Сведку затрымання загінулага жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава эвакуявалі з Беларусі
28-гадовы Аляксандр Жогаль быў апошнім з блізкіх, хто бачыў Дзмітрыя жывым. У сувязі з арыштамі сяброў Дзмітрыя Усхопава ў Рэчыцы, Аляксандра эвакуявалі з Беларусі. Ён у бяспецы. Пра гэта ў Facebook паведаміў Андрэй Стрыжак.
Раней стала вядома пра эвакуацыю з Беларусі родных Дзмітрыя. Каго менавіта, падрабязнасцей не было.
27-гадовы жыхар Рэчыцы быў затрыманы міліцыяй увечары 31 снежня ў нецвярозым стане. Праз некалькі гадзін ён памёр у прыёмным пакоі бальніцы, куды яго даставілі на міліцэйскай машыне (павінны былі на «хуткай дапамозе»).
Сваякі Усхопава лічаць, што хлопца збівалі ў міліцыі і гэта магло стаць прычынай ягонай заўчаснай смерці.
У дзень пахавання затрымалі сяброў Дзмітрыя. Міліцыя заявіла, што яны датычныя да незаконнага абароту наркотыкаў. Прычынай смерці Усхопава назвалі атручванне алкаголем і тэтрагідраканабінолам ‒ рэчывам з каноплі.
Тэтрагідраканабінол ‒ адзіны канабіноід, дазволены ў шэрагу краінаў для ўжывання ў медычных мэтах.
Каментары