Кубракоў анансаваў стварэнне ў МУС новых спецпадраздзяленняў і далейшую барацьбу супраць «экстрэмізму»
Выступаючы ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», міністр унутраных спраў Іван Кубракоў паведаміў, што ва ўнутраных войсках і ў АМАП з'явіцца некалькі новых спецыяльных падраздзяленняў, якія будуць мабільнымі і гатовымі дзейнічаць у любой мясцовасці, на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Асноўны вораг традыцыйны — нязгодныя з рэжымам.
«На сённяшні дзень падрыхтоўка спецыяльных падраздзяленняў жыццёва неабходная. З гэтай мэтай удасканальваецца наяўная сістэма. Спецыяльныя падраздзяленні будуць створаныя не толькі ва ўнутраных войсках, але і ў атрадах міліцыі асобага прызначэння. Неабходная тэхніка для гэтых мэтаў ужо закупленая. Створаныя падраздзяленні будуць рыхтавацца да супрацьдзеяння пагрозам і выклікам, якія існуюць з улікам цяперашніх рэалій», — сказаў Кубракоў.
Пагрозы і выклікі — не толькі знешнія, звязаныя з вайной ва Украіне, хоць і яны таксама падчас размовы згадваліся. Але не абмінуў увагай лукашэнкаўскі міністр і неабходнасць працягваць вайну супраць уласнага народа:
«Нягледзячы на тое, што колькасць такіх [«экстрэмісцкіх»] злачынстваў на тэрыторыі Беларусі зніжаецца, тыя збеглыя, якія здзяйснялі злачынствы ў 2020 годзе і цяпер знаходзяцца за межамі краіны, спрабуюць расхістаць сітуацыю, — адзначыў Кубракоў. — 80% такіх злачынстваў здзяйсняецца праз інтэрнэт».
І пасля гэтага перайшоў да пагроз: «Да ведама тых, хто думае, што можна заставацца ананімнымі, — сёння сістэма МУС пайшла наперад. Нашы падраздзяленні інтэрнэт-выведкі выяўляюць і вызначаюць асоб, якія выношваюць намеры ўчыніць нейкія супрацьпраўныя дзеянні». А ў якасці прыкладу згадаў пра нядаўнія затрыманні «тэрарыстычных груп».
Каментары