Здароўе

Як мяняецца чалавек з хваробай Альцгеймера? Нейрабіёлаг: Як быццам хтосьці перанёс яго ў чужы свет

Што адчувае чалавек з хваробай Альцгеймера? Ён увогуле што-небудзь адчувае? Чаму ён не памятае імёнаў унукаў, але згадвае выпадкі з уласнага дзяцінства? Адкуль у яго агрэсія? Што прымушае яго распранацца на вачах у іншых? На гэтыя і іншыя пытанні пра тое, як мяняецца мозг пры хваробе Альцгеймера, Onet.pl распавёў нейрабіёлаг з Гданьскага ўніверсітэта прафесар Войцэх Глак.

Healthy brain and advanced Alzheimer’s brain
Здаровы мозг (злева) і мозг чалавека з позняй стадыяй хваробы Альцгеймера. Фота: mediologiest.com

Калі паглядзець на выявы здаровага мозга і пашкоджанага хваробай Альцгеймера, то ў першым выпадку мозг нагадвае толькі што ачышчаны каштан, светлы, тлусты і бліскучы, а ў другім — грэцкі арэх, зморшчаны, высахлы і надкусаны. Пры хваробе мозг змяншаецца, бо адбываецца гібель нервовых клетак. У выніку паталагічных змен памяншаецца не толькі колькасць нейронаў, але і колькасць сувязяў, якія яны ўтвараюць адно з адным.

Прафесар Глак адзначае, што ў некаторых пацыентаў паражэнні могуць узнікаць з 35 гадоў — гэта можа быць звязана са спецыфічнымі генамі, якія павялічваюць хуткасць паталагічных змен. Але нават пры самай тыповай форме хваробы, калі дыягназ ставяць пасля 65-ці, можа быць такое, што павольныя і назапашвальныя адмоўныя змены з’яўляліся цягам некалькіх гадоў да першых бачных сімптомаў.

Усім вядома, што асноўныя сімптомы хваробы Альцгеймера — гэта страта памяці і ўвагі, а таксама апатыя і адчужанасць. Але такія сімптомы мы часта адчуваем і ў маладыя гады. Як адрозніць іх ад прыкмет сур'ёзнага захворвання?

Па словах доктара, у выпадку хваробы Альцгеймера інтэлектуальная дзейнасць пагаршаецца куды больш хутка, а таксама незваротна. І яе немагчыма «палепшыць» з дапамогай адпачынку і памяншэння стрэсу.

Спачатку праблемы толькі з кароткачасовай памяццю. Але з часам пацыент забывае і тое, што было даўно

У першай фазе ў хворага ўзнікаюць праблемы з запамінаннем таго, што адбываецца ў яго жыцці цяпер, бо на гэтай стадыі пашкоджваюцца тыя ўчасткі кары галаўнога мозга, якія ўдзельнічаюць у стварэнні новых слядоў памяці. Пры гэтым хворы можа адносна свабодна аперыраваць успамінамі пра маладосць.

Аднак з часам і з гэтым узнікнуць праблемы, бо пазней пашкоджваюцца іншыя ўчасткі мозга, парушаецца структура памяці. Хворы траціць здольнасць называць рэчы, з якімі сутыкаецца штодзень, бо ў структуры яго мозга гінуць нейроны і адсутнічаюць тыя вобласці, што адказваюць за захаванне памяці аб прадмеце, яго назве і значэнні.

Чалавек, які пакутуе ад хваробы Альцгеймера, можа пазнаваць некаторыя рэчы, яны могуць здавацца яму знаёмымі, але ён не можа іх назваць, зразумець, для чаго яны. Тое самае датычыць і прасторавай памяці: хворы не пазнае знаёмых мясцін і не арыентуецца, дзе знаходзіцца.

Агрэсія, дзіцячыя паводзіны, страта сораму

Па словах доктара Глака, пры хваробе Альцгеймера агрэсія пацыентаў не становіцца больш моцнай, чым у здаровых людзей. Яна кідаецца ў вочы толькі таму, што пацыент яе не рэгулюе. Лекар адзначае, што мы ўсе адчуваем агрэсію, проста ўмеем яе падаўляць, у той час як у пацыентаў з Альцгеймерам «механізмы кантролю ідуць да чорта».

Характэрнай стадыяй развіцця хваробы таксама становіцца страта сораму і маральных арыенціраў. Хворыя людзі робяцца вельмі непасрэднымі і часам вульгарнымі: яны могуць хадзіць без адзення, спаражняцца ў грамадскім месцы, красці і іншае. Чаму так адбываецца?

Як адзначае доктар Глак, у медыцыне гэта называюць «эмацыйнай растарможанасцю». Вядома, што эмоцыі робяць наша жыццё яркім, падказваюць, якое значэнне для нас мае тая ці іншая сітуацыя. Але каб эмоцыі намі не кіравалі, нашы паводзіны рэгулюе прэфрантальная кара мозга. Напрыклад, калі нас хтосьці раздражняе, эмацыйная сістэма кажа: «Трэба з ім пабіцца». Але прэфрантальная кара дадае да працэсу прыняцця рашэння сацыяльны аспект і абмяжоўвае эскалацыю эмоцый, аддаючы перавагу сацыяльна прымальным паводзінам.

Пры парушэнні прэфрантальнай кары ў хворага ўзнікаюць праблемы з шырокім разуменнем сітуацыі і з вызначэннем таго, якія паводзіны адпавядаюць сацыяльным рамкам. Іншымі словамі, ён губляе кантроль над сваімі эмоцыямі. Чалавек становіцца непадобным да самога сябе, але гэта праз тое, што ўчастак мозга, які адказвае за кантроль над эмоцыямі, пашкоджаны.

З-за гэтага пра пацыентаў з Альцгеймерам кажуць, што яны паводзяцца як дзеці. Бо мы асацыюем дзяцей з імпульсіўнасцю, бескантрольнасцю, такімі чыста фізіялагічнымі рэакцыямі, як плач, смех, бачная на твары злосць або радасць.

Old woman holding mug and sitting in the bedroom
Фота: Freepik.com

Нестабільнасць паводзінаў

Адна з асаблівасцяў хворых на Альцгеймера — тое, што кагнітыўныя страты прагрэсуюць у іх нелінейна: напрыклад, сёння чалавек паводзіў сябе лепш, чым учора, а заўтра — зноў горш, што вельмі цяжка для навакольных.

Доктар Глак звяртае ўвагу, што розніца ў працы мозга характэрная і для здаровых людзей: калі мы адпачылі, мозг працуе лепш, калі стаміліся — горш. Тое самае і ў хворых на Альцгеймера. Іх стан залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад часу сутак, спецыфікі месца, эмоцый, якія адчувае хворы, агульнага ўзроўню стомы — усяго, што ўплывае на ўзбуджэнне кары галаўнога мозга.

Змены таксама ўзмацняюцца перыядамі прыгнечанага настрою, уласцівага хваробе Альцгеймера. Хранічны стрэс, як і дэпрэсія, пагаршаюць працу мозга і ўплываюць на кагнітыўныя здольнасці.

«Хто я?» Як хворы ўспрымае сябе?

Калі хворы чалавек не можа выкарыстоўваць сваю памяць, ён страчвае здольнасць выказваць аналітычныя меркаванні. «Ён страчвае сябе. Асобу. Няма доступу да даных для самарэфлексіі», — кажа доктар Глак.

Мабыць, у гэтым ёсць нават нейкае суцяшэнне? Бо чалавек, які пакутуе ад хваробы Альцгеймера, можа не да канца ўсведамляць сваё драматычнае становішча.

«Калі вы хочаце ўявіць, як гэта, то гэта як быццам бы нехта перанёс вас у чужы свет, з іншымі людзьмі і прадметамі, ні да чога не падобнымі. Вы б пачуваліся вельмі напружана. Такую пакуту, моцны стрэс, непрыемныя эмоцыі пацыент з хваробай Альцгеймера адчувае ўвесь час. Аднак, калі няма паўнавартаснай самарэфлексіі, ён можа не да канца ўсведамляць, што раней усё было інакш і лепш. Разуменне гэтага для сваякоў хворага можа быць у нейкім сэнсе суцяшэннем», — кажа доктар Глак.

Вядома, тут размова ідзе пра запушчаную форму захворвання. На ранніх стадыях гэтыя функцыі захоўваюцца, хоць па меры прагрэсавання хваробы яны могуць парушацца ўсё больш і больш.

Чытайце яшчэ:

Не зафіксавана ні аднаго выпадку, каб чалавека вылечылі: хвароба Альцгеймера

Лобна-скроневая дэменцыя. Што за хвароба, на якую хварэе Брус Уіліс?

Тры метады перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі

Чаму 3000 гадоў таму чалавечы мозг быў большы

Каментары

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

У Ашмянах сёння было мінус 8,8°С2

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →