5 фактаў пра камуніста Ігара Карпенку, якому даверылі месца старшыні ЦВК
Цэнтрвыбаркам Беларусі ўзначаліў Ігар Карпенка. Да гэтага ён пяць гадоў кіраваў Міністэрствам адукацыі. «Наша Ніва» нагадвае цікавыя факты пра яго.
Пачынаў з камсамола і выхаваўчай працы ў Педуніверсітэце
Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964-м у Новакузнецку ў Сібіры. Пасля школы адслужыў у войску (1982—1984) і толькі тады апынуўся ў Мінску.
Будучы міністр скончыў Педінстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная мова», у выніку ў гэтай навучальнай установе і застаўся.
З 1989 да 2001 года быў сакратаром камітэта камсамола, начальнікам аддзела выхаваўчай працы ў БДПУ, пасля на пару гадоў стаў начальнікам упраўлення выхаваўчай працы і яшчэ на год — прарэктарам па выхаваўчай працы. Таксама ён узначаліў створаны пры БДПУ паспяховы навучальны цэнтр «Сучасны свет», які прапаноўваў дадатковую платную адукацыю па замежных мовах, а таксама камп’ютарныя курсы.
Па словах былых студэнтаў, Карпенка выкладаў культуру маўлення і выглядаў нашмат больш сучасным і еўрапейскім выкладчыкам, чым яго замшэлыя калегі.
Быў дэпутатам парламента двух скліканняў
У 2004 годзе Карпенка абіраўся ў парламент. Ён балатаваўся па Ясенінскай акрузе як беспартыйны і, паводле афіцыйнай інфармацыі, набраў 52%. Тром яго канкурэнтам-апазіцыянерам запісалі па 13—14%.
У парламенце трэцяга склікання Карпенка ўвайшоў у камісію па ахове здароўя, фізкультуры, справах сям'і і моладзі.
На наступных выбарах ён ужо прадстаўляў Камуністычную партыю. Афіцыйныя вынікі далі Карпенку 66,5%, а яго суперніцы Валянціне Свяцкай ад БНФ (яна супрацьстаяла Карпенку другі раз запар) — 20%.
У гэтым скліканні новаспечаны камуніст заняўся міжнароднымі справамі і сувязямі з СНД. Напрыканцы тэрміну ён узначаліў адпаведную камісію.
«Вобразна кажучы, я ўжо не школьнік, каб мне з ПАРЕ пагражалі пальцам, што мы нешта не так робім, — заяўляў ён падчас візіту ў Францыю. — У нас створаная працоўная група, якая вывучае пытанне ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. Рэзалюцыя ПАРЕ толькі наносіць шкоду вырашэнню гэтага пытання. У нас ёсць пэўная грамадзянская і чалавечая годнасць, якая не дазваляе трываць настаўленне з боку».
Педуніверсітэт знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў Мінску. У суседнім будынку працуюць урад і парламент, праз дарогу знаходзіцца Мінгарвыканкам. Такім чынам, за 30 гадоў жыцця ў Беларусі Карпенка не працаваў нідзе, апроч плошчы Незалежнасці!
Даў Лукашэнку ў Мінску 67% на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года
Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2010 Карпенка, які адкрыта заклікаў сваю партыю падтрымаць Лукашэнку, узначаліў Мінскую выбарчую камісію.
Ён асабіста прыходзіў на сустрэчы апазіцыйных кандыдатаў з выбарцамі і папярэджваў пра незаконнасць такіх акцый.
У выніку Мінская выбарчая камісія зафіксавала, што ў сталіцы за Лукашэнку прагаласавала больш за 67%. Місія Карпенкі была паспяхова выкананая.
З выбарчай камісіі ў галоўныя ідэолагі Мінска
На наступны год Карпенка стаў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. У сферу яго ўплыву ўвайшлі пытанні ідэалогіі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму і сацыяльнай абароны.
Чым запомніўся Карпенка на пасадзе галоўнага ідэолага сталіцы, дык гэта барацьбой з беларускай лацінкай у метро.
Чыноўнік патрабаваў спыніць транслітарацыю геаграфічных назваў, у тым ліку, напрыклад, станцый метро, з беларускай мовы. Аднак эксперты заўпарціліся і прымусілі Карпенку адступіць, прынамсі часова.
Іншая яго ініцыятыва — прапанова ўвесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай вайны. «Магчыма, надышла неабходнасць на заканадаўчым узроўні замацаваць пэўную адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, паставіць заслон недарэчным выказванням хаця б у памяць пра загінулых і з павагі да ветэранаў», — тлумачыў ён.
Чыноўнік з партбілетам
У беларускіх чыноўнікаў не прынята знаходзіцца ў шэрагах палітычных партый. А Карпенка не проста партыец, а яшчэ і сакратар (кіраўнік) праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. Арганізацыю ён узначальвае з 2012 года.
«Несумненна, у аснове нашай праграмы ляжыць тэорыя марксізму-ленінізму… Гэта партыя, якая сёння прапагандуе ідэі грамадства сацыяльнай справядлівасці, на мой погляд, мы павінны заняць левы фланг палітычнай дзейнасці ў нас у Беларусі», — заявіў ён пасля абрання.
У снежні 2016 года ён узначаліў Міністэрства адукацыі. Падчас кіраўніцтва Карпенкі сістэма адукацыі не зведала сур’ёзных рэформаў.
Дэбюракратызацыя, павышэнне прэстыжу працы настаўніка, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця адукацыі на беларускай мове — усё гэта не рэалізаванае. Настаўнікі па-ранейшаму застаюцца апірышчам фальсіфікацый на выбарах і інструментам ціску на бацькоў.
Асноўныя цытаты Ігара Карпенкі як міністра адукацыі
«Настаўнік, як і раней, застаўся апорай дзяржаўнай улады і суверэнітэту краіны. Таму палітыка прэзідэнта па абароне настаўнікаў, іх сацыяльнай падтрымцы, умацаванні станоўчага іміджу педагога і школы заўсёды атрымлівае станоўчы водгук у педагагічнай супольнасці. У сваю чаргу гэта накладае і пэўную адказнасць на педагога за якасць і вынік яго дзейнасці». (24.08.2021)
«Паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадскіх ці рэлігійных аб'яднанняў у большасці выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апорай для каляровай рэвалюцыі. А іх супрацоўнікі і кіраўнікі апынуліся ў дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню». (24.08.2021)
«Мы павінны спыніць публічна крытыкаваць настаўніка, бо тым самым падрываем яго аўтарытэт у вачах школьніка. Давайце спынім публічнае абмеркаванне настаўнікаў, для гэтага ёсць іншыя формы: педсаветы, бацькоўскія сходы, педагагічныя суполкі, калегіі Міністэрства, але не інтэрнэт. І ўжо сапраўды не школьнікі павінны абмяркоўваць з бацькамі альбо яшчэ з кім-небудзь настаўніка». (29.08.2021)
Каментары