Грамадства

«Два тыдні я правёў у палоне ў Беларусі. Трымалі ў падвале, дапытваў кадыравец» — 19-гадовы сяржант ЗСУ, якому ампутавалі ногі і пальцы на руках

«У Беларусі нас трымалі ў падвале: 65 чалавек», — згадвае 19-гадовы ўкраінскі сяржант Даніла Мельнік. Адну кісць рукі хлопцу адарвала пры выбуху, на другой застаўся толькі адзін цэлы палец, праз абмаражэнні яму ампутавалі абедзве ступні. Мельніка знайшлі расійскія вайскоўцы і некалькі тыдняў утрымлівалі ў палоне на тэрыторыі Беларусі, кажа хлопец. Ён расказаў сваю гісторыю «Нашай Ніве».

Даніла са звычайнай украінскай сям’і: вырас у пасёлку пад Кіевам. Мама зарабляла швачкай, адна гадавала траіх дзяцей. Даніла — наймалодшы.

Даніла Мельнік. Фота: сацсеткі

У 2019 годзе, скончыўшы школу, Мельнік вырашыў паступаць у вайсковы каледж у Львове: 2,5 года вучобы — і званне сяржанта, камандзіра ўзвода пяхоты. Пасля можна пайсці альбо на службу ў войску, альбо атрымліваць вышэйшую вайсковую адукацыю. 

«Захацелася паспрабаваць сябе ў войску. Гэта добрая прафесія, — кажа Даніла. — Ва Украіне да вайскоўцаў ставяцца з павагай. І падчас вучобы бывалі, канечне, начальнікі, якіх «не папусціла», але няма дзедаўшчыны. Украінскае войска сапраўды выйшла на новы ўзровень.

Мама не адгаворвала — у мяне такое выхаванне, што калі захацеў, то што яна ўжо мне скажа».

26 лютага 2022 года ў Мельніка чакаўся выпуск. 

Пасля са сваёй брыгадай яны мусілі ехаць служыць у часць, адтуль — на нейкі час на Усход, у ратацыю, згадвае хлопец. Але пачалася вайна.

«У нас панікі не было, усё было зладжана. 26 лютага адбыўся выпуск, далей нас размеркавалі па часцях, як і планавалася. 

27-га я ўжо ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, — кажа Даніла. — Страшна не было, шкадаванняў, што пайшоў у войска, таксама. Хацелася абараняць краіну — гэта ж яны прыйшлі на нашу зямлю, а не мы на іх напалі. У наш дом прыйшоў вораг.

Згадваў гісторыю, казакоў, што ўкраінскай дзяржавы яшчэ не было, а тут людзі заўсёды баранілі сваю зямлю. Ды і я ведаў, які я чалавек, ведаў, якія хлопцы побач са мной. Таму страху не было ніякага».

Мельнік быў намеснікам камандзіра ўзвода, у яго падначаленні былі байцы нават старэйшыя за яго. Субардынацыя строгая, ніхто не абураўся, што юнак камандуе. 

Даніла біўся пад Кіевам. 7 сакавіка трапілі бліжэй да прыгарадаў: Ірпень, Буча, у тыя раёны, расказвае хлопец. 

«Там мы трапілі ў засаду. Было вельмі горача, вялікая частка нашых змагла выбрацца, але эвакуацыі не было — надта шмат рускіх. Там мяне параніла. 

Быў выбух, мне адарвала левую кісць, таксама аскепкі трапілі пад ягадзіцу. Я вылез, на адрэналіне запоўз у каморку ў нейкім двары. Там правёў некалькі дзён, пасля мяне знайшлі рускія салдаты. Калі б не знайшлі — напэўна б, там і памёр, — кажа Даніла. — Бо мне параніла і правую руку, яна перастала нармальна функцыянаваць. Я не мог нават сябе перавязаць, правая рука была як млявая, здранцвелая. 

У той каморцы я выключыўся, праз нейкі час ачуняў — але быў ужо абсалютна без сіл. Так я праляжаў дні два, перыядычна страчваў прытомнасць. Падчас гэтага атрымаў і абмаражэнні. Я разумеў, што адбываецца, але быў вельмі знясілены».

Мельнік кажа, што рускія салдаты, якія яго знайшлі, спачатку адцягнулі яго ў нейкі двор. 

«Там пагражалі зброяй, стралялі побач, расказвалі, якія мы нацысты, забіваем дзяцей — уся гэтая руская балалайка. Нейкі час дапытвалі: дзе артылерыя, дзе што. Бессэнсоўныя пытанні, бо я асабліва і не ведаў нічога такога. Палохалі забойствам, расправай — але мне ўжо было пофіг. Бо я пакуль ляжаў у той каморцы, думаў, што ўсё, гэта канец. Можа, таму, пасля мне і было ўжо не страшна, — кажа Даніла. — Пасля іншыя салдаты, маладзейшыя пацаны, аказалі мне медыцынскую дапамогу, падкармілі, трохі расчухалі мяне — бо я ж два дні нічога не еў, не піў.

