Назіральнікі адзначылі: Лукашэнка ў Вільні паводзіў сябе з апломбам, нават з доляй агрэсіўнасці. Псіхолагі дададуць: гэта сімптом няўпэўненасці. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
Назіральнікі адзначылі: у Вільні Лукашэнка паводзіў сябе з апломбам, нават з доляй агрэсіўнасці. Псіхолагі дададуць: гэта сімптом няўпэўненасці.
Задзірысты тон сведчыць, што ён усё ж трохі не роўна дыхае напярэдадні лістападаўскага іспыту — разгляду кіраўніцтвам ЕС пытання аб лёсе замарожаных візавых санкцый. Фактычна гаворка ідзе пра лёс цяперашняга двухбаковага пацяплення.
Каскад наступальных выказванняў (нас не нагнуць і г.д.) — гэта пробны шар, пушчаны ў бок Бруселя, мяркуе палітолаг Андрэй Фёдараў. Каб потым нават дробныя саступкі там успрынялі як атракцыён нябачанай шчодрасці.
Сярод магчымых саступак — рэабілітацыя яшчэ некалькіх газет, змякчэнне адказнасці за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях, касметычныя змены ў выбарчым заканадаўстве, мараторый на смяротнае пакаранне.
У прынцыпе любы з гэтых крокаў не стварае ніякай небяспекі рэжыму. Разам з тым, гэта стане сігналам, што Мінск мае патрэбу ў заходняй дапамозе, кажа Фёдараў.
Ну і другі тэст — Абхазія з Паўднёвай Асеціяй. Лукашэнка мусіў адказаць літоўскім журналістам, што ў кастрычніку Палата разгледзіць пытанне. І дадаў, што трэба яшчэ вывучыць думку народу на гэты конт. Думка народу у нас, як вядома, паняцце эластычнае. Добра вядомая і ступень самастойнасці парламента.
Так што і гэта тэст для Лукашэнкі. Нешта падказвае, што як мінімум да лістападаўскага пасяджэння Рады ЕС у беларускім пытанні Багапш з Какойты свойго не дачакаюцца. А мо’ не дачакаюцца і ніколі.
Ва ўсякім разе, прыслухаемся да псіхолагаў: бравадай можа маскавацца няўпэўненасць, пачуццё залежнасці. Усё ж гэтая гульня з ангажаваннем «апошняга дыктатара» не ёсць гульнёй у адны вароты.
Каментары