«Атлант-М» збіраецца прывезці ў Беларусь новы брэнд з Кітая. Аўтамабілі для беларускага рынку будуць збіраць у Казахстане, піша Office Life.
Гаворка ідзе пра кітайскі JETOUR — гэта адзін з суббрэндаў Chery, які вытворца пазіцыянуе як больш прэміяльную версію гэтай масавай маркі.
На беларускі рынак першую мадэль брэнда JETOUR плануюць вывесці ў I квартале 2023 года.
У сакавіку стартуе продаж красовера JETOUR X70. Аўтамабіль прайшоў сертыфікацыю і можа пастаўляцца ў Беларусь афіцыйна.
Якімі будуць цэны мадэльнага шэрагу на айчынным рынку, у холдынгу «Атлант-М» пакуль не раскрываюць. Ва Украіне цана красовера X70 стартуе прыкладна з $20 тысяч за аўто ў базавай камплектацыі, у Расіі топавую сямімесную версію X70 Plus прадаюць прыкладна за $30 тысяч.
Таксама ў беларускіх аўтасалонах павінны з'явіцца мадэлі X70 Plus, X90 Plus і кампактны красовер JETOUR X1 (Dashing).
Машыны будуць імпартавацца ў Беларусь з завода ў казахстанскім Кастанаі, дзе арганізавана буйнавузлавая зборка.
Імпарцёрам JETOUR у Беларусі стала Кампанія «Атлант-М Альянс», якая прывозіць у краіну Toyota і Lexus.
Каментары