Пасля мяне загрузілі ў грузавік і павезлі. Там я быў адзін, але збегчы не было варыянтаў: ад раненняў быў вельмі знясілены, амаль не мог рухацца.

Ехалі недзе па Украіне, маршрут не ведаю. Дакладна не памятаю, але мінімум аднойчы спыняліся на ноч, мяне заносілі ў нейкі будынак начаваць, але павязкі не мянялі.

Пасля, яшчэ недзе на тэрыторыі Украіны, мяне далучылі да параненых рускіх салдат. Нас перавозілі ў Беларусь верталётам, прыкладна па 10 чалавек. У Беларусі спачатку быў мабільны шпіталь: гэта такі, як вялікі намёт, жоўты надзіманы будынак у полі. Дзе ён канкрэтна знаходзіўся — я не ведаю», — кажа Даніла Мельнік.

Мяркуючы па інфармацыі, якую збіраў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», гэта магло быць у расійскім лагеры пад Хойнікамі, каля Рэчыцы, каля Камарына ці ў Бокаве. 

«Там убачылі, што я ўкраінец: форма была ў крыві, яе даўно знялі, але я заставаўся ў тэрмабялізне. На ёй заўважылі ўкраінскі герб і пачалі паміж сабою раіцца. Я чуў урыўкі, нешта казалі пра Жэнеўскую канвенцыю, што не трэба мучыць. 

Зрабілі наркоз мне, трохі падшылі рану каля ягадзіцы, перавязалі і апрацавалі раны на руцэ. І пакуль я яшчэ «плаваў» ад анестэзіі, мяне адвезлі ў нейкі падвал. Дзе ён быў, сказаць не магу, але склалася ўражанне, што гэта была нейкая вайсковая частка».

Але чаму Даніла ўпэўнены, што гэта адбывалася на тэрыторыі Беларусі? 

«Пра гэта казаў нехта з рускіх вайскоўцаў. Там, дзе мяне ўтрымлівалі, былі толькі ўкраінскія палонныя і расійскія вайскоўцы, у асноўным, ваенная паліцыя. І нехта з расіян прагаварыўся, што мы ў Беларусі, — тлумачыць Мельнік. — Але за ўвесь час у тым падвале я не бачыў ніводнага беларуса, толькі людзі у расійскай вайсковай форме з расійскімі сцяжкамі на ёй».

У падвале, куды змясцілі параненага Данілу, быў маленькі пакойчык з раскладушкамі: без бялізны ці матрацаў. 

«Мне пашанцавала, што я быў на насілках, — згадвае ён. — Спачатку я быў адзін, пасля прывялі другога ўкраінца. Затым паціху палонных давозілі. 

Калі палонных стала больш, нас перавялі ў вялікі пакой. Там замест ложкаў стаялі такія нібыта вялікія доўгія драўляныя сталы ўздоўж сценак. На іх можна было легчы. 

Кармілі, але не вайсковымі пайкамі. Давалі нейкую кашу, здаецца, пярлоўку, і суп. як вада: адна бульбіна плавае і капустачка. 

Вады было мала. Замест прыбіральні — адно вядро на ўсіх. Яго перыядычна выносіў нехта з палонных пад наглядам расійскага вайскоўца. 

Паціху людзей у падвале станавілася больш, месцаў на «сталах» на ўсіх не хапала. Былі не толькі вайскоўцы, вельмі шмат было цывільных. Некаторых забіралі проста з хат пад Кіевам, прывозілі адтуль у той падвал. Параненых разам са мной было толькі трое. Усе мужчыны — была адна жанчына, але яе ўтрымлівалі асобна.

Раз на некалькі дзён прыходзілі медыкі, правяралі параненых. Перавязвалі мне рукі. Пра тое, што ў мяне абмаражэнні я тады нават не думаў, бо ніколі з такім не сутыкаўся раней.

З падвала нікуды не выпускалі. Усіх перыядычна забіралі на допыты. Пыталіся лухту нейкую: дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, якая сям’я, ці служыў, ці быў у АТА. Некаторых палонных здымалі на фота ці відэа. Некаторых білі, пагражалі. Паведаміць сям’і, што жывы, магчымасці не было ніякай. Але некаторых палонных здымалі для расійскіх навінаў, тым давалі звязацца з сям’ёй.

Большасць рускіх салдат, якіх я бачыў, былі славянскай знешнасці, але былі і бураты.

