Грамадства

«Перад Днём Волі начаваў не дома, але засумаваў па дзецях і вярнуўся». Доктар Руслан Бадамшын расказаў пра сваё пятае затрыманне

Мінскага неўролага Руслана Бадамшына затрымлівалі ўжо пяць разоў. Агулам ён правёў за кратамі 63 дні. Апошні раз доктара схапілі 24 сакавіка па дарозе на працу і далі 15 сутак за хуліганства: нібыта ён мацюгаўся і размахваў рукамі ў пад’ездзе. Пасля вызвалення Руслан распавёў пра ўсё «Нашай Ніве».

«Я меркаваў, што перад Днём Волі мяне могуць затрымаць, і начаваў не дома. Пасля засумаваў па дзецях і жонцы — я толькі нядаўна адбываў суткі — і вярнуўся ў кватэру. А пакуль мяне не было, прыходзілі міліцыянты і шукалі мяне. «Хочам правесці прафілактычную гутарку, запэўніцца, што ён не пойдзе на Дзень Волі. Даём слова, што пасля адпусцім», — казалі майму бацьку.

Раніцай 24 сакавіка ў 7.30 выходжу з кватэры, і каля ліфта ўжо стаяць міліцыянты. Мы спускаемся па лесвіцы, я ў дамафон званю жонцы, кажу, што дачку ў школу павядзе яна, бо мяне забіраюць у апорку», — апісвае доктар затрыманне.

Гутаркай справа не скончылася — Руслан патрапіў на Акрэсціна. 

«Умовы на ЦІП былі дрэнныя, яшчэ калі я сядзеў з 5 сакавіка. Тады не было ні матрацаў, ні пасцелі. У чатырохмеснай камеры — да 12 чалавек.

Сярод нас, дарэчы, быў былы следчы, які ў сваім раёне спрабаваў за фальсіфікацыі завесці крымінальную справу — на ЦІП ён апынуўся за сцяг.

Першы час мы пісалі скаргі на ўмовы ўтрымання, пасля ў нас пазабіралі асадкі».

Апошні раз, калі яго затрымалі, доктар толькі да суда быў у ІЧУ, з 26 на 27 сакавіка яго перавезлі ў Жодзіна.

«Першыя дні былі матрацы. А 1 красавіка загадалі: скручвайце матрацы, падушкі і выносьце. Нічога не тлумачылі. Ранкам пачаліся больш жорсткія праверкі: нас выводзілі з камер, уздоўж сценак ставілі на расцяжку — ледзь не на шпагат трэба было сядаць, па нагах білі, каб шырока ставілі. 

У нас заставаліся коўдры — мы на іх спалі. Але праз пару дзён забралі і іх. Такое адчуванне, што яны ўвесь час стараліся прыдумаць: што б зрабіць дрэннага, каб мы расплакаліся і пачалі маліцца на іх.

Я жартаваў: а ложкі забіраць будзеце? Супрацоўнік: «Ну гэта праблематычна, патрэбна балгарка». Там жа ложкі усе прывараны да падлогі.

У сераду былі перадачкі, многія атрымалі іх на раніцу ў чацвер. А ў пятніцу супрацоўнікі выграблі ўсё мясное і сала, нібыта таму, што яно хутка псуецца. Хоць прадукты, якія хутка псуюцца, у перадачках наогул не прымаюць. Праз некалькі дзён забралі яшчэ соль і цукар, нічым гэта не патлумачылі.

Нібыта далі каманду «фас» — і маладыя стараюцца. Яны ж такія двудушныя: адзін і той жа вертухай можа ўдарыць, а на наступны дзень на шпацыры клапатліва пытацца, ці паспелі мы свежым паветрам падыхаць».

Пасля 25 сакавіка з Русланам сядзела шмат тых, хто патрапіў у ізалятар першы раз. Кагосьці затрымалі, калі пускаў салют, кагосьці па дарозе ў барбершоп.

«Нават быў хлопец, які працуе майстрам на гадзіну, ён у руках нёс чамаданчыкі з шрубавёртам і дрылём. Яму раптам пазванілі, тэлефон пачаў міргаць. Міліцыя гэта ўбачыла, падумала, што ён перамігваецца ліхтарыкам з людзьмі, якія з вокнаў свецяць. Схапілі, не збянтэжыла нават тое, што на ім брудная працоўная форма.

Пачалі шманаць, глядзяць — улёткі. Начальніку тэлефануюць: мы добрую рыбу злавілі. Не разабраліся нават, што за ўлёткі. У РУУС ужо начальнік разгледзеў, што на паперках напісана «сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы». 

Першыя дні пасля вызвалення доктар правёў на працы — праз затрыманні і так шмат часу не вёў прыём.

«Мяне гэта ні фізічна, ні псіхічна не пахіснула, — кажа ён пра суткі. — Без кніжак сумна, канечне, але нас гэта не зламіла. Нічога, акрамя рэпрэсій, у іх няма, гэта сістэма можа займацца толькі падаўленнямі. Мне здаецца, у такой сістэмы няма будучыні».

Чытайце таксама:

Служыў у медроце ў Печах, а цяпер выходзіць на пратэсты. Гісторыя неўролага з РНПЦ, які тройчы сядзеў пасля выбараў

Каментары

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы16

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі11

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →