Вандроўка ў глыб ЕС дапамагае болей дакладна маштабаваць «беларускае пытанне». З Германіі піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.
Вандроўка ў глыб ЕС дапамагае болей дакладна маштабаваць «беларускае пытанне». А то паслухаеш заявы нашых палітыкаў, пачытаеш недзяржаўную прэсу — і ўражанне такое, што Еўропа дзень і ноч думае, як даць рады «апошняй дыктатуры» (ці, наадварот, зладзіць гешэфт з рэжымам).
На самай справе Еўрасаюз глыбока загруз ва ўнутраных праблемах: крызіс, мігранты, Лісабонская дамова і ўсё такое. Перадвыбарная Германія таксама дыскутуе пра сваё крэўнае.
Ніхто не заўважае тут, напрыклад, «беспрэцэдэнтных паводле маштабу» расійска-беларускіх манеўраў «Захад-2009». Пра «Усходняе партнёрства» ведаюць хіба адмыслоўцы. «Вайсрусланд» прысутнічае у масавай свядомасці як нейкі дадатак да «Русланда». Амаль кожны немец пытаецца, ці ёсць розніца між рускай і беларускай мовамі.
Аўтар гэтых радкоў толькі што вярнуўся ў гатэль з вечаровага перадвыбарнага мітынгу зялёных у Берліне. Атмасфера ды антураж акцыі зусім іншыя, чым у нас. Як і увогуле палітычны клімат у краіне, дзе няма дзяржаўнай прэсы, затое дзяржава фінансуе партыі, а не заганяе іх у андэграунд.
Ніводнага паліцыянта ў ваколіцах плошчы, на якой ладзіўся мітынг, не было заўважана. Ніякага вам амону ў падваротнях. Ладная частка прысутных слухалі выступоўцаў, пасмоктваючы піва на адмыслова расстаўленых лаўках. За пенным напоем ды сасіскамі на задворках мерапрыемства выцягнулася ладная чарга. Выступоўцы між тым бэсцілі Ангелу Меркель за памылкі ў палітыцы, выступалі супраць ядзернай энергетыкі (канцлерка гатова надаць ёй другое дыханне) і г.д. Вось такі нямецкі разгул сытай дэмакратыі з прысмакам піва.
Зрэшты, па выбарах у Бундэстаг, што адбудуцца 27 верасня, Меркель мае вялікія шанцы захаваць пасаду. Сацыялагічныя апытанні дазваляюць рабіць дастаткова дакладныя прагнозы. Каментатары дыскутуюць наконт магчымых кааліцый: ці то зноў будзе вялікая (ХДС/ХСС з сацыял-дэмакратамі), ці то «чорна-жоўтая» (той жа ХДС/ХСС з лібераламі). Другі варыянт падаецца аналітыкам лепшым, бо «буржуазная» кааліцыя ямчэй возьмецца за эканамічныя праблемы. Ну а левыя лепей умеюць дзяліць вялікі пірог, чым выцягваць эканоміку з крызісу.
Днём жа ў адным мазгавым цэнтры, што дае аналітыку для Бундэстага і федэральнага ўраду, я дапытваўся, як яны там бачаць перспектывы «Усходняга партнёрства». Напачатку ўвогуле прагучала: ну дык гэта ж польская ініцыятыва (маўляў, наша хата тут з краю)! Прабачце, кажу, але зараз гэта афіцыйная праграма ЕС!
Карацей, было б вялікай нацяжкай сказаць, што ў нямецкіх палітыкаў ды аналітыкаў надта баліць галава, чым напоўніць тое «Усходняе партнёрства». Перспектывы праграмы германскія эксперты ацэньваюць стрымана. Прызнаюць: рашэнні ў ЕС прымаюцца марудна, адзінай моцнай замежнай палітыкі няма. Ды і сваіх праблем стае.
І яшчэ момант: прагматычны Еўрасаюз надта зважае на Расію. На першым плане — клопат пра энергетыку і бяспеку. Эксперты зазначаюць: пасля расійска-грузінскай вайны рэакцыя ЕС «не была дастатковай».
Пару дзён таму, калі мы размаўлялі ў Гамбургу з Крысціянам Неефам, намеснікам рэдактара міжнароднага аддзела «Шпігеля», той без эківокаў прызнаў: Еўропа паводзіць сябе баязліва, калі гаворка ідзе пра калізіі між Масквой і суседзямі, напрыклад Украінай. Бо Расія — важны партнёр, звыш таго — крыўдлівы і агрэсіўны. У ЕС няма сапраўднай канцэпцыі, як паводзіць сябе з Расіяй ды іншымі постсавецкімі краінамі, мяркуе Нееф.
Гэту слабасць ЕС адчувае і Лукашэнка. Ці не таму ў Вільні яго стыль быў такі наступальны?
Натуральна, уцягванне Беларусі ў еўрапейскія праекты пакрысе будзе даваць свой плён. Але з боку нашай дэмакратычнай грамады недарэчныя як залішнія спадзевы на стратэгаў з Бруселя, Берліна ды іншых сталіц Старога свету, гэтак і пастаянныя эскапады на іх адрас за «здраду прынцыпам дэмакратыі». Еўропа, натуральна, вырашае найперш свае праблемы. Мітынгуе з півам ды сасіскамі.
Гэтак сама і беларусам, як ні банальна, належыць самім разбірацца са сваімі праблемамі. Ні дзядзька Сэм, ні ўмоўны гер Мюлер тут нам цудаў не зробяць.
Фота аўтара.
Гамбург — Берлін.
Каментары