КДК узяўся за медцэнтр «Новы зрок», абвінавачваюць у заробках «у канвертах»
Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што Дэпартамент фінансавых расследаванняў выявіў факты выплаты заробкаў «у канвертах» кіраўніцтвам медыцынскага цэнтра «Новы зрок».
ДФР сцвярджае, што за апошнія 5 гадоў кіраўніцтву і спецыялістам медыцынскага цэнтра было нібыта выплачана «ў канвертах» звыш 2,5 млн рублёў, і прымянялася такая схема ў дачыненні больш чым 50 работнікаў медцэнтра.
«Па-шэраму» нібыта маглі плаціць ад 200 рублёў медперсаналу да 9 тыс. рублёў лекарам-спецыялістам і кіраўніцтву медцэнтра.
Галоўны падазраваны — «фактычны ўласнік медцэнтра, які пастаянна пражываў у Літве», а грашовыя сродкі на такія выплаты «пераважна паступалі на тэрыторыю рэспублікі з-за мяжы ў выглядзе наяўных грашовых сродкаў у замежнай валюце (перадаваліся розным асобам, якія перасякалі дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь)».
У дачыненні да фактычнага ўладальніка медцэнтра і чатырох яго работнікаў завялі крымінальную справу, на маёмасць падазраваных накладзены арышт.
Каментары