Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»1313

Беларусы: нацыя «лаяльна незадаволеных»

Электарат не падзяліў таго аптымізму, што выказаў афіцыйны лідэр у гістарычнай прамове на свінакомплексе. Каментар пра вынікі вераснёўскага даследавання НІСЭПД.

За апошні год беларусы мусілі зацягнуць паясы, але ступень падтрымкі кіроўнага курсу не пахіснулася. Такія высновы можна зрабіць з вераснёўскага апытання НІСЭПД. На яго сайце толькі што выстаўлены падрабязныя матэрыялы гэтага даследавання.

Сацыёлагі звяртаюць увагу на своеасаблівы сімптом абвалу «беларускага цуду». Калі цягам сытага перыяду нафтагазавай дурніцы няўхільна расло спажыванне каньяку, то цяпер суайчыннікі мусяць усё часцей пераходзіць на «чарлік».

Ды і на закусі, халера, даводзіцца эканоміць! Задавалася пытанне: «Ці можаце вы сказаць, што за апошнія 2-3 месяцы вы і чальцы вашай сям’і сталі купляць таннейшыя прадукты ды іншыя тавары, чым куплялі раней?». «Несумненна так», адказалі 22,3%, «найхутчэй што так» — 41,0%. Лічы, дзве траціны зацягнулі паясы ў літаральным сэнсе.

«Ці верыце вы, што да 2011 года мы будзем жыць як у Еўропе?» — спыталіся даследчыкі, маючы на ўвазе гістарычную прамову афіцыйнага лідэра на свінакомплексе ў Ляхавіцкім раёне. Электарат не падзяліў аптымізму Лукашэнкі: «не» — 69,2%, «так» — 13,8%.

Пры гэтым 57,3% перакананы, што ў Еўропе жыццё лепшае, чым у нас (адваротны пунт погляду ў 12,2%).

Крызіс трохі прасунуў у масы рынкавыя погляды. Нават сярод тых, хто давярае Лукашэнку, толькі 17,9% застаюцца адэптамі планавай эканомікі. Цікавая дынаміка адказаў на пытанне: «На якім прадпрыемстве вы хацелі б працаваць?». Год таму 44,1% адказалі, што на дзяржаўным, і толькі 28,0% — што на прыватным. Зараз жа суадносіны — 36,5% vs 36,9%. Спаўзанне заробкаў ды прыхаванае паўбеспрацоўе на заводах заўважна змянілі настроі на карысць прыватных гаспадароў.

Найболей жа паказальным ёсць вось што: шок ад крызісу прайшоў, беларусы змірыліся з новай рэальнасцю.

Пасля спаду, выкліканага студзеньскім абвалам рубля, зноў павысіўся ўзровень сацыяльнага аптымізму. Цалкам або збольшага задаволеных умовамі свайго жыцця зноў стала болей, чым незадаволеных.

І калі ў сакавіку толькі 40,0% лічылі, што «становішча спраў у краіне развіваецца ў правільным напрамку», то у верасні такіх стала 53,3%. Практычна як і год таму (53,4%).

Сацыёлагі мяркуюць, што, насуперак апазіцыйнаму стэрэатыпу, цяперашняя ўлада трымаецца не на рэпрэсіях ды адміністрацыйным ціску, а найперш на маўклівай згодзе, падмацаванай патэрналізмам, і «дастаткова прафесійна арганізаванай палітычнай дэмагогіі». Іначай кажучы, народ замбуюць. Грамадская думка лёгка паддаецца маніпуляцыям. А калі хто і супраць, дык паралізуе волю перакананне: усё адно нічога не зменіш!

Цікавая дынаміка меркаванняў у пытанні будаўніцтва АЭС. Раней адносная большасць была супраць. Улада не стала надта палемізаваць, а проста працягвала гнуць сваё. У выніку доля згодных з яе намерам ашчаслівіць нацыю мірным атамам пакрысе расла, расла і зараз перавышае ўжо долю праціўнікаў.

Выглядае на тое, што многія беларусы сапраўды мысляць паводле сакраментальнай парадыгмы, адлюстраванай у анекдоце пра цвік у крэсле: а можа, так і трэба?

І вось яшчэ які парадокс. З аднаго боку, прэзідэнт — на першым месцы ў пераліку вінаватых за пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. На яго павесілі адказнасць 42,7% рэспандэнтаў (на ўрад — 40,7%). З іншага боку, давер да яго застаецца тэфлонавым: у снежні летась (перад дэвальвацыяй) — 48,4%, у верасні сёлета — 49,2% (нават трохі вырас!).

На пытанне, чаму многія давяраюць Лукашэнку, самы папулярны адказ — 44,2% — такі: «Людзі не бачаць, на каго іншага яны маглі б паспадзявацца». У заслугу ж яму ставяць найперш стабільнасць.

Пры гэтым у народу няма асаблівых ілюзій наконт прыроды палітычнага рэжыму. Адносная большасць мяркуе, што цяперашняя ўлада выказвае інтарэсы чыноўнікаў ды бюракратаў. Няўхільна расце доля перакананых у тым, што Лукашэнка «проста імкнецца умацаваць сваю ўладу».

Сацыёлагі НІСЭПД ужываюць трапны выраз расійскага калегі Юрыя Лявады — «лаяльная незадаволенасць».

На думку адмыслоўцаў, менавіта

атамізаванасць беларускага грамадства вядзе да таго, што яно адмаўляецца ад дзеянняў дзеля змены сітуацыі. Няма салідарнасці, звычкі да калектыўнай абароны сваіх інтарэсаў.

Крызіс не прывёў да ўздыму пратэставых настрояў. І найперш — праз расцярушанасць грамады, патэрналісцкія перакананні. Многія беларусы не маюць рэсурсаў (і ці не найперш псіхалагічных), каб спадзявацца на ўласныя сілы. А таксама не навучаныя яднацца, супольна змагацца за свае правы. Таму маленькі чалавек і не думае пра змену палітычнай сістэмы. Маленькі чалавек спадзяецца, што за цяперашняй уладай ва ўсякім разе не прападзе як рудая мыш.

Але гэтая несамастойнасць шараговага люду, адсутнасць моцнага палітычнага класу, неразвітасць грамадзянскай супольнасці пагражаюць непрадказальнымі наступствамі, калі з аўтарытарнай сістэмы раптам выпадзе персаналісцкі стрыжань.

Аляксандр Класкоўскі.

Каментары13

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання55

Мінздароўя: Тарыфы на платныя прыёмы дактароў-спецыялістаў абмяжуюць для ўсіх юрасобаў1

Гадзіннік смерці: новая мабільная праграма прадказвае час вашай смерці5

Ва Уздзе вырасцілі здаравенны гарбуз незвычайнай формы7

Беларусы адкрылі ў Польшчы аўтасэрвіс з запамінальнай назвай5

Як выглядае і колькі каштуе самае дарагое лецішча ў Беларусі2

Трамп прапанаваў Канадзе ўвайсці ў склад ЗША25

Гродзенскім студэнтам на экскурсіі ў турме расказалі пра «самыя камфартабельныя ўмовы»2

Адна з найбагацейшых жанчын В'етнама прайграла апеляцыю. Калі яна не зможа сабраць $9 мільярдаў, яе пакараюць смерцю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →