Грамадства

Па ўсёй краіне затрымалі каля 30 артапедаў-траўматолагаў

Як стала вядома «Нашай Ніве», у мінулую пятніцу амаль аднамомантна ў розных рэгіёнах затрымалі тры дзясяткі артапедаў-траўматолагаў. Гэта большасць кіраўнікоў траўматалагічных аддзяленняў. 

«Відавочна, што такую колькасць медыкаў надоўга пасадзіць немагчыма, таму нейкі час пакашмараць, набяруць паказанняў на прызначаных «казламі» і большасць выпусцяць, але нехта прызямліцца надоўга. Агулам усё гэта катастрофа для медыцыны», — прагназуе развіццё справы адзін з нашых суразмоўцаў. 

Яснасці наконт таго, што стала прычынай, пакуль няма. Але суразмоўцы выказваюць здагадку, што гэта можа быць неяк звязана з пратэзаваннем суставаў — за мінулыя гады ў гэтай сферы назапасіліся праблемы. 

«На калегіях артапедаў падымалася пытанне колькасці пратэрмінаванай прадукцыі на складах — яе там на мільёны. Пратэзы, умоўна, як абутак — ёсць папулярныя памеры, якія хутка разыходзяцца, ёсць малазапатрабаваныя. У кожнага пратэза пры гэтым ёсць тэрмін стэрыльнасці, да якога яго трэба паставіць. І былі пытанні да тых аб'ёмаў умоўнага «неліквіду», якія спісваюцца.

Але бухгалтэрыя не ведае, якія там тэрміны прыдатнасці, гэта ў базы не ўносіцца, таму на балансе пратэз як бы ёсць, але калі яго трэба ўзяць — ён аказваецца непрыдатны, трэба закупляць новы. Там вялікія аб'ёмы пратэрміноўвання (гэта тое, што гучала на калегіях), але не зусім ясна, прычым тут канкрэтна медыкі. Калі гаворым пра разбазарванне сродкаў і ўлік прыдатнасці, то гэта хутчэй да бухгалтэрый, аддзелаў закупак», — разважае чалавек са сферы. 

Падчас кавіду, калі адмянілі планавыя аперацыі, закупкі пратэзаў амаль не праводзіліся — збольшага толькі для анкалагічных хворых, якія не могуць цярпець.

«Фактычна цяпер людзі, якія стаяць у чарзе на планавую замену сустава, не ведаюць, што, хутчэй за ўсё, аперацыі не будзе, бо няма закупак, а пратэзы на складах, якія ёсць на паперы, насамрэч непрыдатныя.

З увозам імпарту таксама вялікія праблемы праз лагістыку і адмовы супрацоўнічаць. У самой Беларусі робяцца толькі эндапратэзы сцягна, а калена, напрыклад, не робяцца — там усё імпарт. Ды і наш мясцовы беларускі вытворца таксама з праблемамі: метал, з якога робяць пратэзы, не купіш на БМЗ, гэта спецыяльныя металы, якія па стандартах з'яўляюцца таварам двайнога прызначэння. Наколькі я ведаю, згодна з санкцыямі, пастаўкі забароненыя, нават не ведаю, што цяпер з імі будзе.

Ну і дадамо сюды тое, што пратэзы не вечныя, іх трэба з часам мяняць, прынамсі асобныя складнікі: галоўкі, чашачкі і гэтак далей. А тут склалася сітуацыя, што папярэднія гады дзяржава закупляла, умоўна, нямецкія, а потым амерыканскія. Іх дэталі не падыходзяць адзін да аднаго, увезці дэталь афіцыйна, ад бальніцы, цяпер вельмі складана, чалавек ходзіць без замены і літаральна развальваецца.

У такіх выпадках доктар можа параіць, як увезці нейкую дэталь «па-чорнаму», дзе ўзяць — схемы для штучных увозаў існуюць, інтарэс урача тут таксама можа існаваць, я не буду гэта каментаваць, але гэта рэаліі. Але і масштабы ў такой з'явы невялікія. У любым разе, тут пытанні да сістэмы, якая склалася, а не да тых, хто рэжа», — кажа суразмоўца.

Учора zerkalo.io паведамляла пра затрыманне трох вядучых траўматолагаў у Віцебску. Гэта супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі.

Пра затрыманні ў Гомелі пісала выданне «Флагшток». Там забралі двух загадчыкаў аддзяленняў траўматалогіі — у абласной клінічнай бальніцы і абласной анкалогіі. Таксама затрыманыя тры траўматолагі з Мазырскай ЦРБ.

«Нашай Ніве» вядома таксама, што затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ў Ваўкавыску Яўген Саўко.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Каментары

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Усе навіны →
Усе навіны

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?4

У Расіі выпадкова выдалі колькасць вайскоўцаў, якія зніклі без вестак?

Галоўнае
Усе навіны →