У палоне я сустрэў двух украінцаў, якія траплялі да чачэнцаў. Адзін расказваў: «Мне чачэнцы сказалі, каб я не перажываў, маўляў, мы робім сваю працу, ты сваю. Абыходзіліся цалкам нармальна». А другі згадваў, што чачэнцы не сталі яго звязваць, замест гэтага проста прастралілі абедзве нагі — каб не збег. 

Да нас у падвал таксама заходзіў нейкі кадыравец, дапытваў некаторых. Панты калаціў: уключыў камеру на тэлефоне, нешта жаваў і паказваў суразмоўцы, маўляў, які ён ваяка. 

Нам казаў: зараз мае кадыраўцы прыедуць, тут вам будзе!

Пасля ён яшчэ раз зайшоў у падвал і пачаў крычаць: чаго яны сядзяць з адкрытымі вачыма?! Пасля гэтага нам завязалі вочы, каму анучамі, каму нават туалетнай паперай і скотчам. Навошта, я не зразумеў — усё роўна ж у падвале сядзім.

Але калі той кадыравец сышоў, нам дазволілі зняць павязкі.

Некаторыя расійскія вайскоўцы былі нармальныя, некаторыя — замбаваныя, якія расказвалі нам: вы нацысты, Данбас восем гадоў бамбілі! За любыя татуіроўкі абвяшчалі чалавека нацыстам. Дрэва накалоў сабе? Нацыст!

Аднойчы заляцеў нейкі расійскі вайсковец, паўгадзіны крычаў пра тое, якія мы нацысты. Крычаў: вы жанчын гвалцілі, дзяцей забівалі! 

Пакрычаў, пасля сказаў: «Б***, з кім я размаўляю!?» І сышоў.

А я ж не меў ніякага доступу да інфармацыі, да навін: спачатку баявыя дзеянні, пасля палон. Пра тое, што Расія нас, аказваецца, «вызваляе ад нацызму», я проста не паспеў пачуць. А тут пастаянна: «Нацызм! Нацызм!».

Я быў у шоку: які нацызм? У чым прыкол? У чым праблема?» 

У гэтым падвале Даніла правёў два тыдні. Калі набралася 65 чалавек, палонных пачалі вывозіць у Расію.

«Казалі, што з гэтага падвала палонных людзей партыямі везлі ў нейкае СІЗА на тэрыторыі Расіі. У які горад канкрэтна, не ведаю. Казалі, што палонных адвозяць альбо ў СІЗА, альбо нібыта ў нейкія намётавыя лагеры, таксама на тэрыторыі Расіі.

Але мне пашанцавала, бо медыкі сказалі: гэты паранены, ён там памрэ праз пару дзён. І мяне павезлі не ў СІЗА, а ў Рыльск (горад у Курскай вобласці РФ недалёка ад мяжы з Украінай. — «НН»).

Хлопцы з вайсковай паліцыі былі нармальныя, яны нават маскі паздымалі па дарозе. Частавалі цыгарэтамі. Пасля паведамілі нам: усё, заехалі ў Расію!»

У Рыльску Данілу паклалі ў звычайную бальніцу. Кажа, дактары ставіліся да яго па-людску. У бальніцы медыкі заняліся яго абмаражэннямі: ампутавалі абмарожаныя пальцы на правай руцэ хлопца (незваротныя змены ў тканках праз абмаражэнне пачынаюцца праз некалькі гадзін, а Даніла правёў на холадзе ў паўпрытомным стане два дні). Заўважылі абмарожаныя пальцы на нагах — іх таксама давялося ампутаваць. Ступні пакуль не чапалі. 

«З Рыльска мяне перавялі ў вайсковы шпіталь у Курску. 

Там быў адэкватны доктар: ужо хадзілі чуткі, што палонных украінцаў будуць мяняць. А было ўжо зразумела, што мне прыйдзецца ампутаваць і ступні. І доктар не стаў, сказаў, каб я нармальна даехаў, ён аперацыю не будзе рабіць, — расказвае Мельнік.

— Ляжаў я ў палаце з іншымі ўкраінскімі параненымі. У калідоры каля палаты дзяжурылі рускія з вайсковай паліцыі. Яны нам расказвалі: «Мы тут вас не ахоўваем, бо куды можаце пайсці? Мы тут вас абараняем, каб вас мясцовыя не забілі!» 

Мы з імі часам размаўлялі. Я тлумачыў: які нацызм? Мне 19 гадоў, я рабіў што хацеў, мяне ніхто не ўшчамляў, ні да чаго не прымушаў! Адкуль нацызм? 

Таксама тыя, з вайсковай паліцыі, расказвалі нам «навіны»: што нібыта з Кіевам ужо рускія дамовіліся і цяпер засталіся ад Украіны толькі заходняя частка і сам Кіеў, бо ў ім «нацысты адстрэльваюцца і дзецьмі прыкрываюцца». А ў астатніх гарадах ужо нібыта расійскі рубель круціцца і рускія туды прадукты возяць.

Я пазней, пасля вызвалення, бачыў на свае вочы разбітыя рускія калоны пад Кіевам. Вось так і дамовіліся! А тыя рускія хлопцы з вайсковай паліцыі і самі верылі ў свае словы, бо наглядзеліся тэлебачання.

Бальнічныя санітаркі старэйшага ўзросту нам таксама казалі: «Вось быў СССР, усім было добра, усе сябравалі! А тут Украіна рэзка пачала шчаміць рускамоўных!»

Таксама ў Курску мяне прыходзілі дапытваць з ФСБ. Адкуль, што, як, нейкія пратаколы складалі…»

У сярэдзіне красавіка пайшлі чуткі, што магчымы абмен палоннымі. 

«Я нічога не чакаў, бо ведаў, што пасля 2014 года некаторыя хлопцы і па два гады праводзілі ў палоне. Рыхтаваўся да горшага, — згадвае хлопец. — І плюс палонныя ўкраінцы расказвалі, што рускія іх ужо вазілі нібыта на абмен. А пасля казалі палонным: вось, бачыце, вашы не прыехалі, хрэн паклалі на вас! 

Я ў гэта не верыў, так і казаў хлопцам: гэта рускія вас так зламаць хочуць, бензіну ў іх шмат, могуць і пакатаць туды-сюды. І пасля я цікавіўся ў нашых вайскоўцаў, а ці былі абмены, якія пасля адмяняліся. Мяне нашы запэўнілі — не было».

Але як не звар’яцець, калі ты ў 19 гадоў сядзіш у палоне, паранены, са скалечанымі рукамі і рыхтуешся да ампутацый яшчэ і на нагах?

«Для мяне галоўнае было, што выжыў. І ўжо добра. Не памёр падчас бою, не памёр пакуль у каморцы той ляжаў, а астатняе — дробязь. Хацеў вярнуцца дадому. Часам маліўся, каб ва ўсіх дома было ўсё добра. Стараўся зберагчы псіхіку», — адказвае Даніла.

21 красавіка Мельніка ўсё ж абмянялі. 

«З Курска мяне перавезлі ў Севастопаль, адтуль машынай ва Украіну. Там памянялі. Але з курскага шпіталя мянялі не ўсіх, некаторыя палонныя засталіся. Не ведаю, як і па якой сістэме адбіралі людзей, — кажа Даніла. — Ну і ад сваіх першым чынам я пазваніў маме: яна ж увогуле не ведала, дзе я, толькі спадзявалася, што жывы. Пасля душ, чыстая вопратка… Глянуў навіны — усё добра, зусім не так, як рускія расказвалі».

Пасля хлопца паклалі ў кіеўскую бальніцу. Там усё ж ампутавалі ступні. 

Фота: Philippe de Poulpiquet для Le Parisien

Цяпер ён раздумвае над будучым, збіраецца атрымаць вышэйшую адукацыю — хоча стаць ваенным псіхолагам. 

«Я ні пра што не шкадую. Каб мяне не адправілі на фронт, я б сам туды паехаў, — кажа Даніла. — Так, інваліднасць, так, застаўся толькі адзін цэлы палец на правай руцэ, і тры пальцы па палове… Але з тэлефонам неяк ужо спраўляюся, а на левую руку хутка будзе пратэз. Маю пратэзы на ногі, троху магу хадзіць. Нічога страшнага няма. Галоўнае, што жывы, што маральна я ў парадку».

Пасля двух тыдняў у палоне на тэрыторыі Беларусі — што ён адчувае да беларусаў?

«Я ведаю, што ёсць беларусы, якія за свабоду сваёй краіны. Яны разбіваюць чыгуначныя шляхі, там ёсць адэкватныя людзі. У вас не тое, што ў Расіі, у Беларусі большасць нармальных, вельмі малы працэнт замбакоў. Ёсць шанцы стаць нармальнай краінай, — адказвае Даніла. — Канечне, прынізліва, што там самаабвешчаны прэзідэнт, ды яшчэ і дыктатар. Гэта трохі хранова, прыйдзецца вам пазмагацца таксама. Але, мяркую, Беларусь мае ўсе шанцы на росквіт».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў3

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«З такой навукай, як у нас, мы поспехаў не даб'ёмся». Лукашэнка зноў узяўся за Акадэмію навук40

Пашкоджаны кабель паміж Швецыяй і Фінляндыяй4

Авіякампанія Qantas запланавала самыя доўгія рэгулярныя рэйсы ў свеце — 22 гадзіны ў небе

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы50

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў3

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →