Салман Рушдзі пасля нападу на яго часткова страціў зрок і не валодае адной рукой
Эндру Уайлі, агент 75-гадовага пісьменніка Салмана Рушдзі, аўтара рамана «Сатанінскія вершы» паведаміў, што ягоны кліент страціў зрок на адно вока і не можа карыстацца адной рукой пасля нападу, які перанёс два месяцы таму.
«[Яго раны] былі глыбокімі, але ён [таксама] страціў зрок на адно вока, — сказаў Уайлі. — У яго было тры сур'ёзных раны на шыі. Адна рука недзеяздольная, таму што нервы на руцэ перарэзаныя. І ў яго яшчэ каля 15 раненняў у грудзі і тулава. Такім чынам, гэта быў жорсткі напад», — сказаў уайлі.
Агент не ўдакладніў, ці знаходзіцца Рушдзі дагэтуль у бальніцы, сказаўшы толькі, што самае галоўнае, што пісьменнік будзе жыць.
Напад на пісьменніка, на якога за твор «Сатанінскія вершы» яшчэ ў канцы 1980-х была накладзеная фетва тагачасным іранскім аяталой Хамейні, быў зроблены 12 жніўня на мерапрыемстве ў адукацыйным цэнтры Chautauqua Institution у амерыканскім штаце Нью-Ёрк. Пісьменнік атрымаў нажавыя раненні ў шыю і жывот. Нападнік быў затрыманы, яму выстаўлена абвінавачанне ў замаху на забойства.
Каментары