у Мінск з лёгкай рукі Вітаўта Кіпеля. У мемуарах беларус пісаў, што на адной з сустрэч у Белым доме нехта расказаў яму, што Ніксан збіраецца ў Маскву. «Я якраз гавару з кангрэсменам Эдвардам Дэрвінскім і кажу яму: добра было б, каб Ніксан заехаў і ў Менск, калі ён ужо будзе ў Маскве. На прыняцці быў выканаўчы дырэктар па працы з нацыянальнымі клубамі, і ён мне кажа: пагавары з такім і такім кангрэсменам. Я пагаварыў, а кангрэсмен і кажа: трэба гэта перадаць Ніксану. Нехта з функцыянераў увёў гэта яму ў вушы. Быў там яшчэ і Кісінджэр (тады дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША, пазней — дзяржсакратар ЗША). Ну і развіталіся мы на тым, што Ніксан гэта пачуў […] Урэшце Ніксан заехаў у Беларусь, а рэшта, як кажуць амерыканцы, — гісторыя!»

Можа, гэтая гісторыя — усяго легенда? Але існуе дакументальнае пацверджанне гэтай гісторыі - два лісты, якія захоўваюцца ў архівах Беларускага інстытута навукі і мастацтваў (Нью-Ёрк). 22 чэрвеня 1974 года Кіпель пісаў кангрэсмену Эдварду Дэрвінскаму.

«Дарагі Кангрэсмен!

Як Вы, магчыма, памятаеце, падчас прыняцця Heritage Leaders 19 лютага 1974 г. я выказаў думку, што для замежнай палітыкі Злучаных Штатаў можа быць вельмі карысным залучэнне Беларусі ў расклад візіту прэзідэнта Ніксана ў Савецкі Саюз.

Вы сказалі, што Ваш погляд аналагічны майму і што Вы абмяркуеце гэтую справу на найвышэйшым узроўні.

Я бачыў апошнім часам паведамленні ў СМІ, што ёсць вялікая доля верагоднасці наведвання прэзідэнтам Ніксанам Мінска, Беларусь».

Кіпель выказаў меркаванне, што Ніксан выступіць з прамовай. Таму змясціў у лісце некаторыя ідэі, якія было б вельмі каштоўна пачуць «для амерыканцаў і для беларускага народа». Сярод іх — удзел беларусаў у развіцці сучаснай Амерыкі. Па ацэнках Кіпеля, на пачатак 1970-х у ЗША жылі каля 600 тысяч нашых суайчыннікаў. «Прыкладна кожная шостая сям’я ў Беларусі мае сваякоў у ЗША», — пісаў кангрэсмену беларус.

«Беларускае культурнае жыццё мае бліскучае мінулае і сучаснасць. Імя слыннага доктара Францыска Скарыны з XVI ст. і маленькай беларускай дзяўчынкі Вольгі Корбут з 1970-х вядомыя кожнаму ў цэлым свеце. Беларусы свабодалюбівы народ: у сваёй гісторыі і ў зусім нядаўнія часы яны змагаліся за свабоду Беларусі і яе палітычную незалежнасць», — дадаў Кіпель.

На жаль, TUT.BY невядома, каб Ніксан агучыў гэтыя тэзісы ў Мінску. Але галоўнае, што візіт адбыўся. Цікава, што жарт пра прэзідэнта ЗША, якога «выгналі з Белага дома», аказаўся прарочым. Праз месяц пасля вяртання з Мінска Ніксан пад пагрозай імпічменту добраахвотна спыніў свае паўнамоцтвы. Ён быў першым і пакуль адзіным прэзідэнтам ЗША, які сышоў у адстаўку раней, чым скончыўся яго тэрмін.

Як палякі «патапілі» Форда

Джеральд Форд и Леонид Брежнев. Фото: Википедия

Джэральд Форд і Леанід Брэжнеў. Фота: Вікіпедыя

Наступным прэзідэнтам ЗША стаў Джэральд Форд (1974−1977), які дагэтуль займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. Цікава, што ён быў адзіным у гісторыі ЗША, хто не быў абраны на гэтыя дзве пасады. Папярэдні віцэ-прэзідэнт добраахвотна сышоў у адстаўку з-за хабараў. На яго месца быў прызначаны Форд, які праз месяц стаў прэзідэнтам (Ніксана абвінавацілі ў праслухоўванні канкурэнтаў).

Як расказаў Вітаўт Кіпель, «з прэзідэнтам Фордам, я б сказаў, кантакт быў вельмі сталы.

Форд быў вызначаны і зацверджаны кангрэсам і ішоў на ўласныя выбары ў 1976 годзе. Яго дзейнасць выбарчая была больш інтэнсіўная. Таму і кантакты нашы з ім былі актыўныя. Я з ім дзясятак разоў сустракаўся. Якраз прэзідэнт Форд быў добра азнаёмлены з нацыянальнымі пытаннямі, бо ён быў з Мічыгана, а там нацыянальнасці вельмі дзейныя. Ён выслухоўваў нас, прыслухоўваўся. Аднойчы я яму заўважыў, што вялікая памылка амерыканскіх даследчыкаў, што яны пішуць, нібыта ў ЗША на пачатку ХХ ст. прыязджалі «рускія масы». Я кажу, гэтыя рускія масы трэба раздзяліць на дзясяткі нацыянальнасцей: яўрэі, грузіны, украінцы, калмыкі, беларусы. Дык прэзідэнт Форд здзівіўся і перапытаў: што ты гаворыш, няўжо гэта ўсё памылка? Я кажу: так, гэта ўсё памылка».

Урэшце Форд праіграў сваю прэзідэнцкую кампанію. Свой уплыў аказаў сур’ёзны эканамічны крызіс, а таксама рашэнне памілаваць Ніксана. Але, на думку Кіпеля, сваю ролю адыгралі і тактычныя памылкі Форда ў дачыненні да Ўсходняй Еўропы і сацыялістычнага блоку. «У выбарнай кампаніі трэба вельмі асцярожна гаварыць і прадумваць словы, — кажа адзін з лідараў беларускай дыяспары. — А ён у дачыненні да сацыялістычнай

Польшчы быў выказаўся, нібыта яна свабодная. А яна ж была пад Савецкім Саюзам. І гэта ўзбурыла польскую грамаду ў ЗША, якая вялікая. Мільённая. А разам з ёй і прадстаўнікі іншых паняволеных народаў пачалі думаць: ага, ён не разумее сітуацыі. Вось яму галасоў і не хапіла, каб выбары выіграць. І галасы гэтыя ад яго адышлі якраз за кошт этнічных груп, якія за яго адмовіліся галасаваць».

У выніку прадстаўнік дэмакратаў Джымі Картэр атрымаў 297 галасоў выбаршчыкаў (тады як Форд — 240) і стаў наступным прэзідэнтам ЗША.

«Буш адвёў мяне ў бок, каб распытаць пра беларусаў, з якімі ён меў дачыненні ў ААН»

Фото: Reuters

Джымі Картэр. Фота: Reuters

З Джымі Картэрам (1977−1981) Вітаўт Кіпель сустракаўся некалькі разоў. Паводле яго слоў, «галоўнае спатканне было, калі папа рымскі ў ЗША прыязджаў. Прэзідэнт Картэр тады зрабіў такую сустрэчу прадстаўнікоў нацыянальнасцей з папам».

З наступным прэзідэнтам ЗША, рэспубліканцам Рональдам Рэйганам (1981−1989) Кіпель не сустракаўся. Але размаўляла Вера Рамук з беларусаў Чыкага. «Яна яму падала мемарандум беларускі, што Амерыка мусіць перагледзець дачыненні з савецкімі рэспублікамі і ўстанавіць дыпламатычныя дачыненні з БССР, — расказвае Кіпель. — У Амерыцы была дыскусія пачынаючы ад 1950-х гадоў на гэты конт: паколькі Украіна і Беларусь былі ў ААН, то чаму няма амерыканскіх амбасадаў у сталіцах гэтых краін? І амерыканская беларуская эміграцыя падтрымлівала ідэю ўсталявання дыпламатычных адносін. Мы пісалі мемарандумы ў Дзярждэпартамент і ў розныя іншыя установы. І ў спадарыні Рамук якраз была нагода сустрэцца з прэзідэнтам Рэйганам і гэтакі мемарандум падаць».

Як вядома, такія спробы скончыліся безвынікова. Але намаганні беларусаў не прапалі. Рэйган стаў першым амерыканскім прэзідэнтам, які павіншаваў беларусаў з Днём Волі (25 сакавіка).

Пазней ЗША сталі другой у свеце краінай (пасля Украіны), якая ўжо 28 снежня 1991 года ўсталявала дыпламатычныя адносіны з незалежнай Беларуссю.

Джордж Буш-старший, Джордж Буш-младший и Джон Эллис «Джеб» Буш. Фото: Reuters

Джордж Буш-старэйшы, Джордж Буш-малодшы і Джэб Буш. Фота: Reuters

Чацвёртым прэзідэнтам ЗША, з якім сустракаўся Вітаўт Кіпель, быў Джордж Буш-старэйшы (1989−1993). Знаёмства адбылося яшчэ ў 1972 годзе, калі прадстаўнікі нацыянальных клубаў сустракаліся з Ніксанам. «Буша тады яшчэ мала хто ведаў, ён быў тады прадстаўніком у ААН, — расказвае Кіпель. — Стаяў за намі, пачуў, што мы беларусы, і адвёў мяне ў бок, каб распытаць пра беларусаў, з якімі ён меў дачыненні ў ААН, пра што з імі можна гаварыць. Гадзіны паўтары мы тады размаўлялі. Пазней ён дзякаваў мне за гэта, як ужо не быў у ААН. І калі ён прэзідэнтам стаў, мы сустракаліся, гаварылі аб ролі нацыянальных груп. Таксама з ім сустракаліся старшыня Рады БНР доктар Язэп Сажыч і, здаецца, іншыя беларусы Амерыкі таксама».

З наступным прэзідэнтам ЗША, Білам Клінтанам (1993−2001), Кіпель ужо не сустракаўся. Зрэшты, з ім гутарыла яго дачка Алеся Кіпель (цяпер яна з’яўляецца супрацоўніцай Міністэрства ўнутраных спраў ЗША), а таксама шэраг іншых беларусаў (ад Станіслава Шушкевіча да Зянона Пазняка).

«А хто з тых прэзідэнтаў, з якімі Вы сустракаліся, быў Вам найбольш сімпатычны?» — спытала аўтар TUT.BY у Вітаўта Кіпеля.

Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан. Іслач, 1995 г. Фота: zbsb.org

Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан. Іслач, 1995 г. Фота: zbsb.org

«Напэўна, з прэзідэнтам Фордам я чуўся хай не як роўны з роўным, але бліжэй, чым з іншымі, і найбольш дзейна, — адказаў наш суразмоўца. — І я разумею чаму. Ён надта хацеў выйграць выбары і таму да кожнага чалавека, які дайшоў ужо да ўзроўню прэзідэнта, ён глыбей прыслухоўваўся. Мне асабіста ён быў блізкі».

«Наогул амерыканскія прэзідэнты былі даступныя амерыканскім беларусам, і мне прыемна, што традыцыя гэтая працягваецца, — дадаў Кіпель.

— Згаджуся, найчасцей гэта менавіта магчымасць сфатаграфавацца. Але ўсё ж за пару хвілін гутаркі з прэзідэнтам вы можаце тое-сёе сказаць, прыкладам, што я беларус і мы, беларусы Амерыкі, хочам тое і тое, мы хочам незалежнасць для Беларусі. І прэзідэнты слухалі гэта, і нешта ў іх ад гэтага застаецца. Гэтая з’ява — вельмі станоўчая і для нас, і для амерыканскай бюракратыі, якая такім чынам даведваецца пра Беларусь».

Каментары1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай13

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

Беларусы сабралі неабходную суму грошай на калядныя падарункі дзецям палітвязняў2

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?32

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка1

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →