Гісторыя топ-менеджара, які кінуў пасаду ў ЕС і з'ехаў у беларускую правінцыю вырошчваць слімакоў
Гаспадарка ва Уладзіміра Ратава вельмі экзатычная для нашых краёў: вось ужо больш за дзевяць з паловай гадоў ён разам з жонкай вырошчвае слімакоў. Вы здзівіцеся, але на рынку попыт на такія далікатэсы вышэйшы за прапанову! І гэта вельмі паспяховая, «маленькая справа» для нашай краіны, хоць тут ёсць нюанс, піша «Анлайнер».
Як кажа Уладзімір, слімакі для Беларусі — гэта далёка не стартап. Іх вырошчваннем тут займаліся цягам стагоддзяў, маўляў, яшчэ паны інвеставалі ў гэты напрамак.
Уладзімір Ратаў, хоць і вырас на вёсцы, але да гэтага бізнэсу прыйшоў не адразу. У дзяцінстве дапамагаў бабулі з птушкамі, на агародзе і самастойна спрабаваў разводзіць трусоў. Асабліва на гэтым не зарабіў, затое яшчэ больш прасякнуўся жыццём на зямлі.
Праўда, у старэйшых класах лёс яшчэ рыхтаваў хлопцу пераезд з бацькамі ў Мінск, а там — паступленне ў інстытут. Пасля малады спецыяліст цягнуў лямку, адпрацоўваючы на заводзе.
Як і ва ўсіх сталічных, у сям'і з'явілася дача, і ён час ад часу ачышчаўся ад гарадскіх таксінаў на прыродзе. І дзесьці ў гэтым моманце лінія жыцця Ратава зрабіла чарговы віток.
Пасля завода ён уладкаваўся ў прыватную кампанію менеджарам па продажах. А праз усяго некалькі гадоў знайшоў сваё месца пад сонцам не дзе-небудзь, а сярод мільянераў на Блакітным Беразе. Мара, ці не так? А вось уладальнік слімаковай фермы ў беларускай глыбінцы лічыць інакш.
«Гадзіннік Prada, зашпількі Dior, туфлі і касцюм — ад Armani», — успамінае Уладзімір. А пасля непрацяглай паўзы смяецца і па-старэчы падсумоўвае: праўда, усё гэта шчасця наогул не прыносіць. Ад пафасу моцна стамляешся.
Далей Ратаў кажа пра вечныя маскі на тварах моцных гэтага свету і пра тое, што душа просіць зносін з жывымі людзьмі, сапраўднымі — такімі, як, напрыклад, у вёсцы Даўгінава. Менавіта тут бацькі Уладзіміра купілі ўчастак і невялікі домік. А ён, прыехаўшы пагасціць да сваякоў, убачыў у траве вінаграднага слімака — таго самага, што ёсць на нашых з вамі дачах.
«Я бачу, ён паўзе, прыгожы такі: ножка пераліваецца, бачу ўсю структуру цела. Інтуітыўна мне захацелася падняць яго, адкусіць і з'есці. Але я не ведаў, ядомы ён ці не. Патэлефанаваў таварышу і спытаў, ці можна есці такога. Ён адказаў: Гэта наш любімы бургундскі слімак, смела гатуй і еш».
Вопыт раздзелкі малюскаў у Ратава быў, таму ён адразу пачаў збіраць слімакоў. Ну а далей панеслася: сек на фарш і рабіў катлеты, смажыў з грыбамі і курынымі яйкамі, нават у макароны па-флоцку дадаваў. А калі прыязджалі госці, то частаваў і іх.
У Еўрасаюз Уладзімір больш не вярнуўся, узяў усё назапашанае і пачаў будаваць сваю ферму. Амаль усё зрабіў уласнымі рукамі. А ўкладзеныя грошы змог вярнуць толькі праз пяць гадоў існавання слімачынага ранча.
«Пальцам ля скроні круцілі ўсе, усе круцілі, — успамінае ўладальнік незвычайнай гаспадаркі. — Маўляў, людзі не пакаштуюць, у нас менталітэт не той…»
Каментары
во гэта любоў) ён такі прыгожы, што я хачу яго..з'есці