Пра чорныя спісы выканаўцаў зайшла гаворка ў інтэрв’ю Паўла Латушкі, якое ён даў праекту «Тэлебудка» Сяргея Будкіна.
— Падчас таго як вы знаходзіліся на пасадзе міністра культуры, былі такія два моманты: па-першае, чарговая хваля забароны на беларускую музыку, па-другое — кампанія супраць Свабоднага тэатра. Ці мелі вы да гэтага нейкае дачыненне?
— Калі быў уведзены так званы «чорны спіс» беларускіх выканаўцаў, гэта адбылося на нарадзе ў Адміністрацыі прэзідэнта пад старшынствам Радзькова, былі міністры сацыяльнага блоку, і ўсім Ірына Дрыга (у той час начальніца ўпраўлення ў галоўным ідэалагічным упраўленні Адміністрацыі прэзідэнта, пасля — першая намесніца міністра культуры — «НН») раздала аркушы без подпісу, куды былі ўпісаныя ўсе, хто забароненыя для выступленняў на канцэртах. Пасля гэтага пайшло змаганне. Я пераконваў Радзькова не аднойчы, што гэта памылка, што так нельга рабіць. Мяне падтрымаў Тозік, дарэчы. У мяне была гутарка з Макеем. І Макей праз нейкі час пагадзіўся, што трэба адмаўляцца ад гэтага спіса.
Згадваю сітуацыю з «Палацам», калі ён павінен быў выступаць у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Сігоў тады быў дырэктарам, я яго, дарэчы, прызначаў дырэктарам гэтага тэатра. І мы ўжо тады прынялі рашэнне, што будзем адмаўляцца ад гэтага спіса. Ну, не я прымаў рашэнне, а Адміністрацыя прымала рашэнне. І якраз ідзе забарона на гэты канцэрт. Я тэлефаную Радзькову і кажу: «Алясандр Міхайлавіч, прабачце, калі ласка, ну мы ж узгаднілі, што ад «чорнага спіса» адмаўляемся». Ён кажа: «Ну, гэта ж не мы прымалі рашэнне, гэта ж прымала КДБ». Я кажу: «Добра, я пазваню Зайцаву Вадзіму Юр’евічу (тагачаснаму старшыні КДБ)». Ён: «Ну так, вы пазваніце і скажыце, што гэта рашэнне ўзгоднена са мной. Не, лепш не кажыце, што рашэнне ўзгоднена са мной, лепш скажыце, што трэба адмаўляцца ад «чорнага спіса».
Я пазваніў Зайцаву і сказаў, што даю персанальныя гарантыі, што канцэрт адбудзецца і там усё будзе нармальна. Ён сказаў: «Вы адказваеце персанальна». Я адказаў: «Няма пытанняў». І канцэрт адбыўся.
Дарэчы, я падняў гэтую праблему на нарадзе з таленавітай моладдзю, калі сустракаўся Лукашэнка. Было маё выступленне, і, здаецца, трэцім ці чацвёртым пунктам у маім выступленні стаў менавіта чорны спіс. І калі я сказаў, што хацеў бы падняць пытанне «чорнага спіса» дзеячоў беларускай культуры, мне сказалі, што ў гэты момант Пяткевіч, якая знаходзілася ў кабінеце побач, ускочыла з крэсла і пачала бегаць: «Што ён сабе дазваляе? Як ён можа?»
Я сказаў, што гэта няправільны падыход, гэта не вядзе да згоды, гэта не дазваляе развівацца культуры. Была паўза. І пасля Лукашэнка даволі доўга расказваў пра Ярмоленку. Памятаеце, у 2000-х была сітуацыя, калі ён выказаўся супраць уладаў? Доўгая на гэты конт была гутарка. І пазней Лукашэнка сказаў: «Радзькоў, разбярыцеся з гэтым пытаннем». Вось чаму нарадзілася гэтая ідэя размовы з Макеем, Радзьковым. Мяне вельмі падтрымліваў Анатоль Тозік у гэтым пытанні, мы пачалі штурхаць гэтую праблему, каб усё ж яе вырашыць. Адмовіцца ад гэтага дзікунства — «чорнага спіса».
— Аўтар гэтага спіса — Дрыга?
— Так. Персанальна яна.
Каментары