Алена Зяленская падчас візіту ў Сеул заклікала Паўднёвую Карэю больш актыўна дапамагаць Украіне
Першая лэдзі Украіны Алена Зяленская сустрэлася з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёлем у аўторак у Сеуле і заклікала да «больш радыкальнай» падтрымкі Украіны ў барацьбе супраць Расіі, піша Бі-бі-сі.
Зяленская, між іншым, папрасіла нелятальную вайсковую дапамогу ў выглядзе мінашукальнікаў. Яна таксама падняла пытанне аб магчымым візіце Юна ва Украіну, заявіўшы, што візіт будзе «вельмі карысным», а Украіна «заўсёды чакае сваіх сяброў».
«Такі візіт вельмі падтрымаў бы ўкраінцаў, бо гэта спосаб падзяліць з намі нашу канфрантацыю, прынамсі, на адзін дзень нашага жыцця», — паведаміла Зяленская.
Да цяперашняга часу Паўднёвая Карэя давала толькі гуманітарную і эканамічную дапамогу Украіне, аднак на пачатку мая прэзідэнт Юн Сок Ёль, які быў тады з візітам у ЗША, на пытанне аб магчымасці паставак зброі Кіеву адказаў, што гэты варыянт разглядаецца.
Сёння прэзідэнт выказаў «падтрымку і салідарнасць народа Паўднёвай Карэі з Украінай, а таксама найглыбейшыя спачуванні сем'ям загінулых», гаворыцца ў паведамленні яго офіса.
«Ні пры якіх абставінах нельга дапускаць прымянення сілы і бесчалавечных дзеянняў, якія наносяць жудасную шкоду нявінным жыццям, асабліва жанчынам і дзецям», — адзначыў прэзідэнт.
Офіс прэзідэнта Паўднёвай Карэі ў мінулым месяцы паведамляў, што пастанова Сеула аб адпраўцы вайсковай дапамогі Кіеву залежыць ад дзеянняў Расіі; буйны напад на мірных жыхароў можа схіліць шалі.
Каментары