Віктар Марціновіч: Паскудства сітуацыі ў тым, што абсалютна няма дзе падглядзець, што будзе далей
Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае ў фэйсбуку пра адчуванне часу. «Зараз любы мір будзе кароткім перадыхам», — піша ён.
«Паскудства сітуацыі ў тым, што абсалютна няма дзе падглядзець, што будзе далей, — рэфлексуе Віктар Марціновіч. — Мінулае не падказнік, бо таго, што адбываецца зараз, яшчэ ніколі не было ў мінулым. А калі і было, дык усё зараз навыварат, і не азірайся па адказы, глядзі наперад, у туман.
Кожны зараз у стасунках са сваім лёсам, за кожным крокам і словам — асабістая інтуіцыя, пачуццё будучыні.
А вайна працягвае пэцкаць усё смерцю, і зараз расклад 2020-га выглядае простым і зразумелым — у параўнанні з тым, пасярод чаго мы апынуліся ў 2022.
Адно, што ведаю дакладна: бойкі сканчаюцца, калі нянавісці робіцца меней. Зараз жа любы мір будзе кароткім перадыхам між Першай і Другой Чачэнскай, і Украіна — толькі пачатак, не скончыцца ўсё Украінай, гэтыя цёркі — тэктанічныя.
Чытаю «Севастопальскія апавяданні» Талстога, у школе нам казалі, што кніга пра гераізм абаронцаў Крыма, я ж у тэксце бачу толькі роспач і тугу — як у той сцэне, дзе герой наведвае ампутацыйнае аддзяленне вайсковага шпіталя, ці ў той, дзе ён выходзіць на бастыён, і камандзір, каб пакрасавацца перад афіцэрам, загадвае страляць па ворагу з гарматаў, той адказвае, і ў выніку з рэдутаў валакуць параненых і забітых.
І было б дзіўна, каб у Талстога было не так: Талстой — буйны пісьменнік, а буйныя пісьменнікі, ад Быкава з Хэмінгуэем, да Рэмарка з Грасам, ніколі не дазваляюць сабе апынуцца на баку апявальнікаў смерці.
З другога боку — каму цікава, што ты думаеш зараз?
Каму патрэбны твой гуманізм ці твае перасцярогі?
Кожны зараз сам сабе піфія.
Нехта бяжыць у JYSK, нехта па цукар, а нехта — прэч з роднага дому.
Як быццам ад гэтага можна збегчы.
Ці адкупіцца цукрам.
Ці схавацца ў шопінгу».
Каментары