Візіт Зянона Пазняка ва Украіну. Што вядома і хто яго суправаджае
Гэты тыдзень лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк знаходзіцца ва Украіне. Расказваем, як праходзіць гэты візіт.
Зянон Пазняк за час знаходжання ва Украіне даў больш за два дзясяткі інтэрв'ю. Тэлеканал Espreso назваў палітыка «беларускім дысідэнтам», а рэсурс «Західний інформаційний фронт» — «палітычным гуру Беларусі».
Зянон Пазняк прадстаўляе рух «Вольная Беларусь». У складзе дэлегацыі былі кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу Павел Вусаў і лідар руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі.
Па словах Вусава, ва Украіну яны адправіліся з уласнай ініцыятывы, каб сустрэцца з палком Каліноўскага. Такая сустрэча адбылася, але падрабязнасці не агучваюцца.
Гаворка там ішла пра магчымае развіццё сітуацыі ў Беларусі і ўдзел у ёй каліноўцаў.
«Абмяркоўваліся кірункі палітычнай супрацы, бо полк Каліноўскага задэклараваў сябе як палітычны суб’ект беларускай дэмакратычнай супольнасці і думае, якую ролю і месца будзе займаць у працэсе перамен у Беларусі ў будучым», — кажа Павел Вусаў.
Іншыя мерапрыемствы арганізоўвалі ўжо на месцы.
25 студзеня Зянон Пазняк сустракаўся з беларусамі і ўкраінцамі ў Кіеве. Сустрэча анансавалася на кантрасце змякчанага цытавання Святланай Ціханоўскай слоў Кастуся Каліноўскага. «Ён наўрад ці скажа «чужая акупацыйная ўлада», — напісаў тэлеграм-канал палка Каліноўскага.
На сустрэчы Зянон Пазняк абвясціў, што ўзначалены ім рух «Вольная Беларусь» перадаў палку Каліноўскага аўтамабіль і беспілотнік, сродкі на якія збіраліся беларускай эміграцыяй.
Пазняк адзначаў, што ў Польшчы пад эгідай руху зарэгістраваны фонд, які аблегчыць падтрымку добраахвотнікаў.
26 студзеня дэлегацыя ўдзельнічала ў памінальнай акцыі да гадавіны смерці Міхаіла Жызнеўскага.
У гэты ж дзень была сустрэча з дэпутацкай групай «За дэмакратычную Беларусь».
«Яна зацікаўленая ў падтрымцы ініцыятыў, якія будуць спрыяць, як мінімум, няўдзелу ў вайне Беларусі і, як максімум, вызваленню яе ад расійскай прысутнасці і дэмакратызацыі ў перспектыве, бо без свабоднай дэмакратычнай Беларусі пытанне бяспекі Украіны будзе не вырашаным», — тлумачыць Павел Вусаў.
Пра што казаў Пазняк ва Украіне
Ва Украіне Зянон Пазняк з паплечнікамі з 22 студзеня. Калі ён быў у Львове, яго папрасілі выступіць ад імя беларусаў на ўрачыстасці да гадавіны паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Імпрэзу на мясцовых Лычакаўскіх могілках, дзе пахаваныя паўстанцы, арганізавала польская дыяспара ва Украіне. У ёй бралі ўдзел дыпламаты Польшчы, Літвы, а таксама прадстаўнікі гарадскіх і абласных улад Львова.
«160 гадоў таму народы Рэчы Паспалітай паўсталі супраць свайго адвечнага ворага — Расійскай Імперыі. Паўстанне рыхтавалася некалькі гадоў, — казаў Зянон Пазняк.
— Сёння мы сабраліся, таму што над намі, калі зноў пагражае гэты вораг усім нам, вісіць дух гэтых паўстанцаў, якія пайшлі на смерць, каб гэты дух падымаў цэлыя пакаленні».
У інтэрв'ю рэсурсу Espreso палітык даводзіў, што Крэмль планаваў дзяржаўны пераварот у Беларусі ў 2020 годзе.
«Лукашэнка — нелегітымная фігура ў Беларусі. На Захадзе не прызналі ніякіх выбараў у Беларусі. Аднак для таго, каб далучыць Беларусь да Расіі, Пуціну трэба было разабрацца з Лукашэнкам, — даводзіў ён. — І гэта стала праблемай, таму што Лукашэнка вельмі трымаецца за ўладу.
У 2020 годзе ў Пуціна быў вялікі шанец анексаваць Беларусь, калі б у Крамлі зʼявіўся план замяніць Лукашэнку на прарасійскага кандыдата. Ён падтрымаў пратэсты. Беларусы палічылі б яго сваім выратавальнікам».
На абмеркаванні перспектыў суіснавання Украіны і Беларусі Зянон Пазняк адзначыў, што Расія вядзе вайну супраць украінцаў і беларусаў з мэтай знішчэння нацыянальных асаблівасцяў і акупацыі тэрыторый, перасялення здаровага насельніцтва ў Расію.
«Таму ўкраінцы павінны разумець, што вайна ідзе супраць нашых народаў і нашых дзяржаў. Нас, беларусаў, ужо акупавалі, захапілі і задушылі, а вас яшчэ не, вы бароніцеся, і бароніцеся гераічна, і ўвесь свет глядзіць на вас. І ёсць надзея, што перамога будзе», — казаў палітык.
«З нашай тэрыторыі вас закідваюць ракетамі, але ўсе людзі супраць вайны, супраць Лукашэнкі, ёсць частка, якая пад расійскай прапагандай лічыць, што Пуцін можа мець рацыю, на жаль, такія ёсць, а іх працэнтаў каля 30, а можа і больш, але вайны ніхто не хоча. Нават 85% войска не хоча ісці ва Украіну, не хоча ваяваць, рызыкаваць жыццём, больш за тое, яны разумеюць, што гэтае войска не баяздольнае, і гэта разумее нават Лукашэнка», — запэўніваў ён.
Зянон Пазняк з дэлегацыяй застанецца ва Украіне на некалькі дзён.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
ён называў ціханоўскую "беглай апазіцыяй"
і быў супраць яе вызнання , ён казаў "няхай яна як турыст у Кіеў прыязджае"
Ганьба з такімі сустракацца.
Яны спадзяюцца а) не злаваць дытктатара
б) яны хацяць каб прадстаўнікамі беларусаў былі толькі сілы на тэрыторыі украіны.
А самі нават з днем каліноўскага не павіншавалі, клоуны