«Нашу гісторыю» выкідаюць з «Белпошты», таму мы запускаем сваю сістэму падпіскі. А ў пятніцу і суботу прадаём новы нумар — прыходзьце!
Часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» не будзе ў падпісных каталогах на другое паўгоддзе. «Белпошта» даслала нам ліст аб тым, што разрывае дамову з ліпеня 2021 года. Месяц таму тое самае зрабіў іншы дзяржаўны манапаліст, «Белсаюздрук». Не з'явіўся мінулы нумар і ў кнігарнях дзяржаўнай «Белкнігі». Ціск на незалежныя медыя працягваецца.
Як цяпер можна будзе атрымліваць часопісы? Даём адказы.
Як можна будзе падпісацца на часопісы?
Мы запускаем уласную сістэму падпіскі. Падобная схема дзейнічала ў 2006—2008, калі «Нашу Ніву» выкінулі з кіёскаў і падпіскі.
Калі вы хочаце атрымліваць часопісы (пачынаючы з №7, ад ліпеня), проста зараз перайдзіце па спасылцы і запоўніце гугл-анкету з кантактнымі звесткамі. Трэба ўказаць імя, адрас дастаўкі і тэлефон. Пакуль плаціць нічога не трэба — гэтыя звесткі патрэбныя нам, каб разлічыць наклад наступных нумароў.
Бліжэй да ліпеня запрацуе сайт «Наша крама» (nashakrama.by), на якім можна будзе аплаціць падпіску на любы з часопісаў цалкам на другое паўгоддзе ці на любы з месяцаў. На другое паўгоддзе кошт «Нашай гісторыі» па падпісцы будзе складаць 7 рублёў за нумар (35 рублёў, калі падпісваецеся адразу на паўгода), кошт «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» — па 3 рублі (15 рублёў, калі падпісваецеся адразу на паўгода).
Калі наш сайт запрацуе, мы нагадаем вам, што ўжо можна аформіць падпіску.
Я не хачу падпісвацца. Ці змагу я купіць часопісы недзе так?
Мы плануем прадаваць у Мінску свежы нумар «Нашай гісторыі» два дні на месяц па рэдакцыйным адрасе Энгельса, 34а. Пра даты такіх продажаў будзем паведамляць на сайце «НН» і ў сацсетках. Свежы нумар мы будзем прадаваць у гэтыя пятніцу (з 14:00 да 20:00) і суботу (з 10:00 да 18:00). Нумар цудоўны, адзін з наймацнейшых, чакаем вас, не пашкадуеце.
У нас можна будзе купіць як новы нумар, так і ранейшыя (але яны раскупляюцца хутка, большасці не засталося ніводнага асобніка).
Апроч таго, часопісы можна набыць у кнігарнях, у некаторых супермаркетах і ў прыватных распаўсюднікаў.
Мінск
- «Рагна» (вул. Сухая, 4, метро «Фрунзенская»)
- Гандлёвы цэнтр «Купалаўскі» (пад Кастрычніцкай плошчай), крамы 41-42 і 44-45
- «Галіяфы» (вул. Няміга, 3, крама №47 на цокальным паверсе)
- «Акадэмкніга» (на станцыі метро «Акадэмія навук»)
- Філіял «Акадэмкнігі» на вул. Багдановіча, 46
- Кніжны кірмаш па вул. Даўмана, 23 (субота 00.00-14.00), месца 78б
- «Кніжная шафа» (пр. Дзяржынскага, 9) ды іншыя
Поштай ці з дастаўкай на дом
Анлайн праз Mmkut.by, Kniganosha.by, Halijafy.by, Knihi.by, Kniger.by, Akademkniga.by, Ragna.by.
Гродна
«Цудоўня».
Віцебск
«Светач» (вул. Кірава, 10) ды іншыя
Бабруйск
«Крыніца ведаў» (вул. Горкага, 31).
Нагадваем, што наш часопіс можна купіць і ў ПДФ, у электроннай версіі. Рэкамендуем яе для ўсіх, у каго няма доступу да папяровай версіі.
У мяне няма банкаўскай карткі, як я змагу аплаціць падпіску?
Вы зможаце аплаціць часопісы наяўнымі грашыма праз АРІП на поштах і ў банках, у інфакіёсках і тэрміналах. Такая магчымасць з’явіцца, калі запрацуе «Наша крама» (nashakrama.by) і вы аформіце замову праз гэты сайт.
Апроч таго, мы прапануем усім ахвотным аформіць падпіску і расплаціцца наяўнымі, калі вы прыйдзеце да нас у Рэдакцыю на распродаж часопісаў. Кошт «Нашай гісторыі» па падпісцы будзе складаць 7 рублёў за нумар (35 рублёў, калі падпісваецеся адразу на паўгода), кошт «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» — па 3 рублі (15 рублёў, калі падпісваецеся адразу на паўгода). Занясём вашы звесткі ў базу і дашлём свежы часопіс, калі ён выйдзе.
Я жыву за мяжой, як я магу атрымаць часопіс?
Дастаўку за межы Беларусі ажыццяўляюць інтэрнэт-крамы Mmkut.by, Kniganosha.by, Halijafy.by, Kniger.by, Akademkniga.by, Ragna.by. Альбо можаце заказаць PDF-версію праз краму Arche.
У мяне ўжо аформленая падпіска «Белпошты» на красавік-чэрвень. Я атрымаю часопісы?
Так, «Белпошта» абяцае дастаўляць часопісы да канца паўгоддзя.
Ок, з ліпеня падпішуся ў вас, а што рабіць з маем і чэрвенем?
На гэтыя месяцы яшчэ можна падпісацца праз «Белпошту». Вось інструкцыя. На май і чэрвень вы яшчэ зможаце падпісаць людзей у турмах.
Ці можна на другое паўгоддзе падпісаць вязняў?
Не, гэта немагчыма. Часопіс ім можна будзе перадаваць толькі праз адваката, са згоды следчага.
І яшчэ раз. Што мне рабіць проста зараз?
1) Перадусім зарэгіструйце сябе і іншых людзей, каго вы хочаце падпісаць, у нашай базе падпісчыкаў.
2) Думайце, дзе набудзеце круты №3 «Нашай Гісторыі» з Міколам Ермаловічам на вокладцы! Ён ужо ёсць у продажы.
О, выйшаў новы нумар «Нашай Гісторыі»? Вы будзе прадаваць яго ў сябе ў Рэдакцыі, як і месяц таму?
Так, мы будзем цэнтралізавана прадаваць свежыя нумары ўсіх часопісаў, і гістарычнага, і дзіцячых, па адрасе Энгельса, 34а (рэдакцыя «Народнай Волі») два дні:
- у пятніцу, 9 красавіка, з 14.00 да 20.00
- у суботу, 10 красавіка, з 10.00 да 18.00.
Гэта самы цэнтр Мінска, літаральна 400 метраў ад метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая», белы дом з муралам.
Калі ласка, падрыхтуйце наяўныя грошы (наш касавы апарат не прымае аплату карткай). Часопіс каштуе 7 рублёў. Калі браць тры асобнікі, то са зніжкай — 20 рублёў. Дзіцячыя часопісы (таксама выйшлі свежыя нумары) будзем прадаваць па 2,5 рублі за нумар.
Прыйдзіце і купіце часопіс — для сябе і для сваякоў, суседзяў, сяброў, калег па працы.
Чытайце добрыя, разумныя, якасныя выданні, чытайце па-беларуску, райце іх суседзям і калегам.
Нагадаем заадно, як падтрымаць працу журналістаў «Нашай Нівы»:
1. Пералічыць грошы праз Клуб Нашай Нівы. Трэба зарэгістравацца праз сацсеткі ці гмэйл, выбраць Гібкі план і любую суму (на фота).
2. Аплата праз АРІП з любой беларускай карткі: Благотворительность, общественные объединения — Просветительские, культурно-досуговые — Сородичи. Альбо нумар паслугі 4346851.
Каментары